— Ат, і ахвота табе, сын, увесь час язык таміць на адным! І сабе вярэдзіш душу і нам з маткай галовы тлуміш! Ну, было! Але ж я табе казаў ужо!.. Цяпер не час пра гэта ўсё ўспамінаць! Ты адпакутаваў, другі папакутаваў! Ды што нашы тыя пакуты ў параўнанні вось з гэтымі, калі ўвесь народ у бядзе?
— Бяда — яна заўсёды бяда,— спакойна, але нібыта трохі насмешліва паглядзеў на бацьку Масей.— І малая — бяда, бо яна чыясьці, і вялікая — бяда, бо яна таксама нечая. Думаеш, калі я пра сваю гавару, дык іншага не бачу ці не адчуваю? Але мяне дзівіць — ты ўсё роўна як не верыш таму, пра што я гавару. Сам жа, нябось, таксама нямала папакутаваў. Ну, няхай праз мяне. Так у нас і выходзіла — ты праз мяне, а я праз каго?
— Гэтага я не ведаю!
— І не хочаш ведаць.
— Гм,— паёрзаў на ўслоне бацька.— Я кажу, не час цяпер пра гэта ўспамінаць! Вайна ж!
— Для цябе, бацька, вайна — усяго толькі вялікая бяда...
— І час вялікага выпрабавання!
— Няхай так. Але ж зразумей — вайна не толькі ўсенароднае гора, яна таксама і вынік палітыкі, якая вялася перад гэтым.
— Ну і што, калі вынік палітыкі?
— А тое, што ў цяперашнім адступленні жалезнай заканамернасці няма, значыць, маглі немцы наступаць, а маглі і мы.
— А-а, вунь ты пра што! Значыць, ты хочаш сказаць, што вінавата савецкая ўлада?
— Чаму? Я хацеў сказаць...
— Ну, вось што, сын! — адразу пацішэў, робячы халодны голас, бацька.— Ты сваё тое, што хацеў сказаць, трымай пры сабе!.. Паслухай лепей мяне!.. Можа ж, я заслужыў хоць сваімі пакутамі, як ты кажаш, сказаць гэта!.. Для мяне савецкая ўлада — як для маці тваёй ты!.. Ёй, бачыш, няма ніякай справы да таго, які ты цяпер і што ты гаворыш, і што збіраешся рабіць!.. Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. А ўжо ты павер мне — ні адна маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае!.. Яна б тады і мучыцца не мучылася праз яго. Нават не раджала б!.. Вось гэтак і для мяне савецкая ўлада! Я яе таксама... ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!.. Канечне, цяпер у немцаў ці ў якога-небудзь Брава-Жыватоўскага можна праслыць героем, лаячы савецкую ўладу, расказваючы розныя жахі!..
— Ды не лаю я! Я толькі кажу, што...
— Вось ты ўвесь час кажаш, а я дак і дасюль не ведаю, з чым ты дамоў прыйшоў, што ў цябе ў галаве?
— Ну-у, бацька, ты ўжо зусі-і-ім!..
— І не зусім, а кажу пра тое, пра што павінен сказаць, бо я табе бацька. З такім настроем цяпер, ведаеш?..
— У нас з табой выходзіць так, што, здаецца, далей ужо і няма куды.
— Так, далей ужо і праўда няма куды! — паківаўшы галавой, з задумлівым выглядам сказаў бацька, усё роўна як убачыў за гэтымі сваімі словамі, таксама як і за сынавымі словамі, штосьці зусім іншае, нейкі другі сэнс, а не той, які ўкладваўся ў іх на самой справе.
Больш яны не загаварылі. Акурат дзеля прыліку пасядзелі колькі часу за сталом па абодва бакі насупраць, а як Марфа пачала прыбіраць апрастаны посуд, усхапіліся ледзь не разам на ногі і разышліся ў розныя канцы — бацька выйшаў нечага ў сенцы, сын, наадварот, даўшы на хату глухое «дзякуй», скрыўся за філёнкавымі дзвярамі на другой палавіне пяцісценкі.
А потым быў пажар у Паддубішчы. Хоць і пачаўся ён недзе пасля паўночы, але ў Зазыбавай хаце сон звычайны тады яшчэ да ўсіх не прыйшоў. Уласна, спала пакуль адна Марфа. Бацьку з сынам, як кажуць, не да моцнага сну было. Яны то зусім не зводзілі вейкі, варочаючыся з боку на бок, кожны на сваёй пасцелі, то ляжалі ў паўзабыцці, не губляючы цалкам свядомасці. Думкі ў абодвух віравалі неспакойныя, трапяткія, як і тое полымя, што кідала з Паддубішча водбліскі на вёску, памнажаючы такім чынам агульны неспакой на цёмных вокнах верамейкаўскіх хат. Спярша было цяжка адрозніць, ці гэта ўсё яшчэ свяціў у хату, туляючыся за вёскай, месяц, ці сапраўды штосьці гарэла. Нарэшце, нехта крыкнуў на вуліцы: «Пажар!»