— Не папаўся брат?
— Хто яго цяпер ведае! Гэта ж каб крычаўскі лагер апошні з усіх быў, дык ужо дакладна ведаў бы. А так падумаў, што ў палоне, ну і з’ездзіў, каб пасля клопату не мець, бо сумленне замучае, калі што якое. Але я пра кума таксама пачаў. Не павязло яму ў жыцці, куму майму, хоць сам чалавек ён добры. Якраз у маі гэтым, перад вайной, згарэў. Уначы. Хутчэй за ўсё ад маланкі. Але самога тады не было ў Яшніцы, дык і жонка згарэла і двое пацаноў. Словам, чалавек сербануў гора. Гаварылі мы неяк з ім і пра лагеры. Сапраўды, дзіўна — чаму раптам немцы пачалі дазваляць сяму-таму пакідаць іх? Аднаму выдадуць пропуск, так, сапраўдны пропуск, каб вяртаўся дамоў, а другога жонцы аддаць не пашкадуюць за кавалак сала, калі прыйшла ды пазнала свайго? Аказваецца, не таму, што немцы пагалоўна добрыя па натуры. На гэта загад ёсць вышэйшага камандавання. Баяцца, што ў лагерах заразныя хваробы пачнуцца. Ну, тыфус там розны ці яшчэ якая чума. Адным словам, баяцца, каб не перакінуліся гарачай парой хваробы з ваеннапалонных на войска, бо заразная вош можа з’есці хоць якую, нават доблесную армію. Вось генералы нямецкія якраз таму і спалохаліся. Але як я сабе думаю, то дабрата іхняя працягнецца толькі да першых моцных маразоў. Тады ніякай заразы не трэба будзе баяцца. Як захварэеш, то тут жа на марозе і адубееш, і вош твая не ўратуецца, нават калі і ў кішэні.
— Да ўжо ж,— згадзілася з павадыром Палага Хахлова.
— Так што спяшайцеся, бабы, шукайце сваіх мужыкоў. А не, дык ратуйце чужых.
Сказаўшы гэта, чалавек крута павярнуў налева, у нейкі вузкі прасценак паміж платоў.
— Ідзіце за мной,— кінуў ён назад.
Нават у цемнаце было відаць, што прасценак паступова шырэў наперадзе, пакуль нарэшце не вывеў на шырокі выган, таксама абгароджаны з бакоў платамі. На краі гэтага выгана, ужо на самым водшыбе ад местачковай вуліцы, свяцілася вокнамі хата.
Па тым ужо, што ў хату належала заходзіць не з сенцаў, а проста з выгана — адно адчыні знадворку дзверы ды перасігні парог, льга было меркаваць, што чалавек жыў у ёй нядаўна.
Старшы паліцэйскі якраз вячэраў. Ён сёрбаў варыва драўлянай лыжкай проста з чыгунка, трымаючы ў левай руцэ вялікую лусту хлеба, адкроеную ад буханкі, спечанай не ў хатніх умовах, на подзе ў печы, а ў пякарні,— няйначай, атрымаў на свой паліцэйскі паёк. Здавалася, каб адкусіць ад такога кавалка, мала будзе звычайнага чалавечага рота, аднак паліцэйскі аплятаў хлеб без асаблівай нязручнасці для сябе: быў ён чалавек шырокі ў плячах, з вялікай галавой і, адпаведна, з буйнымі рысамі твару. Ён не ўскочыў з-за стала насустрач увайшоўшым, нават не зрабіў лішніх рухаў, акрамя ўсё тых, што патрэбны былі пры вячэры, аднак галаву падняў адразу.
— А, гэта ты, кум? — прамовіў ён акурат расчаравана.— Ну, пасядзі трохі, а то я сёння забегаўся дужа, дык не было калі нават паесці.
Кум у адказ кіўнуў галавой, маўляў, зразумела, такая служба, і дастаў для сябе нагой з-пад вялікага драўлянага ложка нізенькі слончык, спрытна падчапіўшы яго наском бота.
Здавалася б, з усіх чатырох, хто прысутнічаў цяпер у хаце, найперш мелі патрэбу ў адпачынку здарожаныя верамейкаўскія кабеты, асабліва Палага Хахлова, якая, лічы, ад самага світанку была на нагах, але ім не паказалі, куды сесці. Зрэшты, нічога дзіўнага не было ў гэтым — просьбіткі ж!..
Пакуль кумы кожны заняты быў сваім — адзін зацята, як напаказ, нібыта дражнячы галодных, сёрбаў варыва, няспешна носячы лыжку з чыгунка да рота і назад, а другі моўчкі сядзеў і цярпліва чакаў, калі згаладалы гаспадар нарэшце апрастае чыгунок, каб пагаварыць аб справе, якая прывяла сюды яго з гэтымі чужымі жанчынамі. Палага Хахлова з Розай Самусёвай, стоячы ў парозе, амаль у прыцемках, бо святла ад лямпы не хапала на ўсю хату, паспелі кінуць вокам па хаце з кутка ў куток. Наогул, яна, гэтая хата, хутчэй нагадвала нейкую вартоўню, чым жылы будынак. Нават гармонік, што вісеў на сцяне па-над голым, без дзяруг і падушак, ложкам, не надаваў ёй патрэбнага выгляду.
Але вось паліцэйскі аблізаў з усіх бакоў лыжку, неяк паглядзеў на яе бліжэй да лямпы, быццам хацеў пераканацца, што на ёй нічога не засталося, тады паклаў нізам на край чыгунка і спытаў:
— Дык гэта яны?
— Ага,— стомленым голасам адказаў кум.
Паміж імі ўжо, няйначай, ішла сёння ў нейкім месцы гаворка пра верамейкаўскіх кабет і пра тое, што здарылася з імі ў Яшніцы, бо нездарма паліцэйскі адразу спытаў так, а потым акурат невідушчым зрокам доўга глядзеў у парог, дзе Роза Самусёва і Палага Хахлова ўніжана чакалі вырашэння Дунінага лёсу.