— І хто цябе гэдак умела падстрыг? — пыталіся ў Косціка.
Той, не адчуваючы ніякай небяспекі, шчыра прызнаўся:
— Дак, браточкі, жонка пастаралася...
— Жонка? — не давалі веры мужыкі.
— Ага, жонка. Праўду кажу, — даказваў радасны Косцік. — Адзела на галаву лаханьку і роўненька па ёй састрыгла лішняе...
Выбух смеху і гучнага рогату збіў Косціка з панталыку. А пасля гэтага і ўвайшла ў моду стрыжка «пад лаханьку», як у Сіневіча...
Гэтак жа стрыглі і малечу. Адно, што без лаханькі, бо нагола, і вялікімі авечымі нажніцамі — тымі, што воўну з авечак састрыгаюць. Галаву абірычвалі так, што спераду заставаўся толькі невялікі чубчык, і то не ва ўсіх. Г алава здавалася паласатай, як матчын сяннік. З-за гэтага і псіхавалі хлапчукі, плакалі, сварыліся з мацяркамі, пагражалі наогул не ісці на ігрышча. Але дзе ты ўседзіш, калі там та-ако-ое адбывацца будзе!
Малыя баяліся, што з іх будуць смяяцца дзяўчынкі і дзецюкі. Падобнае здаралася, вядома. Але абірычаных было нямала, што трохі суцяшала самых крыўдлівых і дадавала смеласці.
Цяпер усе яны — і падстрыжаныя, і валасатыя, гэта значыць, з чубчыкам — дружна пасталі ў агульны круг.
Найбольш хітрыя, як спанатраныя ў танцавальных інтрыгах дарослыя, загадзя дамаўляліся, хто з кім будзе танчыць. На гэтай аснове часам узнікалі сапраўдныя сваркі, непаразуменні, крыўды, абразы. Адзін казаў, што будзе танцаваць з Лёляй, а другі яму крыўдліва пярэчыў, што гэта яго права, бо ён бліжэй да Лёлі жыве. Але першы не саступаў і ў доказ сваёй перавагі казаў, што на мінулым ігрышчы другі ўжо танцаваў з Лёляй. Значыць, цяпер яго чарга. Ды тут умешваўся трэці і даводзіў, што права на танец павінна належаць яму, бо ён з Лёляй пасвіў курэй, і яна паабяцала яму быць разам і на танцах...
Але як бы там ні было да ігрышча, а гэты вечар правіў сваё права. Ад бліскучых дзіцячых вочак, паласатых галовак хлапчукоў, здаецца, ажно пасвятлела на Васілёвым надворку. А кірпатыя ды рабаціністыя насы — мо ластаўчыныя гнёзды разбуралі, і пташкі пакінулі ім свае вяснушкі, ці мо гэта сонейка пацалавала? — дружна пазадзіраліся ўгору...
Кірпатымі адных называлі знарок, у другіх жа і праўда носік быў як бы загнуты ўверх. Гэта рук дзеда Мацейкі справа, жартавалі дзецюкі. Дзед Мацейка і праўда быў майстрам даваць чарачкі. Ад яго гэтая завядзёнка разышлася па ўсім хутары. Цяпер часта ўжо самі малыя частавалі адны адных чарачкамі — каго са згоды, а каго прымусам бралі, як пакаранне за непаслушэнства. Здаралася, забаўляліся гэткім чынам і дзецюкі. Але яны часам стараліся так напаіць сваю ахвяру, што ў беднага хлопца нос яшчэ з тыдзень смылеў і да яго было не дакрануцца.
А сэнс Мацейкавай чарачкі быў у наступным. Спачатку дзед клікаў малога да сябе, садзіў на калена, баяў якую-небудзь байку, загадваў загадку ці забаўляў нейкім іншым чынам. На гэты раз у пастку папаўся Кандратукоў Генік. Калі падлашчаны хлапчук губляў пільнасць, дзед пытаўся ў яго як бы між іншым:
— А ці ведаеш ты, мой ты галубок, як барсук дзяцей гладзіць?
— Не-а, — адказваў той і хітравата пазіраў на дзеда.
— А ці спрабаваў ты калі чарачку кульнуць?
—Я-а? — дзівіўся хлапец. — Не-а. Дак хто мне яе дасць? Што вы, дзед, кажаце?
— А-а, гэта табе бацькі не даюць, бо шкадуюць. Але я шчодры... Ага. Дак што табе лепей? — пытаўся дзед і пакашліваў у сваю разложыстую бараду. — Чарачка ці барсукова ласка?
— А адкуль я ведаю? — шчыра прызнаваўся хлапчук.
— А папробаваць хочаш?
Генік вагаўся, але цікаўнасць брала верх. Ды і сябры, хто ўжо ведаў дзедавы хітрыкі, падахвочвалі:
— Давай, Генік, не бойся.
Васьмігадовы Генік са страхам згаджаўся.
— Давай, нос вытрымае. Добры ў цябе шнобель, — хоць шнобель той мог схавацца ў шчопцях.
— А пры чым тутака нос? — не разумеў хлапчук.
— Дзед табе пакажа.
І дзед паказваў. Ён акуратна ставіў Геніка між каленяў, паварочваў тварам да сябе. А тады лёгенька — для яго то лёгенька, а як тое было выцерпець малому? — вялікім пальцам правай рукі падцінаў хлапечы нос. Генік пакуль нічога не разумеў, але паступова, калі нос усё больш задзіраўся ўгору, станавілася балюча. Хлапчук адсоўваў галаву, але дзед трымаў яе другой рукой.
Тады Генік цягнуўся галавой увышкі, ажно на пальчыкі станавіўся, але рукі ў дзеда былі доўгія, і яго палец ніяк не адрываўся ад піпкі малога. Таму ўжо і ног не хапае, ужо і шыя на ўсе храсткі выцягнулася, а не стае росту. Ужо і ў носе пачынае круціць. А дзед усё больш падціскае яму піпку. На вочы хлапца набягае няпрошаная раса, на вусны сама па сабе выскачыла крывая ўсмешка. Хлапчук не ведае, што і рабіць: ці то яму ўцякаць ад дзеда — але не вырвешся, ці то заплакаць, каб адпусціў, але сорамна перад сябрамі. Аднак і цярпець ужо не стае сілы. Ён круціць галавой управа і ўлева, але рукі ў дзеда моцныя. Ды яшчэ і пасміхаецца стары: