Маня спачатку разгубілася: браць ці не? Возьмеш — як бы аванс які выдасі. Адмовішся — бяду наклічаш. Што ад п’янага чакаць? Яна працягнула руку, узяла валошкі, знарок манерна прысела ў знак падзякі. Чэсь гэтаксама манерна пакланіўся, але не ўтрымаўся на нагах, хіснуўся і ножыкам кальнуў Маню ў бок. Не моцна, але балюча. Відаць, і сам спалохаўся, а Маня ад нечаканасці ўскрыкнула:
— Ты што робіш, паўдурак? Вочы засляпіла? Глядзі ты, зарэжа, і не знайся... — яна абвяла позіркам прысутных. — Каб ты заўтрашняга вечара не прыждаў...
Гэлька ж спачатку паспрабавала супакоіць больш лагодна:
— І праўда, Чэсь, перастань прыдурвацца... Чаму ты гэдакі? — а калі ўбачыла, што ў Мані паказалася кроў, закрычала немым голасам: — Ой, ратуйце, забіваюць! Я яму зараз пазурамі вочы павыдзіраю! Пустадомак! От пустадомак, што нарабіў!? — не сціхала Гэлька. — Прычапіўсё без дай прычыны... І не баіцца нікога, каб ты ценю свайго баяўсё...
Пачалі крычаць і падлеткі. Маня ў гэты час задрала сукенку, не пасаромелася прысутных, і ўсе разам аглядалі рану. Яна была невялікая. «Во боўдзіла, — думала Маня. — Парэзаў і не знайся, дурэц гэты...» Сцерлі кроў, але яна выступала зноў. Маня не апускала сукенкі, каб не заплямілася, і ўвесь час шоргала рукой каля ранкі. Дзіўна, але букет з рукі не выкінула, ці то забылася, ці то шанавала. А калі стаў перашкаджаць, аддала Гэльцы:
— На, патрымай...
— Яшчэ чаго? — узвілася тая. — Патрэбен мне гэты венік, як сабаку пятая нага! Выкінь і ты яго...
Маня на імгненне задумалася, а пасля паклала кветкі на траву — яны ж не вінаватыя. Побач з пацеркамі расы валошкі выглядалі вельмі прыгожа. Яна нават затрымала на іх свой позірк. І ёй у гэтай нязвыклай і небяспечнай сітуацыі нечакана згадалася апошняя навальніца, што шалёна пранеслася над Язаўцом незадоўга да ігрышча.
Спачатку загрукатаў гром. Пярун, як звыкла казалі хутаране, што гучала больш грозна і небяспечна. Перш далёка і глуха. Але Маня, якая ў гэты час выбірала лебяду з бульбяных разораў, адразу падняла галаву, зірнула на неба. Далёка-далёка на яго схіле, там, дзе блакітны купал апіраецца на нябачныя адсюль палеткі, цямнела невялікая хмара.
Маня міжволі перавяла позірк на сваю сядзібу. Ціха там, бязлюдна, кожны сваім клопатам заняты. Хто дзе. Адно хата па-сіроцку бліскае на сонцы праз вішнёвыя галіны шыбінамі-вачыма. А што будзе, падумалася нечакана, калі хмара гэтая сюды дапаўзе? Дзе заспее яна людзей? Хоць і кажуць, што з вялікай хмары малы дождж, ды сёння не выглядае на тое. Можа добрая навальніца быць. Маня ўжо набралася вопыту разбірацца ў з’явах прыроды, прадчуванне ўсё часцей не падводзіць яе.
Хмара і сапраўды набліжалася, налівалася чарнатой, станавілася пагрозлівай. У тым баку ўжо цямнелі неба і паветра, як бы таямнічая дагэтуль ноч увачавідкі выяўляла свае здольнасці. Ужо і пярун на сваёй калясніцы імкліва набліжаўся. Гром грукатаў з большай пагрозай, нібыта папярэджваў альбо сварыўся за нешта. Ужо і маланкі сталі відны — як не на паўнеба разлівалася іхняе святло. І не адно да зямлі скіраваныя, а і папярок неба, як бы разразалі яго, а то і адна скрыжоўвалася з другою, асвятляючы хмару і робячы яе яшчэ страшнейшай.
«Не, не абыдзе бокам, — падумалася Мані. — Каб хаця бацькі паспелі вярнуцца і хлопцы».
Сама яна таксама прыкінула, колькі часу спатрэбіцца, каб да двара дабегчы, калі што якое.
Хмара расла і чарнела проста на вачах. Нечакана наляцеў шквалісты вецер. Турзануў Маніну касу, выблытаў яе з заколак і папусціў на плечы. Маня схапіла яе, звіла ў клубок і мацней прышпіліла на патыліцы. Вецер, відаць, ішоў нізам, бо нават бурачнае лісце сагнулася так, што ледзь не слалася па зямлі, а дзябёлая лебяда сваімі вярхамі ажно шкрабала па ёй.
Маня зразумела, што пара бегчы дамоў.
Вецер у вішнёвых прысадах быў мацнейшы. Ён бушаваў тут ваўсю, гнуў і круціў дрэвы, матлашыў агародныя пасадкі. Нават ісці супраць яго было цяжка. Даводзілася прыгінацца і з усёй сілы схіляцца наперад, каб не перакуліў. Але калі б ён раптоўна аціх, то, напэўна, цяжка было б утрымацца на нагах і можна паляцець потырч. Сукенка Маніна як не ўліпала ў цела, каса зноў звалілася і матлялася за спіной.
Здавалася, што гэта цяжкая хмара прыціскае ажно да зямлі. Пацямнела так, што выдавала за надвячорак.
У двор паспешна ўехалі калёсы з бацькамі, Жэняй і малым Паўлікам. Ён чамусьці асабліва радаваўся ветру, таму, як гнуцца моцныя дрэвы, а з іх аблятаюць адламаныя сукі:
— Глядзі, як длэвы лятаюць, — радасна паказваў пальцам.
— Цішэй ты, сынок, бо гэта нядобры вецер, — супакойвала яго матка.
Не паспела яна гэта прамовіць, як вецер узвіхрыўся яшчэ больш. Ён як