— Хай пакупаецца, вада не брудная... Да таго ж дажджавая, карысная, усе хваробы змые...
Матка ж як бы сама сабе запярэчыла:
— Навальнічная вада... Неспакойная, бунтоўная. Каб не перадалосё гэта і сыночку нашаму... А то бунтаваць пачне і палохаць людзей, як пярун...
Маня ажно сама сабе ўсміхнулася ад нечаканай згадкі. Гэта заўважыла Гэлька і здзіўлена прамовіла:
— Ты што-о-о? Звар’яцела? Чаго ты смяешся, га? Маня?
— Не, нічога, я так, — спахапілася тая. — Успомнілася нешта, — неахвотна патлумачыла і зноў выцерла струмок крыві...
Пачуўшы ўвесь гэты галас і яшчэ не ведаючы, якая рана ў Мані, Васіль падскочыў да Чэся, схапіў ягоную руку, закруціў за спіну. Чэсь войкнуў і праз зубы выціснуў:
— Пусці! Баліць...
— Ачахні. А Мані не баліць? Не баліць, га? — злосна пытаў Васіль. — Адно табе? Чаго ты да яе прычапіўсё без дай прычыны? Што, мазгі адпіў? Дак я табе іх зараз настрою, — і Васіль заехаў Чэсю добрую поўху. Той зноў войкнуў, мацюкнуўся, моцна крутнуўся і вырваў руку.
— Ага, дак вы ўсе на мяне!? — закрычаў. — Я вас зараз усіх пачыкаю і пачырыкаю, — ён наставіў ножык і пачаў злосна абводзіць затуманеным позіркам прысутных. — Укакошу каго-небудзь...
Крык памацнеў, бо такога выяўнага нападу ніхто з іх яшчэ ні разу не бачыў. Але пасля адбылося нешта незразумелае. Ніхто і апамятацца не паспеў, як да Чэся падскочыў нехта не з іхняй кампаніі, з усяе сілы штурхануў таго ў грудзі.
— Жорык?! — здзіўлена выгукнула Маня, калі пазнала Бандзюковага Жору. — Што ты тут робіш? — задала яна недарэчнае пытанне.
— Цябе ратую, — гэтак жа здзіўлена адказаў хлопец. — Хто каго выцяў? — спытаў ён.
Сапраўды, гэта быў Жора Бандзюк. Відаць, ён з нейкай дзяўчынай таксама гуляў каля лугу: вось адкуль тыя іншыя сляды на расе. Калі пачуў узбуджаную гамонку і крыкі, кінуўся на дапамогу. А мо і нечым іншым займаўся, бо прыезджыя Бандзюкі наогул жылі неяк таямніча, загадкава. Загадкавым было і само іхняе з’яўленне на хутары. Невядома адкуль прыехалі — ніхто не мог дапытацца: то аджартоўваліся, то казалі, што з гэтага свету, як і ўсе. Аднак на здзіўленне хутка пабудавалі хату каля Школьнага лесу — апыталі старую ажно ў Малаедах, дабралі новага лесу — і адкуль толькі грошы? — і неўзабаве невялікі, але ладны чорна-жаўтлявы ад помесі старога і новага дрэва дамок засвяціўся на зялёным фоне. У старога Бандзюка — найбольш з выгляду, мо праз тое, што меў пышныя вусы і нейкі дзіўна састарэлы твар, хоць вочы свяціліся надта молада, было два сыны. Старэйшы Жора, грузны, таўсматы хлопец семнаццаці гадоў, з дужымі кулакамі, вялікай галавой — на хутары казалі, што на такую галаву шапку трэба як на цэлы цэбар, і меншы Грыша — гадкоў сем-восем.
Дык вось Жорык і прыйшоў на дапамогу зляканай кампаніі.
— Чаго стаіш? — крыкнуў ён Васілю. — Слабака баішся? Дак ён і праўда парэжа, укакошыць каго, злыдух гэты.
Але пакуль Васіль перамінаўся з нагі на нагу, ад удару Жорыка ў жывот Чэсь сагнуўся, пасля пакаціўся на зямлю, пляснуўся плячыма на мокрую ад расы траву. Калі падаў, міжволі ўзмахнуў рукамі. Ножык матлянуўся пад носам у Васіля, які апынуўся ля Чэся, і чыркнуў па верхняй губе. З яе адразу пырснула кроў, ажно ў вочы трапіла.
Г алас на лузе памацнеў.
Спалохана закрычалі дзяўчаты, замітусіліся, завойкалі, пачалі праклінаць Чэся, пасля кінуліся памагаць Васілю. Узбуджана гаманілі падлеткі, для іх гэта было нечым надзвычайным, пра што і ў сне не маглі ўбачыць. А тут належала ратаваць ад забойства старэйшых за сябе. І яшчэ невядома, як будзе паводзіцца раз’ятраны Чэсь, мо і на іх кінецца. Але яны не ўцякалі, не разбягаліся, а кучкаваліся, каб быць разам, калі што якое.
Адно Жорык паводзіў сябе больш стрымана і рашуча. Ён падышоў да раптоўна зблажэлага Васіля, углядаўся ў заліты крывёю твар:
— Пакажы, — уважліва агледзеў рану. — Здаецца, не глыбока. Дзясны не зачапіў. А губу прарэзаў, недавумак. Дайце хто хустачку. І лісток падарожніку знайдзіце. Пайшлі да вады, — загадаў Васілю, — абмыцца трэба...
— А што з гэтым... з Чэсем? — нясмела спытала Гэлька, бо Маня ваўсю клапацілася каля параненага.
— Ды мы яго зараз, як таго салдата, — асмялелі падлеткі. — Здымем порткі і ў луг. Хай паплавае...
— Не, хай у портках, — запярэчыў іншы. — Давай! Бяры яго, зацягнем...
Хлопцы гатовы былі і праўда выкупаць Чэся, яны нават кінуліся да яго. Але іх спыніў Жорык, бо і Чэсь, які змікіціў, што можа добра атрымаць на арэхі, натапырыўся, выставіў перад сабой ножык: