Выбрать главу

бы круціўся па надворку, узлятаў знізу ўгару, падымаў і кружыў смецце. Да гэтага далучаўся моцны і працяглы гром, а святла, яркага і калючага, дадавала порсткая маланка.

— Бяжы ў хату, сынок, — загадала матка, а сама памагала бацьку распрэгчы вала, каб паставіць яго ў хлеў. — Жэня, і ты ідзі з ім, каб не баяўсё адзін.

Але тыя не спяшаліся — бо ў хаце будуць адны, а тут усе разам.

Раптоўна вецер рвануў так, што Маня ажно хіснулася. Яна сагнулася, і нечакана на спіну ёй паляцела салома. Маня не паспела зразумець адкуль, як матка закрычала на ўсю моц:

— Глядзі, Міхась, што вецер робіць!

А вецер і сапраўды рабіў вялікую бяду: ён лёгка гуляў па саламянай страсе, сям-там падымаў пучкі саломы, нібыта правяраў, ці моцна прымацавана яна да латаў, ці добра падбіта стрыхоўкай. Адчувалася, што страха проста дыхае, яшчэ адно намаганне, яшчэ адзін парыў, і яна адарвецца ад хаты і вялізным няўклюдным птахам паляціць над палеткамі. Не ўтрымаўся вецер, задраў яе ў некаторых месцах так, што ажно засвяціліся латы. Бацька моўчкі схапіў лескі, прыставіў іх да страхі, знайшоў нейкую дошку і пачаў па перакладзінах цягнуць наверх, каб прыкрыць дзірку, не даць ёй разрастацца. Матка кінулася памагаць:

— І дзе гэта хлопцы падзеліся? Ці паспеюць вярнуцца?

Бацька злосна прыпыніў яе:

— Не лезь, бо калі віхляне дошка, то абязвечыць.

— Чаго ты завінуўсё? Пасварыцца хочаш? Дак не час...

— І я кажу, што не час. Не лезь сюды, — адганяў Міхась жонку. — Я і сам дам рады.

Ён падняў дошку на страхою, занёс адзін яе канец, каб пакласці як мага вышэй. І не ўтрымаў. Вецер рвануў з усёй сілы, дошка, як лёгкая пярынка, вырвалася з рук, віхлянула ў паветры, паднялася над страхой, праляцела ў адзін яе канец, пасля крутнулася назад і пляснулася на надворак, акурат ля самых ног Мані. Тая ажно ўтрупела, не паспела ачомацца і зразумець, што адбылося. Адно матка нема закрычала:

— А Божачка, Маню забіла...

Бацька кулём зляцеў з лесак, якія таксама ледзь не грунуліся на зямлю. Збялелы, ён зірнуў на дачку, але ўбачыў, што яна цэлая, крыкнуў:

— Бяжыце ў хату! Паразяўлялі раты, як вароны... Калі не пазабівае, то пакалечыць... Ідзіце адсюль!

Маня з Жэняй схапілі Паўліка, які спалохана крычаў, — куды падзелася ранейшая радасць, і ўскочылі ў сені. Дзверы за імі зачыніліся з моцным грукам, ледзь не стукнулі па плячах. У гэты момант на надворак прыскочылі задыханыя Янак, Саша і Косцік. Уся сям’я была ў зборы.

— Авой, што нарабіла?! — Янак здзіўлена пазіраў на страху.

Бацька зноў ухапіў тую дошку, папрасіў Янка памагчы, а сам палез на

лескі. Ды не паспеў. Новая пакручастая хваля ветру ўдарыла яму ў плечы. На гэты раз з дажджом.

— Злазь, тата, — папрасіў Саша. — Усё адно не паспееш. А то і цябе сарве...

— Сарве, сарве, — злосна агрызнуўся бацька. — А што страх_у можа ўсю садраць, то нічога?

— І праўда, злазь, — падала голас матка. — Мо і не сарве больш. А калі і сарве, то паправіш, калі жывы будзеш...

— А ты ўжо і пахавала мяне, — крахтаў бацька, злазячы, аднак, з лесак.

Неспадзявана моцная летняя навальніца апусцілася над хутарам Яза-

вец. Яна малаціла па бульбяных палетках, булькала вадой па разорах, прыгінала долу вялікія ўжо каласы збажыны, вытрапанай кудзеляй хістала над самай зямлёй аксамітны дыван зялёнага лёну. Нават дрэвы не маглі супраціўляцца ёй, яны нібыта крахталі ад цяжару вады на сваіх галінах.

З-за сіваватай вадзяной лавы не стала відно ні неба, ні хмары, з якой яна лілася. Нават бліжэйшых дрэў не ўбачыш. Сцяна гэтая рухалася імкліва, напорыста, грозна. Разам з няспыннымі маланкамі і аглушальнымі — ажно на ўвесь свет — раскатамі грому: пярун стараўся ваўсю. Маня не магла зразумець, за што так сварыцца нябесны жыхар на зямных пакутнікаў. Было толькі бачна, як адна за другой клаліся збожжавыя палосы, увачавідкі мяняючы святлейшы, бо сухі, колер на цёмны — мокры. Магло падацца, што з мальбой аб літасці становіцца на калені перад грознай стыхіяй усё жывое на гэтай зямлі.

Касы дождж быў такі густы, што ў яго і іголку сухой не ўточыш. Адзенне прамокла адразу. Гэтая вадзяная сцяна з усяго маху пляснулася ў сцяну хатнюю, як бы выпрабоўвала яе на трываласць альбо хацела пабарукацца. Здаецца, ажно бярвенні трывожна застагналі. Залева ж прыціснула задраную салому і ўсім цяжарам палілася на страху. Добра, што самая вялікая дзірка была над сеньмі — хоць што тут добрага, калі вада ў хату льецца. Адно суцяшала, што не над печчу ці сталом, а то паплыло б усё чыста.

Пад дажджавы струмень са страхі матка падстаўляла пустое вядро. Яно напоўнілася ўмірг вока. Янак схапіў яго, выплюхнуў за парог, упусціўшы пры гэтым добрую порцыю вады ў сені, і зноў падставіў пад дзірку. Але вады наплюхалася і на выплесканы і выгладжаны нагамі земляны ток, што служыў заміж падлогі, таму ногі ажно коўзаліся па яго слізкай паверхні, а праз пальцы босых ног вада з гразёю фантанчыкамі пульсавала ўгару.