— Здаецца ж, буслы раней гняздо мелі не там?
— А-а-а,— усміхнулася маці,— запомніў? Дак тае бярозы няма. Пчолы ў дупле знізу былі завяліся, ну, і некаторыя нашы аматары даставалі мёд, усё дупло падразалі шырэй, каб лягчэй браць соты, а тады ў навальніцу бура і саўсім зламала дрэва на надрэзаным месцы. Так што колькі гадоў пасля не было дзе сесці буслам. Прыляцяць вясной, пакружаць над вёскай і паляцяць назад. Ну, а тады неяк Яшка ўзвалок барану і на ету бярозу. А ты от прыкмеціў ай не, што на гняздзе ўвесь час адна і адна птушка стаіць, і ніхто к ёй не прылятае?
— Не.
— Дак ета сама бусліха, а бусла няма.
— Чаму?
— Тута ў нас цэлая гісторыя раней з етым была,— адказала Марфа.— Бачыш, бяроза якая тоўстая, што ажно голлем дастае цераз дарогу на Ляксейкаў гарод? Дак з етага якраз і выйшла ўсё.
Паўз лазню, што стаяла з накінутым на прабой чэпам, яны ўжо выпроствалі па быльніку да глінішча, каб трапіць на сцежку, па якой належала ісці далей, на гуцянскую дарогу, а адтуль у Паддубішча.
Дыхалася Масею, як у звычайную пагожую раніцу, хоць асаблівай узнёсласці, якая здараецца ад раптоўнага далучэння да прыроды, не адчувалася.
Сонца тым часам страціла ўжо ранішні выгляд, было сліпучае і гарачае; стоячы акурат над гуцянскай дарогай і мала не дайшоўшы да жытнёвага палетка на кургане, яно свяціла цяпер у твар.
Убачыўшы злева ніжэй бружмелевага куста на тым беразе рова адкрытыя пячуркі, Масей адразу падумаў: вось добра, трэба прынесці на бацькаў падворак у кашы гліны, можа, сапраўды калі сверб у руках з’явіцца...
Некалі ён збіраўся паступаць у мастацкае вучылішча, але не выйшла па самай простай прычыне, з-за вялікай адлегласці — Віцебск, дзе было ў Беларусі адзінае такое вучылішча, знаходзіўся далёка ад Верамеек; тым часам зусім блізка, у Мсціслаўлі, ужо каторы год працаваў педтэхнікум, дзе вучылася на настаўнікаў сялянская моладзь з усёй акругі. Гэта і вырашыла канчатковы выбар. Тым больш што дамашнія, пачынаючы ад дзеда Яўмена, таксама не ўхвалялі намер «ляпіць з гліны чалавекаў». Іншая справа — настаўнік! Але захапленне, якое абудзіў у хлопцу ў час грамадзянскай вайны чэх з інтэратрада, не траціла над ім улады.
Маці ступіла першая на сцежку з рудога быльніку, азірнулася на Масея.
— Дак паслухай далей, як яно было з етымі бусламі,— сказала яна, чакаючы, пакуль наблізіцца сын.— Зяць у Ляксейкі завёўся з пасёлка Слабадскога, здаецца. Ты ж, пэўна, помніш іхнюю Зену, дак прыехаў да яе, і не абы-хто, каб сказаць, а настаўнік. Я ўжо не ведаю, што чытаў ён у школе, пра ета табе другі хто скажа, але з вінтоўкай ён бегаў часта па Верамейках. Як прыехаў к нам, дак за школай верамейкаўскія хлопцы адразу нават стрэльбішча выкапалі, значкі розныя на грудзі начапілі. Усё хадзілі страляць па кружочках чорных. Іншы раз ідзеш паўз той роў к возеру бялізну паласкаць, а яны ажно валяюцца тама, тыя намаляваныя на паперах кружочкі, быццам птушка іх падзяўбла. Ну, за што ўжо вінтоўка ў яго добрая была, дак нячутна страляла, груку не рабіла. Шпокаюць паціху тама хлопцы сабе каля школы пад горкай, а нам тута ў вёсцы і не чуваць. Але ж я не пра ета. Вось што было. Глядзеў неяк настаўнік, што буслы носяць у гняздо вужоў. Ну, а яно і праўда — буслы ж кормяцца абы-чым па нашаму людскому паняццю: то жаб на балоце ловяць, то вужоў выглядаюць, а то і гадзюку налучаць. Тады і нясуць усё жывое ў гняздо. А калі бусліха сядзіць на яйках, дак і яе ў тую пару карміць трэба. Я ета к таму, што кожны ведае, чым буслы звычайна кормяцца. Ну, а ён, Ляксейкаў зяць, бытта першы раз убачыў. Кажа, панапускаюць гадзюк у гарод, а тыя і ў хату напаўзуць. Схапіў у гарачцы вінтоўку да й стрэліў, доўга не думаючы, забіў бусла.
— А верамейкаўцы што?
— Дак што мы! Пашумелі трохі, а тады перасталі. Ведалі, што буслы адпомсцяць за сябе. Махнытку на страху прынясуць адкуль. І што ты думаеш — разы два ўжо Ляксейкаў двор загараўся, аднак заўсёды хто-небудзь нахопліваўся, то сам Ляксейка, то Ціток таксама аднаго разу выратаваў сям’ю ад пажару, убачыў з сельсавета агонь да падняў шум.
— А зяця Ляксейка пасля таго не прагнаў? — спытаў Масей.
— Дзе ты прагоніш яго! Да і навошта? Што ні кажы, а настаўнік. Такія зяці на дарозе не валяюцца.
Тады Масей яшчэ спытаў:
— Дзе ж ён цяпер, настаўнік?
— На вайне. Усе ж на вайне, дак і яго забралі па мабілізацыі. Кажуць, чалавек ён бытта не благі. Ляксейка заўсёды дайжа хваліў на людзёх, а во што дурны, дык ужо праўда. Тута ніхто нічога не скажа. Навошта было забіваць карысную птушку?
— Бусліха з таго часу адна?
— Адна. Праўда, усё ж вывела ў той год птушанят. Хоць і галодная колькі дзён сядзела на яйках, пакуль тыя не вылупіліся, а вывела. Але ж навучыла лятаць да ў вырай паслала, то, можа, і сама больш ніколі не бачыла іх. Адна кожны год прылятае. Як толькі праталіны зацеплюцца на курганах, дак і ляціць сюды. Зойме гняздо першая і сядзіць сабе. Другія буслы папаркуюцца, а яна так. Як не стала яе бусла, дак другога і не завяла. Бывае ж, буслы б’юцца за гняздо, хочуць заняць самі чужое, але на яе, здаецца, ні разу не нападалі. Пакружацца над бярозай і паляцяць у іншае месца, усё роўна, як ведаюць, што не трэба чапаць, акурат здагадваюцца, што аўдавела птушка. А яна сядзіць вось так і сядзіць, з вясны да восені. Нават мала калі па ежу на балота лятае. Да і што ёй адной трэба тае ежы! Ета як і чалавеку аднаму — абы клопату меней. А нашы ўсё гавораць: Ляксейкаў двор пастаіць цэлы толькі да трэцяга разу.