— Так яму, Ганна, так. А то бач расхрабрыўсё, як прафесар у цалаванні.
Смех, гоман, шум, гукі гармоніка і буханне барабана даляталі, здаецца, ажно да зор. І тыя, прыгледзься толькі, прыязна падміргвалі танцорам, нібыта заахвочвалі і пад’юджвалі: весяліцеся, пакуль можна, хутка жніво, яно свой глянец навядзе...
Але найбольшая радасць была ў малечы. І не адно таму, што іх узялі з сабою, далі магчымасць адразу сабрацца ўсім разам, а найперш мо з таго, што не гоняць спаць — на дварэ даўно ноч, удома яны ўжо трэці раз пераварочваліся б на бачок, а тут хлапчукі і дзяўчынкі нароўні з дарослымі бавяць час. Праўда, бацькі з мацяркамі не спускаюць з іх вока, а калі самі пойдуць у кола, дык клопат такі выпадае на долю дзеда з бабай — на хутары ніколі не казалі «бабуля», проста — «баба», і ўсім зразумела, пра каго гаворка.
Гэтыя апекуны найбольш пільныя, яны баяцца адпускаць унукаў ад сябе, таму найчасцей наравяць трымаць іх за руку. Малеча ж з усёй сілы намагаецца вырвацца, нават злосць сваю паказвае, бо як гэта перад сябрамі выглядаць цяляткам на прывязі? Аднак і «цяляткам» выпадала радасць. Прыносіў яе дзядзька Васіль, гарманісты. Здаралася, ён гучна рыпне на гармоніку, а затым гэтак жа гучна аб’явіць:
— Усё, паны і паненкі, адпачываем. Вы перакурыце, дайце спачын нагам. Цяпер час для самых паважаных сярод нас, — пажылыя насцярожваліся: ці гэта не да іх звяртаецца Васіль. Але ён нечакана тлумачыў:
— Дайце дарогу дзецям. А вы, дзяды з бабамі, адпусціце рукі танцораў. Бацькі, таксама не пярэчце сваім зменшчыкам.
Дзеці адразу ж пераставалі шморгаць носам і хто таропка, ажно часам падаючы на зямлю, хто няспешна, хто мітусліва шнуравалі ў танцавальнае кола. Нават тыя, што сядзелі альбо качаліся па надворкавай мураве, падскочылі і далучыліся да іншых. Нехта са старэйшых браў на сябе ролю правадыра і апекуна і ківаў Васілю: пачынай. Але не паспяваў той расцягнуць гармонік, як нейкая з асабліва нецярплівых дзяўчынак — відаць, хацела паказаць не толькі свае танцавальныя здольнасці, а першай звярнуць на сябе ўвагу, нечакана пачынала прыпеўку:
Падружка мая,
Ідзі адзявайся,
З тваім мілым патанцую,
Ты не абіжайся...
Ды малыя на яе зашыкалі, што перашкаджае, а дарослыя засмяяліся і адразу зірнулі на яе матку, якая моўчкі і з усмешкай на твары пазірала на дачку: хай ведаюць нашых!
Нарэшце загучала няспешная мелодыя, закружыла самых маленькіх танцораў. Для іх гэта было найшчаслівейшае імгненне. Дарослыя цяпер ва ўсім патуралі дзецям, якія рыхтаваліся да гэтай хвіліны мо больш старанна і даўжэй за іх. Бо што дарослым — наваксаваў хромавікі, адпрасаваў суконнае галіфэ, пракашляў горла — гэта хлопцам, і гатовы. А ў дзяўчат падрыхтоўка займала трохі больш часу, бо трэба было не адно лепшыя ўборы дапасаваць, падагнаць, падлатаць, а і касу дагледзець, валасы прыбраць вянкамі ці кветкамі, — зрабіў усё гэта і шуруй на Васілёў надворак.
Дзяўчынкі ж загадзя выпрошвалі ў мацярок самыя лепшыя спаднічкі, ад старых сукняў і каптаноў адрывалі рознакаляровыя стужкі-каснікі, некаторыя прасілі, каб маткі альбо старэйшыя сёстры падрубілі іх, але ім тлумачылі, што не трэба гэтага рабіць, бо без рубцоў прыгажэй. Іншыя рабілі з сацінавых стужак бухматыя банты, якія зараз вялізнымі матылямі хіталіся над маленькімі і зграбнымі галоўкамі.
Хлапчукі правяралі на трываласць шлейкі на штоніках — ці моцна прышытыя, ці няма дзе парваных швоў. У некаторых з іх, як і ў дарослых, былі нават хромавыя боцікі — недасягальны для большасці шык. Калі ў бацькоў была храмаліна, то чысцілі боцікі ёю, а не дык прасілі каго са старэйшых памазаць дзёгцем, але толькі трошку, каб блішчалі, а не так, каб наскрозь прайшла смярдзючая коламазь, — баяліся, што з-за гэтага не пусцяць у танцавальнае кола.
Але асаблівым клопатам малечы заставаліся іхнія прычоскі. Колькі слёз было выліта да гэтага дня — ведаюць адно толькі самі дзеці. Мяцяркі настойвалі на тым, што да свята трэба падстрыгчыся. Хлопчыкі не згаджаліся, бо ведалі, што гэта будзе за стрыжка. Дзе ты на хутары знойдзеш добрага цырульніка альбо сапраўдную машынку?
— Дак ты што, хочаш лахудрай хадзіць? — дакаралі іх мацяркі. — Як п’яніца Тэкля?
Гэта было моцным аргументам, і малыя хоцькі-няхоцькі згаджаліся.
Праблемай была стрыжка і для дарослых мужчын. Мала хто валодаў падобным майстэрствам, таму перад вялікімі святамі ўмельцы гэтай справы былі нарасхват. Аднак і яны карысталіся нажніцамі і стрыглі звычайна «пад лаханьку». Показка гэтая пайшла пасля таго, як аднойчы на Вялікдзень хутаране ўбачылі падстрыжанага Косціка Сіневіча. Валасы ў яго заставаліся даўгаватымі, але вакол галавы былі падрэзаны роўненька, так роўна, што ажно дзіва брала.