Выбрать главу

Гушча ляпнуў яго па плячы:

— Не бядуй. Не залезем самі, ракетаплан выручыць. Зрэшты, і праз гушчар прабірацца не было патрэбы. Кепска, Вундэркінд, без разведкі.

Гэта чулі і на караблі. Але ні Сцяпан Васільевіч, ні Віця не азваліся. Павел і сам зразумеў, што паспяшыў.

Ім усё-такі пашчасціла. Пасля таго як гадзіны тры прабрылі ўздоўж глухога горнага схілу, неспадзявана наткнуліся на расколіну. Шырокая, падобная на след, пракладзены ракой або ледавіком, яна паката цягнулася некуды далёка ў вышыню, рассякаючы гару надвае. Павел паказаў таварышам уваход у расколіну, сказаў:

— Паднімемся.

— Неўзабаве сцямнее,— з сумненнем нагадаў Сцяпан Васільевіч.

Павел зірнуў на Сонца. Яно ўжо хілілася к захаду, але павінна было яшчэ доўга асвятляць расколіну.

— Знойдзем пячору і заначуем. Павінен жа чалавек атабарыцца на Марсе!

Дарога была лепшай, без нечаканых абвалаў і апоўзней, і Павел з Вундэркіндам даволі хутка пасоўваліся наперад. Робат па-ранейшаму крочыў першым. Але цяпер Гушча давяраў яму болей. Ён пазіраў, як кібер не надта эстэтычна заграбае нагамі, і думаў, што вельмі часта мы карыстаемся ўмоўнымі ўяўленнямі, бадай, не заўсёды вернымі, а толькі прывычнымі. Вось і робат быццам бы нязграбны. Аднак нават касалапячы, ён спрытны, лёгка абмінае грудкі і ямы, ні на імгненне не запавольваючы размераных шырокіх крокаў. Вядома, ён, нягледзячы на сваю форму, толькі машына. Дасканалая, у пэўнай меры разумная, але машына. Ды, можа, зграбнасць у сваёй сутнасці і ёсць найвялікшая мэтазгоднасць? I механізма, і чалавека.

А Нікс Алімпіка, падобна, уся была заснавана на сюрпрызах. Недзе на вышыні за тры тысячы метраў ад умоўнай паверхні — акіянаў на Марсе не назіралася — перад Паўлам адкрылася шырачэзная ўпадзіна. Быццам нехта, можа, той самы, хто раней насыпаў гару, вялізным кернам абсклюдаваў гранітную глыбу і стварыў фантастычную студню, забыўшы наліць у яе вады. У Паўла заняло дух. Ён не баяўся вышыні, а тут, падаўлены незямнымі маштабамі, спыніўся за крок перад кручай, і сэрца ў яго закалацілася. Такім маленькім, бездапаможным адчуў сябе перад гэтым касмічным усплёскам прыроды.

— Што будзем рабіць, Вундэркінд? — горла казытала, і пытанне прагучала сіпла, перарывіста.

Партатыўная тэлекамера не магла ўхапіць усю карціну, і Бурмакоў з Віцем не зразумелі Паўлавага хвалявання.

— Знайшлі пячору? — спытаў Сцяпан Васільевіч.

Павел схамянуўся, павёў вачамі. Вышэй, на тым навіслым над упадзінай карнізе, пад якім яны зараз знаходзіліся, у горным масіве віднелася зацененае паглыбленне. Стараючыся не глядзець уніз, ён паказаў пячору робату:

— Акупіруем?

Вундэркінд не рабіў вывадаў, не маючы зыходных даных, таму адказаў:

— Ступень прыдатнасці для начлегу пяцьдзесят на пяцьдзесят. Трэба паглядзець.

— Бяздушная ты істота, Вундэркінд, прагматык,— роблена абурыўся Павел.— Няма ў цябе фантазіі.

— Існуе тое, што паддаецца аналізу,— робат выкладаў запраграміраваныя погляды бясстрасна, нават абыякава.

— Што з табой паробіш,— махнуў Павел рукой,— разведвай.

— Вучыцеся жыццёвай мудрасці, Павел Канстанцінавіч,— пакпіў з вышыні Сцяпан Васільевіч.

— Дзе ты дзенешся,— Гушча пацягнуўся следам за робатам, абмінаючы позіркам блізкую бездань.

Пячора аказалася вельмі глыбокай, звілістай. Вундэркіндавы лакатары не ўстанавілі з пэўнай дакладнасцю, дзе яна канчаецца. Павел знайшоў паблізу ад увахода невялікі грот і пачаў ладзіць ложак. А калі ўсё было гатова, пазіраючы на агеньчык паходнага ліхтара, які раскідваў наўкола нерухомыя цені, падумаў, ці была наогул патрэба ў пячоры? 3 такім жа поспехам можна было прытуліцца да любой скалы або прыстроіцца на адкрытым месцы. Сказалася спрадвечная мара чалавека мець над галавой дах. Нават скептычны робат не даўмеўся да такога простага рашэння — і яму людзі перадалі свае погляды. Спаць у скафандры было не надта зручна, нешта муляла, замінала, не давала расслабіцца. Павел пазайздросціў Вундэркінду. Таму не трэба было спаць, і ён, як вартавы, скамянела стаяў каля выхада з пячоры, а яго зялёныя вочы сапернічалі з яркімі буйнымі зоркамі марсіянскага начнога неба. Нарэшце Павел уладкаваўся, і па целе пачала разлівацца стома...

Раніца прыйшла ясная, марозная. Павел выглянуў вонкі, пакурчыўся, падумаўшы пра амаль мінус сто градусаў па Цэльсію. Сонца яшчэ не паднялося над гарой, і ў катлавіне было змрочна, яна не здавалася бяздоннай. Самы час адпраўляцца вышэй. Там вузкі карніз расшыраўся, паступова пераходзіў у невялікае плато. А адтуль бачыўся даступны шлях на вяршыню. Павел не задумваўся, чаго імкнецца менавіта туды. Проста хацелася паглядзець як мага больш. Здавалася, гэта той магутны кратэр і выдыхнуў нешта такое, што падштурхнула «Набат». Гэта не магло быць газам, карабельныя прыборы адразу ўлавілі б наяўнасць яго ў прасторы. Гэта было выпраменьванне... Калі яно было наогул.