Гушча прывітаў таварышаў на «Набаце» і загадаў робату выходзіць. Вундэркінд, аднак, чагосьці марудзіў. Яго вусікі-антэны на круглай галаве растапырыліся, заварушыліся, як надоечы ў Віцевых аўтаматычных вартаўнікоў каля вулкана. I раптам робат імкліва павярнуўся.
— У гэты раён падае буйны метэарыт. Трэба схавацца,— гаварыў, як заўсёды, павольна, аднастайна-цягуча. А ў Паўла пахаладзела ў грудзях. Вундэркінд пастаянна абменьваўся інфармацыяй з карабельнай ЭВМ, відаць, ад яе і атрымаў звесткі пра напрамак, хуткасць і памеры метэарыта. Астатняе для яго было элементарна. Усё гэта маланкай пранеслася ў Паўлавай галаве. Не вагаючыся, паверыў у небяспеку і, ухапіўшы робата за руку, пацягнуў у пячору.
Яны стаялі ў гроце, адгароджаныя ад выхада тоўстым выступам. Ранішняя шэрань маўкліва паўзла ў пячору, высвечваючы сухія парэпаныя сцены. Было ціха, вельмі ціха. Павел нават не чуў, як калоціцца ў чаканні выбуху ягонае сэрца — толькі адчуваў частыя «тук-тук». Навокал святлела. А можа, гэта вочы прывыкалі да прыцемак, бо секундная стрэлка на хранометры, здавалася, не скранулася з месца. Павел сачыў за ёй, у думках спадзеючыся, што, можа, здарылася памылка, можа, нічога не адбудзецца...
Густы басавіты гул уварваўся ў наваколле з такой сілай, што мембраны слыхавога апарата задрыжалі, захрыпелі, спрабуючы загасіць гук, выратаваць вушы чалавека. Павел інстынктыўна ўціснуўся ў няроўную шурпатую сцяну. А следам за гулам, быццам несучыся на яго крылах, лінула нясцерпна яркае святло. Яно бліснула і згасла. I тады ўсё наўкола затрэслася, захадзіла ходырам. Так працягвалася хвіліны дзве. Потым усё сціхла, супакоілася, і толькі засталася цемра, густая, вязкая, чарнейшая за начную.
— Ты цэлы, Вундэркінд? — Павел адляпіўся ад сцяны, уключыў ліхтар.
— Функцыянальныя сістэмы дзейнічаюць нармальна,— памарудзіўшы, адказаў робат. Нібы моцны выбух аглушыў і яго. Пацвярджаючы, што не хлусіць, дадаў: — Нас заваліла.
— Больш радаснай весткі ў цябе няма? — нечакана ўзлаваўся Павел.
— Скала важыць пяцьсот зямных тон, завал шчыльны, без прасветаў,— робату Паўлава ўспышка была абыякавая.— Сувязь з галоўнай ЭВМ адсутнічае.
Гушча ледзь не ўзвыў ад роспачы. Яго непакоілі не столькі ўласная бездапаможнасць, колькі Бурмакоў і Віця. Яны бачылі катастрофу і цяпер падумаюць, што ён загінуў. А ён яшчэ не склаў рукі, хаця надзейная, здавалася, пячора стала пасткай. 3 горыччу сказаў:
— Ускочылі з агню ў полымя.
Вундэркінд імгненна адрэагаваў:
— Пра наяўнасць полымя інфармацыі не маю.
Нягледзячы на крытычнасць становішча, гэта механічная заўвага надзвычай практычнага робата рассмяшыла Паўла.
— Мудрэц, парай, як выбрацца.
Стваральнікі электроннага мозгу Вундэркінда не прадбачылі падобнай сітуацыі, і робат пачаў выдаваць прапановы, якія ў іх становішчы былі не больш як лухта,— зрушыць скалу рычагом, разбурыць накіраваным выбухам, прабіць лазерам штольню...
Гушча слухаў яго адным вухам і думаў, што не толькі стваральнікі Вундэркінда, а і ён сам не прадбачыў гэтага замуравання. Інакш хоць бы лазер захапіў. Спадзяванне на таварышаў было слабое. Яны ведаюць, што ён у пячоры, і напэўна паспяшаюцца на выручку. Адолець скалу, калі яна проста заваліла ўваход, для іх дробязь: можна скарыстаць любую з парад Вундэркінда. А калі выбух тут раскідаў усё? Тады сюды не дабрацца. Так што яму сядзець і чакаць вызвалення не выпадае.
Трэба пакінуць сябрам знак, а самому шукаць выхад у процілеглым канцы.
Цяпер наперадзе зноў быў чалавек. Вундэркінд не пакрыўдзіўся на гэта і бясшумнай ценню брыў ззаду, быццам блуканне ў зашпунтаваных пячорах было яму прывычяым заняткам, закладзеным у кібернетычную праграму. Паўлу вельмі хацелася ведаць, што за варыянты і камбінацыі пракручвае электронны мозг яго памочніка. Але разумны Вундэркінд такога абстрактнага пытання не зразумее, ён умее адказваць толькі на нешта канкрэтнае. А яно не выспела і ў Паўлавай галаве.
Надоечы чыстая, падобная на распрацаваную штольню ў шахце, пасля выбуху пячора была засыпана камянямі, там-сям уздыбілася, апала. Ногі часта чапляліся, слізгалі, правальваліся. А наперадзе была ўсё тая ж няпэўная пустата, у якой нікла святло моцнага ліхтара. Яна раздражняла сваёй бясконцасцю, яна і супакойвала. Бо давала надзею. Павел, аднак, стараўся пра гэта не думаць. Падбадзёрваў сябе тым, што за спіной засталося некалькі пройдзеных кіламетраў, што гэты праход у тоўшчы гары наўрад ці ўзнік у выніку нейкага катаклізму. Яго прамыў некалі даўно вадзяны паток, які вырваўся на волю з глыбінных нетраў, і ён павінен вывесці таксама на волю. Павел адчуваў, што гэта меркаванне хісткае, беспадстаўнае. Але іншага прыдумваць не хацеў.