— Не лезь, чорт п’яны. А то па шыі з’езджу. Ідзі з Тэкляй буськайся...
Але ніхто на нікога не крыўдзіцца, бо на хутары — ігрышча...
Тэкля была старой бабай, праўда, не так па гадах, як воблікам. Малога расточку, згорбленая — не ад цяжару гадоў, а таму, што ўвесь час ратавалася ад ахвотнікаў з’ездзіць па спіне якой-небудзь палкай альбо вяроўкай. Не твар, а тварок. Таксама дробненькі і зморшчаны, як печаны яблык. Жыла адзінока ў суседніх Баярах. Муж, які першы палюбіў пашукаць у чарцы дно, памёр. Згарэў ад гарэлкі. Прыйшоў дадому на добрым падпітку, лёг на гарачую зямлю, дзе самагонны апарат стаяў, і згарэў — кажуць, з рота агонь сіні ажно ішоў. Кажуць, каб быў хто ў хаце і пас...аў яму ў рот, то жыў бы. А так не стала чалаввека. Тэкля ж і пасля таго не перастала піць, як толькі дзе нагода, то й намурзаецца.
А погаласка пра яе хадзіла паўсюль, бо гэта была найпершая, хоць і не пакліканая госця на ўсіх вяселлях, радзінах, на кожным моладзевым ігрышчы. Не весяліцца прыходзіла, а каб напіцца. Здавалася, без яе аніякае застолле не мае права адбыцца альбо несамавітым будзе. Яе брыдзіліся, таму і ганялі, і бэсцілі, і лаялі, і шкадавалі нават, кажучы: «Ну што вы ад яе хочаце, даў Бог жанчыне галаву, але не сказаў, што з ёй рабіць. Хай жыве. Паветра ўсім хопіць...»
Калі ж пад злую руку нехта праклінаў Тэклю, жадаў ёй хуткай смерці, то на гэткага незычліўца абурана шыкалі: «Сціхні, чалавеча, што ты плявузгаеш? Ці ты блёкату аб’еўсё? Грэх гэта вялікі — чалавеку смерці жадаць... Яна ж твайго месца пад сонцам не займае». Змушалі змоўкнуць, а сама яна надзіва спакойна і цвяроза адказвала:
— Не гані, я і сама памру. І ты памрэш. І невядома, хто першы. Усе памром. З гэтага жыцця яшчэ ніхто жывым не сыходзіў... — і дробненька смяялася, выстаўляючы свае дзіравыя зубы і хітра пазіраючы на крыўдзіцеля, якому рабілася непамысна і ён адступаўся ад няшчаснай кабеты.
Хоць і не паважалі Тэклю, а прывыклі да яе, палюбілі тым пачуццём, якое і любоўю не назавеш, і што гэта нянавісць — таксама не скажаш. Неяк непрыкметна, але моцна ўвайшла яна ў людскі хаўрус, стала хутарской адметнасцю. І калі часам спазнялася на якое-небудзь ігрышча, то нават непакоіліся, ці жывая, пыталіся ці не захварэла, бо калі і праўда не прыйдзе, то весялосці патрэбнай не атрымаецца, нешта няўлоўнае страціць ігрышча, будзе не такім, не іхнім, не хутарскім.
Акрамя таго яе лічылі найпершай разносчыцай самых апошніх навін. Нездарма казалі, што ў яе вош на языку не спячэцца. Тэкля і праўда ўсё пра ўсіх ведала, дзе хто будзе жаніцца, з кім, калі будзе вяселле альбо радзіны. Казала:
— Добры нос за тыдзень гарэлку чуе...
Ці верыць ёй? Кожны рабіў так, як лічыў патрэбным. Але без Тэкліных навін было б сумна. Таму яе чакалі яшчэ і дзеля гэтага...
А на гасцінах як ні аберагалі Тэклю, яна сваю норму выбірала заўсёды. Калі ж даходзіла да патрэбнай кандыцыі, то не толькі пнулася танцаваць, але і назойліва прыставала да маладых хлопцаў:
— А мой ты братко, давай пабуськаямсё!
Пад агульны рогат Тэкліна ахвяра з усіх ног уцякала ад п’янай жанчыны, нават партнёрку па танцы пакідала, хавалася за кустамі бэзу. Тэкля не здавалася:
— Ты не бойся, што я такая. Я такая, але яшчэ ого-го... Цалуюсё не горш за вас, маладых. Вы ж няўмекі... А я яшчэ і цябе навучу, братка ты мой, і бацьку твайго. Хочаш?
— Ат, перастань... Ёсць што гаварыць, ды няма чаго слухаць...
— А ты не збівай з панталыку, — агрызалася Тэкля. — Я і сама саб’юсё...
Бедны Тэклін абранец станавіўся чырванейшым за месяц на небе. Некаторы, больш смелы і задзірысты, нахіляўся да яе вуха, каб сказаць тое, што думае пра ахвотніцу пацалункаў, але так, каб іншыя не пачулі крыўдных слоў:
— Не вучы вучонага...
— З’еш г...на пячонага, — імгненна і гучна, на ўвесь надворак, заканчвала Тэкля і ажно заходзілася ад смеху, да вушэй расцягваючы свой шчарбаты рот. — Ведаю, ведаю, мой ты братко... — а ў самой з куточкаў даўно пабляклых, ажно да чарнаты, вуснаў цяклі ручайкі сліны. Хлопец ад сораму не ведаў, куды вочы схаваць. — Чаго толькі Тэкля не наслухалася за свае гады... Хай Бог абносіць! Ты гэтага і за тры жыцці не пачуеш...
— Во-во, навучы, яго, Тэкля, навучы. А то ён і праўда не ўмее... А яшчэ да цябе лезе, на вушка нешта шэпча...
— Ага, не ўмее... Я сама бачыла, як Ганну слініў, — нечакана ўстаўляе слоўка якое-небудзь дзяўчо.
— І я таксама бачыў, — казаў які-небудзь падшпарак, і выбух смеху заглушаў гукі гармоніка.
— Хто-о, ты бачыў? — ажно выходзіла з берагоў зняважаная Ганна. — Дак мо ты, смаркач, сам з Тэкляю і буськаўсё, раз такі вопытны?