— Але ж ты ведаеш нашу ўмову? — выцягнуў шыю чамусьці павесялелы паліцэйскі.— Давай канчаткова дамаўляцца: я да каменданта свайго іду ўранку, і няхай твае кабеты гэтыя коцяцца па дарожцы, куды ім зажадаецца, а ты — мне заяву на стол.
— Кум, не пра тое ты зноў гаворыш,— пакутліва выпрастаў ссутуленую спіну Піліп.— Ведаеш, як у святым пісанні сказана пра гэта?
— Успомніў што! — смыкнуў шчакою паліцэйскі.— Ты прачытаў бы, што пішуць у самым найноўшым завеце. Вось падзівіся, пачытай.— Ён вылез з-за стала, падышоў да сцяны, дзе на цвіку вісела нейкая хатняя апранаха, выняў з кішэні яе складзеную ўдоўжкі газету.— Цяпер трэба жыць па гэтым пісанні. На, чытай.
— Але ж... хто старое забудзе, таму вока вон,— беручы з рук паліцэйскага газету, буркнуў Піліп.
— Э-э, не! — сядаючы перадам на хату край стала, зацята закруціў галавой паліцэйскі.— Гэта ты перайначыў. Хто старое памяне, таму вока вон, вось як трэба правільна.
Госць разгарнуў перад сабой на дзве рукі газету, і ўсім адразу кінулася ў вочы назва: «Менская газета ».
— Гэта цяпер такая выходзіць? — глянуў на гаспадара прышлы кум.
— Сам жа бачыш па загалоўку.
— Палучаеш?
— Не, гэта бургамістру хтосьці прывёз цэлы пук з Мінска, дык ён і мне адну пачытаць даў. Нам газеты яшчэ не прысылаюць. А то, кажуць, зноў і падпіска будзе, калі хто пажадае дома атрымаць, і так. На службу будуць па пошце газеты прыходзіць. Словам, усё, як і належыць, хутка наладзіцца. Толькі вось, паглядзеў я, дорага выходзіць. Бачыш, напісана цана: дзесяць фенінкаў па-нямецку, альбо адзін рубель па-нашаму. Дык дзе тых рублёў цяпер набрацца, калі і праўда давядзецца плаціць па рублю за газету. Гэта ж каб накапіў іх хто дасюль. Таксама і без газет быццам нельга. Дык там, унізе злева, чытай.
Але кум Піліп яшчэ спытаў:
— Ну, а немцы, як плаціць за службу збіраюцца? Венікамі ці савецкімі?
— І савецкімі, і сваімі,— усё роўна як не пачуўшы Піліпавых «венікаў», сур’ёзна адказаў гаспадар.— Здаецца, палавіну жалавання тымі, а палавіну тымі. Праўда, адзін к дзесяці: адна марка — дзесяць рублёў каштуе. Я нават здзівіўся тут. Паўсюды паздымалі партрэты Леніна, Сталіна. Ну, думаю, а што будуць рабіць з чырвоненькай трыццацірублёўкай? Там жа таксама Ленінаў партрэт. Ажно не, не чапаюць. Вось што значыць грошы, капітал. Цэннасць. Вышэй нават за палітыку!
— Гм,— хутчэй ад здаволенасці, чым ад здзіўлення, пакруціў галавой Піліп.
— Ну, чытай,— падагнаў яго гаспадар.
Нарэшце госць, як і падказваў гаспадар, кінуў вокам ад загалоўка ў ніжні левы кут газеты. Там пад агульнай шапкай «У вапошнюю хвіліну» была змешчана інфармацыя — «Цімашэнка звольнены. Будзённы на Лубянцы».
Зразумела, што мала хто цяпер устрымацца здольны быў, каб не прачытаць гэта паведамленне «Менскай газеты» да канца. Піліп таксама старанна, ледзь не сапучы ад унутранай напятасці, проста глытаў кожнае слова. Не паспеў ён падняць галавы ад газеты, як старшы паліцэйскі задзірліва, быццам у даўнюю адпомсту, сказаў:
— Ну вось, а ты яшчэ сумняваешся. Сталіну сапраўды ўжо кранты. Бо з кім яму цяпер ваяваць? У яго і палкаводцаў сваіх ужо, лічы, няма. Давядзецца яму амерыканцаў ці англічан наймаць, раз сваімі дужа лёгка распарадзіўся. Але не думаю, каб нашы салдаты ды пад началам амерыканцаў або англічан сталі ваяваць.
— Ну, а што Маскву ўзялі, не пішуць? — пакідаючы кумаву гаворку без адказу, спытаў акурат сам у сябе Піліп і пачаў кідацца вачамі па іншых загалоўках.— Здаецца, не пішуць.— Ужо зусім знарок, але нібыта ад здзіўлення, паціснуў плячамі ён.— А ты казаў, што ўзялі ўжо!..
— Дык газета не сённяшняя!
— Думаю, што і ў сённяшняй немцы яшчэ не напісалі пра гэта.
— Калі не напісалі, то напішуць. На гэты конт будзь спакойны.
— Ды я і так не дужа хвалююся. Але даў бы газету гэтую дамоў мне. Дома я лепей прачытаў бы.
— Нічога, чытай тут.
— Дык жа пара ісці, кум. Бабам заказаў бульбу варыць. Мусіць, ужо гатова недзе, дык трэба весці і гэтых вось таксама, няйначай галодныя.
— Нічога, патрываюць і без бульбы. Ну, а калі ахвота ўжо вялікая на тое, дык няхай сабе ідуць. Іх ніхто не затрымлівае, а мы з табой далей пагаворым па іхняй справе.
— Як жа яны без мяне, кум?
— Ага, дарогі к дому не знойдзем! — падала голас Палага Хахлова.
— Будуць тыцкацца ў пацёмках і хаты не знойдуць,— сказаў далей заступнік верамейкаўскіх кабет.
— Ну, як знаеш, мілы! — недавольна паёрзаў на месцы паліцэйскі.— Але ўмовы сваёй я не адмяняю. Я кабету табе заўтра цалюсенькую вяртаю, камендант дзеля гэтага паслухаецца мяне, а ты заяву ўручаеш. З заўтрашняга дня і служыць у паліцыі пачнеш.
— Але што пра мяне людзі скажуць? — устаўшы з слончыка, падаў Піліп гаспадару газету.