Выбрать главу

— Тое, што і пра мяне.

— Ну, дапусцім, розніца ёсць,— запярэчыў Піліп.— Ужо нават тая, што мяне ў армію не ўзялі.

— Знайшоў чым хваліцца!

— Хваліцца тут і праўда няма чым,— спакойна разважыў госць,— аднак задумацца ёсць пра што. У армію па здароўю не ўзялі, а тут у паліцыю сам запісаўся. Альбо, можа, я гэтым часам паздаравеў? Уяўляеш, што пра мяне ў Яшніцы заўтра скажуць, абы я павязку гэту начапіў?

— Ну, як знаеш!..— акурат пакрыўджана, паціснуў плячамі старшы паліцэйскі, але ў гэтай ягонай пакрыўджанасці было болей прыхаванага прытворства, чым сапраўднага пачуцця.

Бачачы, што гэтае наведанне старшага паліцэйскага можа не мець станоўчых вынікаў, Палага Хахлова раптам сцялася і, яшчэ больш страпянуўшыся душой, адважылася ўзяць далейшыя перамовы на сябе.

— Не, ты ўжо, добры чалавек, пашкадуй нас,— ступіла яна да стала, дзе сядзеў натапыраны гаспадар, і паклала залатоўку, адну з трох, што амаль сілай узяла перад гэтым у Гэлі Шарахоўскай.

Паліцэйскі адразу скеміў, што гэта за метал заблішчаў на стале. Ён тут жа ўзяў залатоўку ў руку, паднёс бліжэй да вачэй.

— Ого, яшчэ мікалаеўская! — падкінуў на руцэ залатую манету.

— Дак ты ўжо і праўда пашкадуй нас,— зноў сказала Палага Хахлова, але цяпер не так уніжана, як рабіла гэта раней, калі таксама звярталася да паліцэйскага, нібыта цалкам была ўпэўнена, што золата памела сваё дзеянне.

— Ну што ж,— плюскаючы вачамі, паглядзеў на яе паліцэйскі,— на каменданта, бадай, гэтая манета мацней паўплывае, чым нават Піліпава заява. Але ж гэта аднаму каменданту. А яшчэ?

— І для цябе во таксама ёсць у мяне,— ужо зусім пасмялела Палага, кладучы на стол астатнія залатоўкі.— Праўда, не свае, пазычаныя, ды няхай ужо. Толькі і зрабі для мяне ласку. Там у лагеры ёсць чалавек адзін. Выручы ты яго, аддай мне.

— Хто ён табе?

— Ніхто. Чужы.

— Адкуль?

— Кажа, з Масквы.

— А навошта ён табе?

— Дак...

Старшы паліцэйскі раптам зарагатаў на ўсю хату, сказаў насмешліва, нават абразліва:

— Ну вось, мужык недзе яшчэ жывы, а яна ўжо другога знайшла! Брыдкія вы ўсё-ткі істоты, бабы!

XIII

На ўсе Верамейкі пахла гарэлым. Куды ні пайсці, у якім канцы вёскі ні стаць — у канаплёўскім ці канчанскім — усюды забіваў ноздры гэты гарэлы хлебны пах. Хоць ужо зіхцела раніца, але патыхала не ад печаў, што сёння, таксама як і кожнага дня дасюль, дымілі ў неба цаглянымі комінамі. Пахла прэжаным з поля, з Паддубішча.

Стрыманы вецер дыхаў адтуль як не чадам. Здалёку, яшчэ з вёскі, відаць былі адкрытаму воку на схілах жоўтага кургана шматлікія чорныя лапкі, розныя па форме,— гэта ужо як дзе занялося ад агню ржышча,— над якімі часам яшчэ ўзляталі ўгору трапяткія іскры, што выдзімаў, набягаючы парывамі, вецер. Адсюль жа, з вёскі, было відаць таксама, як пахаджвалі там, рухаліся зданямі чалавечыя постаці.

У Зазыбаў у хаце таксама не сціхала гамонка пра начны пажар. Праўда, гаварыла пра яго, уздыхаючы, Марфа, кожны раз пачынаючы, быццам забыўшыся, нанава, а тады ўжо ёй памагаў Масей, які наогул, здавалася, папярэджваў ледзь не кожнае слова яе. Вядома, у тым, што Масей зрабіўся гэткі гаваркі, нічога дзіўнага не было — гады, якія яны не бачыліся з маці і якія сталі для іх пакутлівай разлукай, тлумачылі ўсё як найлепей. Аднак быў у ягонай словаахвотлівасці і другі бок, дакладней, была другая прычына і, можа, самая важная. Яна заключалася ў тым, што бацька сёння не паказваў не толькі лішняй, а зусім ніякай ахвоты сказаць слова ў хаце. Такім чынам, гэтай сваёй словаахвотлівасцю, якая, уласна, абмяжоўвалася амаль кожны раз самай звычайнай хатняй гамонкай, пра самыя звычайныя рэчы, сын нібыта памагаў маці. Гэта было ў ім старое пачуццё, што выклікалася заўсёды жаданнем, яшчэ ледзь не з малых гадоў, узяць ва ўсім матчын бок, і не столькі паспагадаць маці, колькі абараніць яе, як яму здавалася, ад бацькавай чэрствасці. Дарэчы, гэтае старое пачуццё, як помніцца, ці не адразу ж заявіла аб сабе і ў тую ноч, калі Масей вярнуўся дамоў. Між тым, бацька сёння выглядаў ажно чорным ад панурасці.

Ён наогул цяпер увесь час знаходзіўся ў адным і тым жа настроі, які дакладна вызначаўся словам — кепскі, і, можа, толькі тыя нядоўгія хвіліны, калі яны сустрэліся ўначы на ганку, настрой у яго быў зусім іншы. Тады бацька альбо не саўладаў са сваімі пачуццямі, альбо свядома даў ім волю. Ва ўсякім разе то была сапраўдная сустрэча з сынам, як і належала ёй адбыцца паміж двума блізкімі чалавекамі, якія шмат перадумалі адзін аб адным у часе разлукі. Але тая першая радасць хутка прайшла, нават магло здавацца, што яна не была радасцю, а нейкай вымушанай данінай у праяўленні пачуццяў з бацькавага боку. Масей хутка адчуў, яшчэ да таго як пайсці ў лазню, што бацьку пачало чамусьці непакоіць ягонае нечаканае з’яўленне, і чым даўжэй ён жыў дома, тым мацней пераконваўся ў гэтым, асабліва калі браць пад увагу, што бацька, бадай, і не хаваўся са сваім непакоем ад яго. Праўда, пасля паездкі ў Бабінавічы бацька неяк трохі ажно пажвавеў, стаў менш задумлівы, быццам яго там, у мястэчку, на самай справе парадавалі чым. (Пра тое, што на зваротнай дарозе давялося наведацца ў Мамонаўку, каб пабачыцца з Чубарам, ён і слова не сказаў.) Але спаць клаўся зноў, як прыгнечаны. Калі вячэралі разам — маці, бацька і Масей,— пачалася, як і водзіцца ў такім выпадку паміж людзьмі, што доўга не бачыліся, гаворка. Спярша гаспадар трохі расказваў пра нараду ў Бабінавічах, што хацеў ад прысутных камендант на ёй і як тыя ўспрынялі паведамленне аб «новым парадку». Потым пачаў расказваць пра сваё турэмнае жыццё Масей. Ужо недзе на палавіне яго размовы бацька, які ці не адразу звёў над пераноссем бровы, раптам у дадатак перасмыкнуў ад прыкрасці левай шчакой, сказаў: