Выбрать главу

— А я вось што скажу вам, бабы,— кінуў у гэтую цішыню першае слова гаспадар; ён стаяў у сенцах па той бок парога, усё роўна як прыйшоў сюды не разам, а толькі што, ды прыпыніўся ад нечаканасці на момант, здзіўлены, што ў ягоную хату набілася столькі незнаёмых жанчын; цяпер усе верамейкаўцы ўбачылі, што гэта быў мужчына гадоў пад трыццаць, якраз да пары маладой гаспадыні, хоць і выглядаў не такім мажным, як яна; дзіва, аднак і з твару яны мелі паміж сабой падабенства, жонка і муж,— былі аднолькава смуглявыя, а найбольш збліжала іх у гэтым падабенстве, бадай, тая нясмелая, амаль сарамлівая ўсмешлівасць (іначай яе не назавеш), што ўзнікала ў цёмных вачах, калі яны пачыналі зацікаўлена ўглядацца ў каго.— Гэта ваша шчасце яшчэ, што хоць так выйшла — і гэтую я прымусіў на гародзе схавацца, і тую немцы не павезлі з сабой, а ў камендатуру здалі.

— Ага,— заківалі галовамі жанчыны.

— Але як яе выбавіць адтуль? — асобна падала голас Анэта Прыбыткова.

— Добра было б, каб немцы зусім перадалі яе ў паліцыю,— акурат услых разважаючы, прамовіў гаспадар.

— Што б тады было?

— Дак... у Яшніцы начальнікам паліцыі кум наш. Пацана гэтага насіў хрысціць.

Кабеты з нечаканасці пераглянуліся — маўляў, сапраўды кум куму не адмовіць.

— А ці паслухаецца ён вас?

— Павінен паслухацца,— упэўнена, нават з адценнем самаздаволенасці, адказаў гаспадар.— Я вось толькі думаю, што адкладваць на заўтра гэтага не трэба. Лепей паспрабаваць уладзіць справу шчэ сёння. Як вы мяркуеце?

— Ну да,— ухапілася за гаспадарову прапанову Палага Хахлова,— трэба пагаварыць з чалавекам, можа, і праўда возьме Дуню ад немцаў?

— Тады вось што,— разважыў гаспадар,— хадземце да кума. Але не гамузам. Ты вось, як старэйшая, можаш пайсці са мной,— паказаў ён на Палагу,— і яна.— Позірк яго лёг на Розу Самусёву.— Няхай паглядзіць, што дарэмна немцы прычапіліся, ніякая ты не яўрэйка. Дакументы ж хоць ёсць?

— Адкуль яны ў нас?

— Ладна, скажу куму, што знаёмыя. І вы таксама ў адзін голас пацвярджайце, моў, начавалі не раз у маёй хаце, як на кірмаш з Верамеек сваіх прыязджалі.

Жанчыны на гэта ўцямліва заківалі галовамі.

— Да ўжо ж...

Тады гаспадар пацёр адна аб адну рукі, нібыта ад здаволенасці, што выпала заняцца чужой справай, і весела гукнуў на хату:

— Мы хутка вернемся. А вы тут вячэру згатуйце. Варыце бульбу. Ды паболей, бо во колькі сабралася вас. І, нябось, усе есці хочаце?

З гэтымі словамі ён выйшаў з сенцаў на вуліцу.

Тым часам Палага Хахлова кінулася да Гэлі Шарахоўскай, шапнула:

— Давай свае залатоўкі!

— Навошта? — збянтэжана спытала тая.

— Давай, давай,— не стала вельмі тлумачыць Палага.

Адвярнуўшыся да сцяны, Гэля злазіла к сабе ў запазуху, выняла загорнуты ў насоўку, як яна казала, матчын пасаг, аддала настырнай кабеце.

— Ну во, цяпера вярней будзе! — усклікнула здаволеная Палага і ўжо зусім весела падала знак Розе ісці з хаты.

У змроку — месяц сёння яшчэ не паспеў узысці — яны ледзьве адгадалі гаспадарову постаць. Той акурат слізгаў ці ляцеў кажаном спярша па нябачнай сцежцы ад хаты, затым па местачковай вуліцы, нават не чуваць было тупату ног, не тое штоб спатыкнуўся раптам або яшчэ нейкім чынам нарабіў шуму. Затое спадарожніцам яго даводзілася нялёгка, каб адно паспяваць за ім — разбітая, няроўная дарога ўвесь час нібыта раскрывалася, правальваючыся перад імі, ажно захалынала сэрцы.

— Значыць, мужыкоў сваіх не знайшлі ў нашым лагеры? — нарэшце спытаў спагадлівы чалавек.

— Не,— адказала Палага Хахлова.

— А яно ўжо, мусіць, у Яшніцы мясцовых і няма нікога,— пачакаўшы, пакуль кабеты наблізяцца зусім, сказаў ён.

— Ага, здаецца, няма,— згадзілася Палага.— Пра ета таксама казаў адзін на царкоўным двары. Кажа, мы тут усе то з Масквы, то яшчэ адкуль здалёку, а вашых няма. Кажа, можа, у Крычаве вашы?

— Ну, там могуць быць,— як пра нешта само па сабе зразумелае сказаў чалавек.— Нездарма ён завецца перасыльным пунктам ваеннапалонных. Але, каб ведалі, у крычаўскім лагеры нават здаровы чалавек доўга не працягне. Гэта не тое, што тут, у Яшніцы. І параўнаць нельга. Тут ужо працаваць прымушаюць. Ну, а калі працы ад чалавека патрабуюць, то і карміць хоць неяк, а мусяць. А ў Крычаве — там ні яды не даюць, ні лекаў. Як не трапіў адтуль куды-небудзь адразу, то, лічы, прапаў, небарака. Альбо немцы скрозь агароджу прыстрэляць, альбо сам з голаду здырдзіцца. Я брата шукаў там, дык бачыў. Думаў, і брат недзе папаўся немцам, але не, дарэмна толькі кума турбаваў, каб даведкі розныя для абодвух у немцаў выпраўляў.