Выбрать главу

— Доўгі дождж будзе, — заўважыла матка. — Бачыце, якія бурбалкі стаяць...

А на дварэ моцна святлела, святлей стала і ў сенях. Янак адразу выскачыў на надворак. Ён і без таго быў мокры, бо пільнаваў дзірку, з якое капала і на яго. За ім выйшаў бацька — адразу задзёр галаву на страху. «Цэлая!», — радасна падумаў сам сабе. Хоць якая там радасць, калі чубоў, задраных ветрам, было шмат. Ды і некалькі новых дзірак з’явілася.

Янак жа пайшоў у вішнёвыя прысады — паглядзець, ці праўда пярун папаў у дрэва. Адтуль пачуўся яго поклічны голас:

— Тата, хадзі сюды!

Калі бацька падышоў, паказаў:

— Глядзі, што нарабіла...

Бацька найперш зірнуў на дзіўна белую паласу на ствале высокай і галіністай вішні з абламанымі сукамі. З аднаго боку кара была садрана цалкам — ад вяршыні да самай зямлі. Яе ашмёткі валяліся побач. А праз сцежку як бы крот нару сваю пракапаў: невялікімі бугаркамі тапырыўся роўненькі шнурочак, сям-там з кусцікамі травы. З абодвух бакоў даволі шырокай сцежкі былі дзве адтуліны. Акурат насупраць кратовага шнурочка. З аднаго боку, што бліжэй да вішні, берагі абсмаленыя, зямля там пачарнела.

— Маланка нарабіла, — прамовіў бацька. — Ці мо гром... Стукнула ў вішню, прайшло пад зямлёй і выйшла з другога боку сцежкі. Каб не вішня, то мо ў хату стукнула б, згарэла б, як свечка...

А матка ў хаце ўздыхнула з палёгкай, перахрысцілася, патушыла грамнічную свечку і павесіла ікону на ранейшае месца на покуці:

— Дзякаваць Богу літасціваму, абнясло... Дзякуй табе, Мікалаюзаступнічак... — і зноў паклала на лоб крыж.

Надворак, агарод, сад, поле за ім — усё выглядала абноўленым і чыста вымытым: як бы да Вялікадня падрыхтавалася. Міхась рушыў па сцежцы ў канец прысадаў, каб паглядзець на жытнёвы палетак, што быў найбліжэй да хаты. У канцы спыніўся — і востра кальнула ў грудзі: высокія сцябліны спрэс ляжалі на зямлі, былі пакручаны, месцамі ўбіты ў зямлю так, што, здавалася, там наогул ніколі нічога не расло. Адно надзіва высока тырчалі не паламаныя валошкі.

— Ну, што там? — гукнула наўздагон Волька. — Выстаяла жыта? Га?

— Дзе там, — роспачна адказаў муж. — Паклала, пабіла, пакруціла... Шмат шкоды нарабіла. Без хлеба мо будзем...

— А Божачка, а за што ж нас так пакарала, — ледзь не заплакала Волька. — І хату раскрыла, і жыта спляжыла, і на агародзе бяды нарабіла, пабіла буракі, спляскала гуркі... І пярун ледзь не ў хату бабахнуў... Чым мы так правініліся перад Госпадам?

— Годзе кудахтаць, — прыкрыкнуў Міхась. — Тваім шласам бядзе не паможаш. Неяк жа будзе... Не памром, калі дагэтуль не памерлі...

— Дзякуй табе, супакоіў, — ці то з’едліва, ці то абнадзеена адказала Волька і палезла ў агарод, каб нешта там паправіць, але ногі ўтапіліся ў размяклай зямлі вышэй костачак, і яна вярнулася на надворак, плюхаючы ступакамі ў каляіне з вадой...

Паветра пахла свежасцю і невядомым — мо нябесным? — водарам. Дыхай хоць на ўсе грудзі і то не надыхаешся. А водар як бы сам уліваецца ў нутро, выклікае нязвыклую ажыўленасць і бадзёрасць, абуджае незнаёмыя пачуцці.

Гэтым, відаць, узрушаны і малы Паўлік. Ён смела выскачыў на надворак, убачыў, што на плот засвяцілі першыя праменні сонца, якія ўжо выбіліся з-за адпоўзлай хмары, і ажно затупаў па зямлі. З-пад ног і праз пальцы пырснулі струменьчыкі вады, заплямілі кашулю. Аднак гэта рассмяшыла яго яшчэ больш.

З куратніка павылазілі асмялелыя куры, якіх вёў за сабой, высока задраўшы галаву, растапырыўшы хвост і пазіраючы навокал пераможным позіркам, — нібыта гэта ён спыніў разбуральную навальніцу, чырванагруды певень. Куры страсянулі крыламі, выцягнулі шыі, залапаталі, быццам атрасалі з цела нябачныя кроплі, закокалі: «Ко-ко-ко-ко...» і па больш сухім, ля сцяны хаты, пацягнуліся ланцужком за сваім важаком.

І тады Паўлік, махаючы ручкамі, як малымі ветракамі, пусціўся па надворку, проста па лужынах, па каляінах з вадой. Вада абпырскала яго з ног да галавы, доўгая кужэльная кашулька прамокла да ніткі. Але гэта не палохала яго, адно паддавала імпэту, абуджала жаданне пабарукацца з гэтай халодзячай ногі навальнічнай вадой. Ён весела смяяўся і так захапіўся бегам, што не ўтрымаўся, спатыкнуўся ў каляіне і потырч паляцеў у травяністую лужыну. Але не заплакаў, а нечакана весела засмяяўся.

Матка, якая назірала за гэтымі выбрыкамі сыночка, спачатку спалохалася, кінулася падымаць яго, але калі ўбачыла, што смяецца, спынілася. Усміхнуліся і іншыя, што назіралі за гэтай сцэнай. А бацька прамовіў: