Выбрать главу

— Не падыходзь, а то ўсіх рашу... — і паставіў вочы праўцом, здавалася, яны засвяціліся злоснымі зялёнымі аганькамі — як ў кошкі.

— Іш, які шустры, рашыць ён, — падала голас Гэлька. — Ты ўжо нарашаў, зас...нец. На сваю галаву... Заліў бельмы, дак спаць ішоў бы... Проціў каго ты пайшоў, га? — спрабавала яна сарамаціць, гледзячы на мурзатага Чэся. Ён, калі падаў, вымазаў твар зямлёю. — Мурза ты паповая... Вытры хоць мызу сваю, — пашкадавала нечакана.

Чэсь марськануў рукой па твары, але толькі яшчэ больш размазаў гразь. Выцірацца не захацеў, каб не губляць пільнасці, бо кампанія не адмовілася ад задумы выкупаць яго ў лузе.

— А ён зараз увесь вымыецца, — весела прамовіў Міця. — Давайце, хлопцы, бярыце яго... Мы зараз усім гамузам зацягнем яго ў луг...

— Правільна, бі свой свайго, каб чужы баяўсё...

— Знайшоў сваяка. Я з ім на адным полі не сяду...

Падлеткі зноў сталі падсоўвацца да Чэся, не трацячы, аднак, асцярожнасці і гатовыя даць лататы, калі ён нечакана пачне выкідваць конікі. Але неўтаймоўных купальшчыкаў суцішыў Жорык:

— Не чапайце, хлопцы, — прамовіў. — Хай коціцца адсюль круглым колам... Сухім, бо падумаюць, што абас....сё, — падлеткі гучна засмяяліся, ажно Чэсь насуплена зірнуў на іх, як бы хацеў папярэдзіць, каб не надта выскаляліся, бо ён здолее адпомсціць неразумным падшывальцам. — Адно ножык аддай, — звярнуўся Жорык да Чэся. Той трохі памарудзіў, але неча­кана згодліва працягнуў трымтлівую руку з ножыкам, якія таксама былі запырсканы крывёю. Жорык павадзіў лязом і тронкамі па траве, змываючы расой кроў, зачыніў ножык і схаваў у кішэню. — А ты каціся адсюль. Я ж сказаў, — звярнуўся да трохі збялелага Чэся. — Удома пра ўсё раскажы бацьку, — і моцна стукнуў нагой пад зад. — Каціся, чаго стаіш?

Той хіснуўся, заблытаўся ў высокай траве і паляцеў потырч, падаючы, абапёрся на рукі. Да яго, відаць, яшчэ не даходзіла, што на самай справе адбылося. Рукі, аднак, трымцелі, ногі невядома чаму падгіналіся ў каленях, ён насілу выпрастаўся і ўлукаткі пайшоў у лагчыну. Усе з палёгкай уздыхнулі, як бы скінулі з плячэй важкі мяшок бяды. Але сэрца яшчэ не магло супакоіцца, трымцела ад страху, калацілася ад абурэння. Такі быў добры вечар, такія ладныя танцы, і гэтая дарога з добрай кампаніяй між жытоў, і на табе...

Некаторыя пазіралі ўслед Чэсю, як бы правяралі, ці пойдзе дадому, ці мо збочыць у жыта, каб перачакаць, набраць камянёў і дагнаць іх. Але ён не азіраўся, плёўся сабе, часам няскладна махаючы рукамі.

А ў тым баку, куды ён ішоў, неба было светлае-светлае. Здавалася, яшчэ імгненне, яшчэ момант, і выкаціцца з-за высокага жыта спачатку няяркае, але з кожнай хвілінай усё больш зыркае сонца, пырсне сваімі праменнямі на наваколле і змые, сатрэ з твару зямлі ўсю непатрэбшчыну, усё благое і кепскае.

Мані падумалася, што каб быў тут Саша, то немінуча знайшоў бы што-небудзь адпаведнае ў Коласа. А чаму не? Не можа быць, каб Колас не прыкмеціў гэткай прыгажосці.

Маня не памылялася, паэтава захапленне сапраўды вылілася ў цёплыя радкі:

Усход жыве, гарыць, палае,

Слупы-праменні падымае.

Бы тыя рукі блаславення

У часе шчырага малення.

І вось яна, жыцця крыніца,

Сама багіня-чараўніца,

Ўзышла на небе і міргнула,

Расу ў брыльянты абярнула,

Глядзіць прыветна, усіх кахае,

Па свеце стрэлы рассыпае

І песціць шчыра ўсіх, як матка...

У гэты момант невядома адкуль узяўся Валодзік Хвілосаф. Шнураваў проста з лугу. Згледзеў купку гаманкога люду і адразу да іх.

— Што за шум, а бойкі няма? — няўдала пажартаваў ён, не ведаючы, што тут на самай справе адбылося. — І што васпанства, та-скаць, робіць? Га? А-а-а, сонцам любуецца? — абвёў усіх запытальным позіркам. — А чаго тады вочы адсырэлі? Хто каму нюхаўку расквасіў? — на яго зірнулі зласнавата. — Ого, і Васіль свой гармонік аддаў, — здзівіўся, калі ўбачыў яго на плячах у Міці Дарашчэнкі. — О, і Жорык ужо тут, — прамовіў як бы з адабрэннем. — І калі ты паспеў? — спытаў у яго, але той нічога не адказаў, толькі моўчкі зірнуў неяк дзіўна і вачыма паказаў на Васіля. Валодзік перавёў позірк на гарманістага і амаль што выгукнуў: — Хто?

— Дак Чэсік, Пахвалёнчык, забіяка гэты... Лабэціна... Стаўдур... Недавумак...

— О, я так і ведаў, што без крыві, та-скаць, не абыдзецца. Я так і ведаў, што гэты бандзюк... — нечакана ён запнуўся, але адразу ж паправіўся: — Ой, памыліўсё, выбачай, Жорык, гэты бандзіт нешта ўчвэрыць, — не надта здзівіўся ўбачанаму Валодзік. — На ім жа цэлы вечар шкура гарэла. А дзе ён сам? — спытаў нечакана.

— Вунь на сцежцы, — паказаў Жорык. — Пахапаў лахі пад пахі і дадо­му пацягнуўсё. Атрымаўшы выспятка...