Бурмакоў паглядзеў недаверліва:
— Ці варта, Павел Канстанцінавіч?
— У прынцыпе ці не ўсё роўна — туды, сюды?
— Увогуле, так. Аднак шмат што спатрэбіцца прыкідваць нанава. Мясцовасць зусім іншая, нявывучаная. Толькі здымкі.
— Затое хоць нейкі аргумент ёсць. Менавіта над Нікс Алімпіка ў руху карабля нешта адбылося.
— От гэта, калі па-шчырасці, мяне і непакоіць,— Бурмакоў праяўляў не ўласцівую яму нерашучасць.— Разумееце, «Набат», маючы вялікую масу, адрэагаваў. А што будзе з «Скакунком»?
— Перад бязважкасцю ўсе роўныя,— засмяяўся Павел.— Гэта вершы. Сказана не надта дакладна, але ўвогуле правільна і вобразна.
— Нават калі гэта былі якія-небудзь сілавыя прамяні?
— Фантастыка, Сцяпан Васільевіч. А ў мяне зусім рэальны план: саджуся на раўніне, потым, колькі зможа ўсюдыход, праеду, а тады пайду нагамі. Я ж альпініст.
— Вундэркінд не пройдзе.
— Знойдзем пыльную сцяжынку...
— Зноў паэзія? Упэўненасць — палавіна поспеху, казалі даўней,— ён уважліва паглядзеў на таварыша.— Хай будзе па-вашаму, Павел Канстанцінавіч...
За адным з пагоркаў раўніна раптоўна скончылася. Да самага краявіду распасціралася ўздыбленае каменнае поле. Быццам нейкі волат стукнуў цяжкай кувалдай па вялікай гары і яна рассыпалася на незлічонае мноства скальных асколкаў.
Павел патупаў перад гэтым каменным месівам, панура глянуў на сваю машыну і прабурчаў:
— Адна назва — усюдыход.
— А да Нікс Алімпіка дваццаць кіламетраў,— ці то паспачуваў, ці то, прыгадаўшы нядаўнюю размову, падкалоў Бурмакоў з «Набата».
Павел прамаўчаў. Вундэркінду рэпліка, відаць, не спадабалася, і ён раўнадушна, што прагучала ў гэтых абставінах з’едліва, удакладніў:
— Дваццаць кіламетраў да падножжа.
— Дзякую, Вундэркінд,— сур’ёзна сказаў Павел, хаця мог бы і пасміхнуцца: робаты эмоцый не ўлоўліваюць.— Ты верны друг. Будзем шукаць сцяжынку.
Вундэркінд палыпаў зялёнымі вачамі і зноў выдаў папраўку, цяпер ужо свайму гаспадару:
— На Марсе сцяжынак няма. Марс незаселены.
— Два нуль на тваю карысць,— цвердалобасць робата, увогуле натуральная, развесяліла Паўла.— Няма сцяжынак, будзе праход, пралаз ці яшчэ што-небудзь падобнае.
Яны рушылі ў глыб каменнага поля, абыходзячы нагрувашчванні, прабіраючыся паміж горных абломкаў. Ісці было не так цяжка, як думалася раней. Павел толькі баяўся, каб яго памочнік, хадок не недта спрытны, не спатыкнуўся, і выбіраў самую надзейную дарогу. Гэта затрымлівала. I неўзабаве робат занепакоіўся. Яго электронны мозг не разумеў прычын, якімі кіраваўся чалавек, ён адзначыў сам факт. А тады прыкінуў і рашэнне. Ледзь яны прыпыніліся, як Вундэркінд абышоў гаспадара і заявіў:
— Наперадзе пайду я.
— Што вы там не падзялілі? — Бурмакоў пачуў іх.
Кантрольную тэлеўстаноўку Павел з сабой у гэтыя каменныя джунглі не павалок, хапала грузу і без таго, і на караблі бачылі тое, што ён хацеў паказаць, але размову з рббатам чулі.
— Маленькі бунт кібертэхнікі,— Павел не ведаў, згадзіцца ці вярнуць Вундэркінда на месца.
— Хай ідзе, можа, ён толькі з выгляду цельпукаваты,— параіў Бурмакоў.
Вундэркінд аказаўся спрытным скалалазам, нягледзячы на свае нягнуткія ногі. Ён рухаўся хутка, знаходзіў праходы, уціскваўся ў шчыліны, нават пераскакваў з каменя на камень і зусім не стамляўся. Гушча ледзь паспяваў за ім, дзівячыся з дасканаласці кібера, якая праявілася яшчэ адным бокам.
Дваццаць кіламетраў да падножжа гары было напрасткі. Даўжыню лабірынта ў камянях не здолеў загадзя вылічыць нават Вундэркінд. Праз пяць гадзін хады хаос скончыўся гэтак жа раптоўна, як і ўзнік. Перад спадарожнікамі адкрылася вузкая пясчаная паласа, шчыльная, гладкая, нібы адпрасаваная дарожным катком. А за ёй, як вырастаючы з гэтага чырвонага падмурка, пачыналася гара, крутабокая, голая, бясконцая.
Павел спыніўся, уражаны веліччу стварэння марсіянскай прыроды.
— Вымахала! — усклікнуў ён.— Сіла цяжару тут малая, от горы і растуць.
Вундэркінд пераступіў з нагі на нагу, выбіраючы зручнейшую паставу, узняў галаву і, пабліскваючы накіраванымі на гару вачамі-лінзамі, выдаў даведку:
— Нікс Алімпіка, або Снягі Алімпа, мае працягласць каля пяцісот кіламетраў у падножжы. Яе вяршыня ўяўляе сабой кратэр дыяметрам шэсцьдзесят кіламетраў. Над кратэрам узвышаецца пік з амаль вертыкальнымі схіламі. Найбольшая вышыня гары прыкладна дваццаць кіламетраў.— I змоўк. Падтрымліваць размову робат не ўмеў.