Выбрать главу

Перадача працягвалася роўна паўгадзіны. Калі яна скончылася, патух і агеньчык.

П. К. не пакідаў спадарожнік. Ды каго б гэта не ашаламіла? Але ён чакаў паўтору. I не памыліўся. Праз пятнаццаць хвілін агеньчык засвяціўся белай зорачкай. Мы запісалі новую перадачу знак у знак. Яна паўтарала папярэднюю.

У той жа дзень на Зямлю панеслася наша паведамленне. Адказ Касмічнага цэнтра ўзрадаваў. На Марсе ўдалося захапіць і ўтрымаць у пастках часцінкі выпраменьвання крыніцы-маяка. Спецыялісты вывучылі іх, і цяпер медыкі гарантавалі, што вылячаць С. В. А нам быў загад вяртацца. Цэнтр адзначаў, што экіпаж «Набата» сваю задачу выканаў. Запісанае намі пасланне іншапланецян вельмі складанае і пакуль расшыфроўцы не паддаецца, тым болей, было сказана ў загадзе, не зможам гэтага зрабіць мы. Нас папярэджвалі ад уварвання сілай у станцыю-спадарожнік. Гэта і небяспечна, і можа наогул нанесці непапраўную шкоду будучаму кантакту. 3 Зямлі да Плутона накіроўваюцца нам на змену два караблі класа «Набат». Мы з імі сустрэнемся ў прасторы паміж Марсам і Юпітэрам.

Трэба збірацца ў дарогу. Аднак замест радасці я адчуў прыкрасць. I П. К., прачытаўшы тэлеграму кіраўнікоў палёту, неяк насупіўся, зрабіўся задумлівым.

Мне здавалася, што я разумею, чаму загад вяртацца не выклікаў у П. К. энтузіязму. Спадарожнік знайшлі мы, а сапраўдныя, канкрэтныя даследаванні гэтага тварэння чужога розуму, можа, сам кантакт ажыццёвяць іншыя. Згадзіцеся, гэта несправядліва. Крыўдна нават мне, хаця мой асабісты ўклад у дадзеным выпадку зусім нязначны. Не тое што П. К., якому належыць галоўная заслуга ў гэтым найвялікшым адкрыцці. Я паспачуваў яму.

П. К. пасміхнуўся і прамовіў:

— Само сабой.

Ён быццам бы і пагаджаўся са мной, і разам з тым думаў пра нешта іншае, падобна, вельмі далёкае ад рубкі, у якой мы знаходзіліся. Бо быў такі маўклівы і засяроджаны, якім я рэдка калі бачыў яго. Дзе ж ён лунаў у думках? На сустрэтым намі спадарожніку, на планеце, адкуль прыбылі некалі ў Сонечную сістэму яго творцы? Зрэшты, калі так, то ў гэтым нічога дзіўнага няма. Я таксама ні на імгненне не забываю, што побач з «Набатам» плыве загадкавае касмічнае цела штучнага паходжання. Варта ўявіць сабе гэты доўгі абрублены цыліндр, як па спіне пачынаюць бегаць мурашкі.

Пакуль я разважаў сам з сабой, П. К. на хвілінку нібы апусціўся на зямлю, ну, на падлогу ў нашых абставінах.

— Сцяпана Васільевіча мы павінны ў час даставіць, так што не будзем наракаць на лёс, ён і так быў з намі шчодры,— сказаў П. К.— Ды ўсё адразу не возьмеш, Віцяй.

— Але і пакідаць тое, што потым раптам не паднімеш, таксама нельга.— Я меў права так пярэчыць: за жыццё С. В. ужо не было колішняй трывогі.

П. К. прамаўчаў, зноў стаўшы задуменным, і адышоў да шырокага, на паўсцяны, адкрытага ілюмінатара, за якім у чорнай бездані каляплутонавай ночы нерухоміліся зоркі.

Глядзеў я на П. К. і дзівіўся з неўласцівай яму інертнасці. Вяртанне дадому, якія б разумныя аўтаматы ў нас ні былі, патрабуе актыўнай дзейнасці і экіпажа. Так што, калі ў майго старэйшага таварыша няма настрою або сілы працаваць, мушу ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Я нахіліўся над пультам і пачаў даваць патрэбныя каманды карабельнай ЭВМ. I раптам П. К., не абарочваючыся, папрасіў:

— Зрабі папраўку, Віцяй, мы затрымаемся.

Навошта гэта затрымка, я не зразумеў. Ды распараджэнні капітана не аспрэчваюцца. I я паслаў паведамленне ў Касмічны цэнтр.

15 лютага. Пакінуўшы ўчора мяне ў рубцы, П. К. паклікаў Вундэркінда. Ён нагаварыў робату процьму лічбаў, а тады пайшоў у сваю каюту.

— Тры гадзіны на сон,— папярэдзіў ён, быццам я збіраўся пабудзіць яго раней.

Пасля апошняга наведання П. К. спадарожніка мінула трыццаць адна гадзіна. Мне гэта не казала нічога. Але П. К. нечакана аб’явіў, што паляціць туды яшчэ раз. На маё нямое запытанне сказаў заклапочана:

— Даказаць не ўдалося, але, падобна, не лішне аднавіць завочны кантакт менавіта,— ён паглядзеў на хранометр,— праз пяць гадзін, семнаццаць хвілін сорак дзве секунды.

— Якая дакладнасць! — падкалоў я, хаця П. К., вядома, нічога не рабіў проста так.

А неўзабаве на экране я ўбачыў, як «Скакунок» асцярожна прычальвае да спадарожніка, як П. К. павольна выбіраецца з ракетаплана і, памахваючы рукамі, плыве, нібы ў зямным басейне, уздоўж чорнага і сёння чымсьці грознага цыліндра. Спыніўся П. К. на тым самым месцы, дзе спыняўся раней, і пакруціў па баках галавой. Чакае яго там нехта! Усё, што меліся, гаспадары спадарожніка, калі, вядома, іх сігналы прызначаліся нам, сказалі ўжо.

Здаецца, я глядзеў не надта напружана, але раптам у вачах як пацямнела, і тады «Скакунок», і П. К., і сам цыліндр пачалі ахутвацца нейкім туманам. Пакуль праціраў вочы, іх зусім не стала відаць. Сапсаваўся тэлепрыёмнік? Ліхаманкава націскаю клавішы асноўнай і запасной сістэм. А на экране замест адлюстравання спадарожніка цямнее густая непразрыстая пляма. ЭВМ адразу выдала, што яе памеры большыя, чым меў спадарожнік.

Некалькі імгненняў я тупа глядзеў на тэлеэкран, потым спахапіўся: выбух!

Я ўжо трымаў у руках скафандр, каб кінуцца выручаць таварыша, і ў гэты момант па ўнутранай сувязі прагучала: «Стажор Віктар, ты кіруеш караблём!» Азірнуўся. У дзвярах элінга стаяў Вундэркінд. Мне б яго клопаты. Згодна з інструкцыяй, я сапраўды не меў права пакідаць «Набат». Але ўсё роўна я парушыў бы інструкцыю, каб у час не здагадаўся, што сам робат да гэтай заўвагі не даўмеўся б. П. К., няйначай, прадбачыў нешта падобнае і даў яму даручэнне апякаць мяне. Надзея, што ўсё добра, была такая вялікая, што я не вытрымаў і знясілена прысеў на прыступку спушчанага трапа-лесвіцы запаснога ракетаплана.

Колькі прасядзеў — не ведаю. Апамятаўся толькі тады, калі П. К. падаў вестку. Ён вяртаўся.

19 лютага. Пішу шчыра: П. К. зноў ашаламіў мяне. Як тады, адгадаўшы сэнс марсіянскай крыніцы-маяка, што дало магчымасць знайсці ў неабсяжнай прасторы маленькую кропку-спадарожнік. I зараз яму прыйшло ў галаву параўнаць прынятыя ім у свой час сігналы з планеты сузор’я Індзейца і гэтыя, з чужога спадарожніка. Яны аказаліся вельмі падобныя. У П. К. ужо былі пэўныя меркаванні пра тую далёкую планету, і цяпер ён здолеў вылічыць, карыстаючыся запісанымі сігналамі, час яе абарачэння вакол свайго свяціла. П. К. рашыў, што, можа, гэта будзе дадатковым паролем для магчымага кантакту. Ён прыбыў на спадарожнік роўна праз суткі планеты сузор’я Індзейца.

I аўтаматы спадарожніка зрабілі яшчэ адну спробу расказаць аб сваіх гаспадарах.

Ледзь П. К. апынуўся на пляцоўцы цыліндра, як, аддзяляючы яго ад касмічнай прасторы, вырасла залацістая сферычная сцяна. I тады вакол нешта заспявала, заіскрылася, пераліваючыся, струменячыся, сціхаючы і разгараючыся. Расказваючы пра гэта, П. К. скардзіўся, што ў яго не хапае слоў, каб апісаць бачанае, перадаць свае пачуцці ў той момант. I я згодны з ім. Бо праглядаючы запіс гэтай гука-светлавой перадачы, запісанай на дасканалай плёнцы, здольнай зафіксіраваць самыя нязначныя адценні, таксама не магу апісаць свае ўражанні, адчуванні.

Як і папярэднія, гэта перадача паўтарылася двойчы. На жаль, мы і яе не зразумелі. Аднак, думаю, пакуль. Цяпер спадзяванняў на расшыфроўку пабольшала. Так што П. К. недарэмна затрымаў «Набат». I не мае істотнага значэння, што, можа, не мы, а другія прачытаюць, што хацелі сказаць зямлянам іншаплавецяне. Ды і людзі, ведаючы адрас, ужо самі могуць нешта сказаць касмічным братам па розуму.

А «Набат» лёг на зваротны курс.

Да Зямлі ляцець больш года. Колькі ж я ўсяго прабуду ў прасторы? Але як бы ні было цяжка, я ўсё роўна вярнуся ў космас!