Яны з Бурмаковым заехалі па Віцю і памчаліся на ракетадром.
Старт, некалькі хвілін перагрузкі, якую Павел амаль не адчуў, і рэйсавы ракетаплан плыў ужо ў прасторы.
Павел з хваляваннем глядзеў у акно. Усё яму было новае: і бязважкасць, адчутая не на трэніровачных снарадах, і чорнае, з россыпам незлічоных зорак, неба, і глухая цішыня інерцыйнага палёту, якая нібы пранікала з маўклівай прасторы. Недзе там, у напрамку Вадалея, павінна знаходзіцца лішняя зорачка — арбітальная станцыя, каля ўнутранага прычала якой, быццам акіянскі лайнер, спушчаны са стапеляў, ашвартаваўся, гатовы да выпрабаванняў, планеталёт «Набат».
Спрактыкаваныя Паўлавы вочы хутка выявілі на небе зорку-станцыю. Яна, здавалася, адзіная жыла ў мёртвым і халодным Сусвеце, прыветна памігваючы сігнальнымі агеньчыкамі. Неўзабаве зорка пачала расці, ператвараючыся ў вялікае яркае кола, у сярэдзіне якога, прымацаваны дзесяткам патрубкаў-спіц, вісеў цыгарападобны «Набат». Павел ведаў, што былі розныя праекты карабля. Адны прапаноўвалі, улічваючы старт з беспаветранага касмадрома, зрабіць яго круглым, падобным на саму арбітальную станцыю, другія — захаваць традыцыйную форму даўняй ракеты, каб у выпадку пасадкі на планеце з атмасферай карабель лягчэй пераадолеў яе супраціўленне. «Набат» зрабілі падобным на падводную лодку — без рубкі, з вострым носам і абрубленай кармой. I, Павел з задавальненнем адзначыў гэта, «Набат» быў нават прыгажэйшым за падлодку, бо адчувалася ў яго серабрыстым корпусе нейкая падкрэслена незямная імклівасць, нацэленасць на скачок.
Тым часам арбітальная станцыя засланіла сабой паўнеба, павольна насоўваючыся на ракетаплан. Паўлу ўявілася, што падлятаюць яны не да штучнага збудавання, а да нейкага астэроіда — вокны-ілюмінатары, выступы-ўваходы на цёмна-шэрым корпусе здалёк былі падобныя на шматлікія кратэры. I нарэшце адбылася стыкоўка, мяккая, без штуршка.
Пасажыраў запрасілі ў вакзал. Павел моцна трымаўся за парэнчы і думаў, што акрамя вывучэння карабля ён мусіць прывучыць сябе і да бязважкасці. Азірнуўся на таварышаў. Бурмакоў крочыў лёгка, упэўнена — як на Зямлі. Віця з цікавасцю круціў галавой па баках, аднак у кожным яго руху адчувалася скаванасць, насцярожанасць. Павел пасміхнуўся: напэўна, і ён сам выглядае не лепш, і закрочыў хутчэй.
Знутры арбітальная станцыя выглядала яшчэ больш унушальна. Гэта было сапраўды грандыёзнае збудаванне — завод, верф, горад... Любое з гэтых вызначэнняў падыходзіла, але ні адно не перадавала дакладна сутнасці. У шматлікіх памяшканнях станцыі размясціліся майстэрні, лабараторыі, жылыя каюты і нават невялікі сад, у якім нібы спалучалася прыемнае з карысным — дрэвы, расліны не толькі цешылі жыхароў станцыі, а і з’яўляліся доследным матэрыялам.
Павел, вядома, шмат чытаў і чуў пра арбітальную станцыю. Гэта было, паводле агульнай думкі, збудаванне веку, першае дасканалае ажыццяўленне праектаў, якія нарадзіліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Аднак толькі апынуўшыся тут, Павел зразумеў па-сапраўднаму, якой вышыні дасягнула чалавечая думка, якімі магчымасцямі валодае сучасная навука і тэхніка.
Станцыя мела паўкіламетра ў дыяметры і была падобна больш на маленькую планету, чым на штучны спадарожнік. Знаходзячыся ад Зямлі ледзь не за сорак тысяч кіламетраў, яна тым не меней не выглядала нечым адасобленым, уяўлялася Паўлу неад’емнай часткай роднай планеты, як працягам яе, мастком у прастору.
У доўгіх, шырокіх і светлых калідорах, не заціхаючы, пульсавала рытмічнае, працоўнае жыццё. Насустрач Паўлу рухаліся людзі, засяроджаныя, занятыя, прывыклыя да сустрэч з навічкамі; снавалі электракары. Як на звычайнай вуліцы, на заводзе. Падобна, тут цанілі час.
Павел дагнаў таварышаў.
Бурмакоў паглядзеў на яго, быццам правяраў уражанне, змоўніцкі падміргнуў:
— Здорава!
— Не тое слова, Сцяпан Васільевіч,— адказаў Павел,— фантастычна!
— А ці не здаецца вам, Павел Канстанцінавіч, што мы наогул ступілі ў паласу, дзе ўсё будзе фантастычным? — У Віцевых вачах палала захапленне.— Арбітальная станцыя, «Набат», Марс!..
— Так, Віктор,— Бурмакоў спыніўся каля акна, за якім віднеўся борт іх карабля, злучанага закрытым калідорам са станцыяй.— Хопіць чалавеку трымацца за ручку Маці-Зямлі, настала пара паглядзець, а што там за родным парогам!