Выбрать главу

Ад другога і трэцяга моцнага парыву ветру з дажджом ажно затрашчалі кроквы. Маці не вытрымала, перахрысцілася, схапіла з покуці ікону святога Мікалая Угодніка і хацела з ёю выбегчы на надворак, каб тройчы абнесці хату. Але дарогу ёй заступіў бацька:

— Ты куды, Волька?! Звар’яцела?

— Дак трэба ж... Каб не было якой бяды.

— Я ж сказаў табе, — прамовіў бацька. — Ну чаму ты такая, Волька?

Маці спынілася ў сенях, трымала перад сабой ікону і гучнаватым шэп-

там, які заглушаўся амаль несціханым раскацістым громам, малілася. Тут жа стаялі Саша з Янкам. Было так цёмна, што хоць ты лямпу запальвай. Але матка адно папрасіла Маню:

— Запалі ты, дачушка, грамнічную свечку і пастаў у шклянцы з ячме­нем на стале.

Маня ўскочыла ў хату, хуценька зрабіла так, як прасіла матка, і зноў вярнулася ў сені. Тут хоць не было відно страхатлівых бляскаў маланкі, адно раз за разам святлела ад яе дзірка ў страсе.

Маня, як і матка, са страхам пазірала туды, баючыся, каб, не дай Бог, не загарэлася салома альбо не задзірала страху далей. Бо тады можа ўсю салому скаціць, як адным кулём. А за страхой можа не ўстаяць і хата — раскоціць яе па бярвенцы, рассыпле па зямлі, як бы і не было нічога. І знікне са свету іхняе ўтульнае гняздзечка...

Дзірка нязвыкла бялела на цёмнай страсе, як нечаканая рана на целе, што дадавала яшчэ большага страху. Праз яе няспынна лілася вада. Макрэчы хапала ва ўсёй хаце.

Нечакана моцна заплакаў Паўлік, Жэня намагалася накрыць яго з галавой кудзельнай коўдрай, каб не даймалі бляскі маланкі.

— Не наклывай мяне, — крычаў ён і брыкаўся. — Баюсё...

Больш парывы ветру не паўтараліся, ён гэтак жа нечакана, як і наляцеў, аціх. Дождж выпрастаўся, але ліў гэтак жа густа. З хаты пачуўся пакрыўджаны голас Паўліка:

— Мама, а на мяне дождж капае...

Матка, шлэпаючы бруднымі мокрымі нагамі па таку, падбегла да сына і ўбачыла, што на яго і сапраўды праз дошкі столі цячэ штораз большы струмень.

— Міхась, мусіць яшчэ недзе страху сарвала, — звярнулася яна да бацькі, а Сашу загадала: — Нясі вядро, чаго стаіш, хібя не бачыш, што цячэ?

Паўліка ўзяў на калені бацька, а на ложак паставілі вядро. Пырскі з яго разляталіся па коўдры, таму давялося ўсё зняць і пакласці на печ, нават сяннік.

Несціхана бухаў пярун, малаціў, як сто цапоў на таку. Маланка ажно сляпіла праз вымытыя і залітыя тонкай вадзяной занавескай вокны. І было не разабраць, што ідзе за чым: маланка за громам ці гром за маланкай. Часам музыка гэтая, якую не параўнаць з Васілёвай, была няспыннай. У адзін з такіх момантаў нязвыкла моцны грукат прагучаў адначасова са сляпучым бляскам маланкі. Здавалася, што ад вялізнага воза адарвалася аграмаднае кола і з усяго маху пакацілася-пагрукатала па буйным каменні ў апраметную. Маці перахрысцілася зноў:

— Ратуй, Божа, нас грэшных тваім заступніцтвам!

Маня закружылася па хаце з заплюшчанымі ад страху вачыма і прыгнутай галавой. Паўлік, седзячы на каленях, загаласіў, уткнуўся галавой у бацькаў жывот і рукамі закрыў вочы. Угнулі галовы нават Косцік і Саша.

Бацька ж трохі хрыплаватым голасам прамовіў:

— Відаць, у вішню пярун стукнуў... Бо блізка вельмі...

— Хоць бы не ў хату, — як бы папрасіла матка. — Бо не паспеем і клункі павыносіць.

На летні час многія хутаране і праўда звязвалі ў дзяружкі найбольш патрэбныя рэчы, каб можна хутчэй ратаваць іх у выпадку чаго. Бо навальніца не пытаецца, калі прыйсці, а громам не пакіруеш — усе лічылі, што менавіта ён запальвае пабудовы, а не маланка. Асабліва рупіліся гэтым пасля бяды ў Баярах: калі мінулым летам гром запаліў там хату, гаспадары не паспелі нічога вынесці — згарэла ўсё дашчэнту. А каб было звязанае, то хоць нешта ацалела б.

Навальніца бушавала не больш як дзесяць хвілін, але бяды нарабіла вялікай. Выліваючы ваду з вядра, Янак заўважыў, што да хлява, убок якога нахілены надворак, нясецца сапраўдная рака.

— У хлеў, відаць, нацячэ, — сказаў ён.

— А я колькі казала пракапаць раўчук, каб міма ваду пусціць. Дак вам усё часу няма, — дакарала матка адразу ўсіх.

Мані ж здавалася, што гэтая разбуральная навальніца-нахабніца не перастане ніколі, што доўжыцца яна ўжо цэлую вечнасць.

Аднак моцная залева аціхла. Толькі даўгавата яшчэ сцябаў зямлю спакойны і ціхі дождж. На надворку, асабліва там, дзе былі ямкі і каляіны ад калёс, стаяла сапраўднае азярцо. Дажджавыя кроплі ўтваралі на ім вялікія бурбалкі, адны з якіх адразу ж лопаліся, другія ў выглядзе нейкіх дзівосных празрыстых паўсферычных караблікаў плавалі сярод травінак, што апынуліся пад вадой.