Выбрать главу

На маленькім хутары Язавец, які ціха-мірна прытуліўся пад неабдымным полагам высокага неба між боханамі збожжавых палеткаў, расквечаных яркай палоскай Школьнага лесу, падзялененых поплавам у шматколерных красках, аздобленых блішчастымі люстэркамі Сержановага і Ткачовага лугоў, і які дагэтуль спакойна і бесканфліктна па сусветных мерках жыў сваім размераным і працавітым жыццём, усчаўся неверагодны рух.

Хоць нешта нечаканае прадчувалі многія. Ніхто не мог такога прадказаць: ні мудры сівавалоса-сівабароды доўгажыхар на гэтым свеце дзед Мацейка. Ні гаваркі і трохі апошнім часам мітуслівы Валодзік Хвілосаф, ні ганарысты шляхціч Стась Пахвалёнчык. Ні нават мясцовы грамацей і кніжнік Назаноў Саша.

Ніхто не мог уявіць сабе такога.

Але нездарма кажуць, што чалавек мяркуе, а Гасподзь Бог кіруе.

А цяпер ніхто не мог ведаць, ці ацалее ён сам, ці застанецца жыць яго сям’я, ці выстаіць потам і крывёю агораная хата...

На многіх хлебасеяў нечаканай навіной звалілася паведамленне аб прызыве ў польскую армію. Што гэта значыла, ведалі ўсе. Таму не адно роспач, а і слёзы адчаю, бяды нагарнуліся на вочы мацярок, якія мусілі неадкладна адправіць на вайну, а ў тым, што гэта вайна, не сумняваўся ніхто, сваіх дарослых сыноў — самых гаспадароў і кармільцаў.

Але пакуль круцілася тая непаваротлівая казённа-дзяржаўная ўжандовая машына, прызваць удалося не ўсіх, проста не паспелі.

Бо неўзабаве на ўсю моц загрымела на Нясвіжскай шашы, на якую папацягалі камянёў і хутаране, адрабляючы там свае шарваркі. Зусім нядаўна закончылі яе. Як бы падгадалі менавіта да гэтага моманту. І вось на новай шашы загулі маторы танкаў, затуркаталі колы вазоў і фурманак, наваколле агучылася нячутнымі тут раней стрэламі.

Страх, мацнейшы за самую разбуральную навальніцу, апанаваў людзьмі. І тымі, хто хадзіў у касцёл, і тымі, хто спяшаўся ў царкву. Адна агульная трывожная невядомасць апусцілася на хутарскую цераспалосіцу.

Аднак найбольш смелыя і цікаўныя не маглі ўседзець у хаце. Найперш хлопцы. І калі іхнія бацькі з малымі дзецьмі хаваліся, дзе толькі маглі, яны, таксама тулячыся ў кустах ды зарасніках лебяды з крапівою, прабіраліся да шашы, каб паглядзець, што і як там дзеецца, хто і па кім страляе, хто куды едзе, хто ад каго ўцякае...

Перапалох пасяліўся на Язаўцы: няўжо вайна з немцам дакацілася і да іх? Няўжо з-за кардону ўступіла ў яе Чырвоная Армія, воіны якой імкліва спяшаліся на захад, а польскія салдаты з ажэлкам на шапках дзе гэтак жа імкліва, а дзе са стратнымі баямі адыходзілі на сваю глыбінную тэрыторыю, большую частку якой ужо занялі немцы?

А як жа тады той савецка-нямецкі дагавор-пакт, пра які гэтулькі было гаворак, што не абмінулі і Язавец?

Ніхто нічога нікому не тлумачыў. А невядомасць ды чуткі горш за бяду...

Тлумачэнне праз дзень падалі ўсе газеты Савецкай Беларусі, а пасля і тыя, што выдаваліся на заходніх беларускіх землях, над якімі менавіта ў гэты час гублялі апекаванне польскія ўжандоўцы. На газетных старонках з’явіўся незвычайнай сілы і зместу дакумент. Нават газета «Літаратура і мастацтва», якая павінна была б быць далёкай ад вялікай палітыкі, але якая такой не была, таксама надрукавала гэты тэкст.

Нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасня 1939 года

Пан пасол!

Польска-германская вайна выявіла ўнутраную несастаяцельнасць польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не праяўляе прызнакаў жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі свае дзеянні дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Прадастаўленая самой сабе і пакінутая без кіраўніцтва, Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсякіх выпадковасцей і нечаканасцей, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, Совецкі ўрад не можа больш нейтральна адносіцца да гэтых фактаў.

Совецкі ўрад не можа таксама абыякава адносіцца к таму, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі.

У сувязі з такой абстаноўкай Совецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу іўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Адначасова Совецкі ўрад мае намер прыняць усе меры к таму, каб вызваліць польскі народ са злопалучнай вайны, куды ён быў увергнут яго неразумнымі кіраўнікамі, і даць яму магчымасць зажыць мірным жыццём.