Выбрать главу

— І бывае ж у цябе ахвота, кум...— засмяяўся нарэшце паліцэйскі, але ўсё ж дакончыў сваю думку ўголас: — Кажа, і ахвота табе лезці не ў сваю справу. І заўсёды вось так. Колькі я помню цябе, дык ты калі не з адным, то з другім. То раптам сабаку пакалечанага чужога прыгрэеш, то чалавека якога-небудзь гнілога дамоў прыцягнеш. А цяпер вось нейкія бабы. Адкуль жа хоць яны?

Палага Хахлова зразумела па размове, што час ужо ёй выйсці на хату з прыцемак зусім ды абазвацца там сваім голасам.

— З Верамеек мы,— сашчапіўшы рукі на жываце, выступіла яна і ныкнула галавой у паклоне.

— З якіх Верамеек? З тых, што пад Чавусамі?

— Не, мы з другіх,— адказала Палага.— Мы з тых, што па Бесядзі ўніз.

— А-а-а,— зразумеўшы, заківаў галавой паліцэйскі.— Дык каторая з вас жыдоўка? — І, адводзячы позірк ад Палагі ў прыцемак, з усмешкай усклікнуў: — Пэўна ж не ты!

Тады Палага крутанулася на босых нагах і як не выхапіла з парожжа вялую і непадатлівую Розу Самусёву.

— Ну, якая яна вам яўрэйка? — павышаючы скорагаворкай голас, з надрывам, быццам пакутуючы ад раптоўнага прыступу даўняга болю, паказала яна на разгубленую маладую жанчыну абедзвюма рукамі, узняўшы іх на ўзроўні плячэй перад сабой.— Ці ж вы не бачыце па твары, што яна наша, верамейкаўская, і бацька яе ніякі не яўрэй, і маці вясковая баба. Ну і што, што чарнявая? Дак ці мала ж сярод нашых таксама чарнявых? А яны — яўрэйка! Ну, ладна, няхай немцы, дык яны, можа, зусім нічога не тулумкаюць, а вы-то? Што, і вы не ўгадваеце па твары, якая яна яўрэйка? І-і-іх!..

— Цыц, баба! — чамусьці паставіў локцем руку на стол паліцэйскі і павадзіў з боку ў бок растапыранай далоняй.— Цыц! А то галава распухае. Я і сам бачу, што яна не жыдоўка. Толькі ў адрозненне ад цябе, цётка, я не па твары гэта ўгадваю, а па нагах. Яўрэек трэба пазнаваць па нагах. Ды ладна, зараз не пра гэта. Мне цікава ажно, што думала сабе тая ваша, другая, калі на немцаў з кіпцямі кідалася?

— Хто, Дуня? — нібыта здзівілася Палага Хахлова.

— Дуня, Дуня!

— Дак...

— Яна ж не кідалася сама!..— нясмела падала свой голас і Роза Самусёва.— Ета салдаты яе хацелі, дак яна...

— Аказваецца, вунь што! Цнату бараніла! — падміргнуў паліцэйскі куму.— Надумаліся, што бараніць. Ды калі хочаце ведаць, то ні адзін немец, каб вы нават і прасіліся, не падышоў бы да вас без мыла. А цяпер вось ламай галаву, разбірайся з вамі. Гэта хваліце яшчэ бога, што натрапілі на кума майго, на гэту жаласлівую душу, а то б... і разбірацца доўга не сталі. Так, і разбірацца б не сталі. Ведаеце, што бывае за супраціўленне ваенным уладам? А куму майму таксама трэба і ў гэта нос сунуць!

Гаворачы ўсё гэта, паліцэйскі ўвесь час не зводзіў вачэй з кума, але той сядзеў, ссутулены, на слончыку і, здавалася, абыякавы быў да ўсяго, што рабілася ў хаце, нібыта клопату яму хапіла адно прывесці сюды гэтых жанчын. Таму паліцэйскі ажно гукнуў:

— Ці мо заснуў, Піліп?

— Заснеш з вамі! — паволі падняў галаву госць, акурат баяўся, што раптоўны і рэзкі рух сапраўды выдасць яго.

— Але ж, мусіць, праслухаў, што я тут гаварыў,— ледзь не пакрыўджаным голасам сказаў паліцэйскі.— Дык я нанава скажу табе. Тое, што гаварыў і раней, калі ты адзін прыходзіў да мяне. Добра, памагу табе і ў гэтай справе. Схаджу заўтра да бургамістра. Не, лепей не да Смяглікава. Схаджу адразу да каменданта, раз з немцамі бойка звязана. Няхай аддадуць бабу нам, і закрыем гэтым справу. Так і запішам — гэта не жыдоўка, а тая — чэсць сваю жаночую бараніла, думала, што... Словам, не пра тое падумала баба ды кінулася кошкай згарача вочы драць.

— От дзякуй вам, добры чалавек! — падумаўшы, што нарэшце ўсё абышлося, пачала ныкаць уніз галавой Палага Хахлова.— І самі будзем дзякаваць, што з бяды етакай выбавілі нас, і дзецям сваім накажам, каб ведалі ды шанавалі заўсёды, і мужам раскажам пра ўсё, як вернуцца з вайны...

— Ясна, і ўнукам, і праўнукам! — падхапіў паліцэйскі, але з ухмылкай на вуснах, усё роўна як не верыў, што людзі наогул здольныя на нейкую там удзячнасць, альбо проста не надаваў усяму гэтаму аніякага значэння.

— Дак а што? І ўнукам, і праўнукам! — не разгубілася Палага Хахлова.

— Ну, дапусцім, ад вас я ўдзячнасці не чакаю,— махнуў рукой ад сябе паліцэйскі, але сказаў ужо мякчэй трохі і, бадай, не так насмешліва-няверліва, як перад гэтым.— Не вы мяне знайшлі, і не вам я падахвоціўся памагчы. Тут кум мой, Піліп, галоўную скрыпку іграе, з яго і спагнанне маё, ад яго і ўдзячнасць буду патрабаваць. Ну як, Піліп?

— Дык хто ж за добрую справу дзякуй пашкадуе даць? — зварухнуў загадкавай усмешкаю вусны кум Піліп.