— Цяпер будзе стаяць,— акурат запярэчыў Масей.— Відаць жа, няма каму ў вёсцы падпальваць.
— Можа, й так,— кіўнула галавой, хаваючы глыбокую ўсмешку, маці.— Не бабы ж рабілі ета, што падпальвалі. Ну, а мужыкоў цяпера на вайну пабралі, дак ты правільна кажаш: будзе стаяць, нічога з ім, етым Ляксейкавым дваром, не стане. Я во думаю толькі, чаму яна адна, бусліха? Няўжо не можа знайсці сабе новага да пары?
— А буслы не шукаюць,— сказаў, трохі падумаўшы, Масей.— Дажываюць дні ўжо адзін па адным, калі раптам што здарыцца.
— Глядзі ты, вернасць якая! — па-добраму здзівілася маці, пасвятлеўшы тварам, усё роўна як гэтае адкрыццё дадавала нешта зусім нечаканае ў яе ранейшае разуменне; Масей адчуў нават, што маці парывалася прадоўжыць сваю думку, але ці то саромелася гаварыць пры ім, ці якая іншая прычына стрымлівала; нарэшце ўсё ж загаварыла зноў: — А яно цяпера неяк выходзіць само, што верамейкаўцам часта даводзіцца вачамі свяціць. І хоць бы ў адных сваіх шал у галаве быў, а то і чужыя дабаўляюць. Во і надоечы выйшла нядобра. Тута Раман Сёмачкін прывёў з сабой аднекуль чалавека, кажуць, уцяклі разам з войска, дак той застрэліў дайжа лася. Мы ўсе жыта ў полі жнём, якраз падзялілі, а ён убачыў лася на сухадоле да й стрэліў. Тута звеку таго лася ніхто жывога не бачыў, а ён раптам... Малое ў лася засталося. Кажуць, зусім як цялятка ў каровы. Цяпера недзе нудзіцца адно. Ажно шкода. Хоць ты схадзі куды да пашукай у кустах, каб у хлеў прывесці. Няхай бы вырасла дома, а тады і ў лес не страшна пускаць падужэлае.
Дзіва, але калі б загаварыў вось гэтак пры ім хто іншы, а не яго маці, Масей няйначай прыйшоў бы ў захапленне, уражаны і шырынёй думкі і глыбінёй пачуцця. Аднак, слухаючы сваю маці, Масей далёкі быў нават ад звычайнай замілаванасці з гэтай прычыны, усё роўна як яго маці і павінна была вось так, а не інакш разважаць і адчуваць.
А маці, між тым, гаварыла і хапалася ісці, нават тая немалаважная акалічнасць, што сёння побач крочыў сын, не магла не выдаваць у яе рухах сялянскай нецярплівасці хутчэй трапіць на палетак.
Яны падыходзілі ўжо да гуцянскай дарогі, дзе стаялі расчыненыя вясковыя коўраты, якія насупраць моста з таго боку ўмоўна падзялілі Верамейкі на дзве часткі; з гэтага боку, ад гарбатага поля, што спадзіста прытулілася да самых вясковых двароў з так званымі верхнімі гародамі, перад гуцянскай дарогай сцежка ўзбягала на высокі грудок, усё роўна як знарок насыпаны некалі людзьмі для нейкай няпростай патрэбы; адсюль найперш кідалася чалавеку ў вочы сваёй бліскучай паверхняй сплюснутае возера, хоць на самой справе яно было круглае, потым лес паміж вадою і небам; і што дзіўнае, а можа, і не так дзіўнае, як нечаканае для таго моманту, калі адкрываеш гэта,— бляск, колер неба і вады, здавалася, заўсёды залежалі адно ад другое; затое прыбярэжны лес, скрозь хвойны, кожны раз быў адзін і той жа, акурат даўно перастаў расці. Масей таксама перш за ўсё ўбачыў з грудка возера, за ім лес. А ўжо тады ўвагай цалкам завалодаў выгляд роднай вёскі. Раней яму чамусьці і ў голаў не прыходзіла, што Верамейкі падобны знешне на сагнуты лук, дзе цецівой была сцяна лесу за возерам, стралой — кароткая вуліца, якая завецца Падліпкамі, а пруткай дугой — сама вёска, якая агінала возера. Адкрыўшы для сябе гэта, Масей нават здзівіўся, што нечакана магло прыйсці такое дакладнае параўнанне. Цеціва гэтага своеасаблівага лука даўно была туга напята, адно залішне блізка сціскала ў абодвух канцах дугу, а страла ўсё не вылятала. Не вылятала, можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты. Уражаны сваім адкрыццём, Масей яшчэ нейкі час не думаў, што яна з аднолькавым поспехам здольна працяць і яго; можа, наогул прызначана для яго з самага пачатку, як толькі дакранулася адным канцом цецівы, а другім лягла на самы выраз дугі; але вось ён нарэшце ўявіў гэта і раптам адчуў штуршок у сэрца, нібыта сапраўды страла дастала яго. Вядома, адчуванне штуршка было выклікана сілай уяўлення, чалавечай здольнасцю даводзіць у сабе гэтае ўяўленне да рэальнага адчування. Аднак галоўнае было ўсё ж у тым, што Масей адчуў штуршок у сэрца зусім як сапраўдны, здавалася, яно зрушылася з ранейшага месца за левай грудзінай і ці то перамясцілася ўправа, ці то зусім павялічылася, заняло ў грудзях больш таго месца, якое яму належыць. І, бадай, не менш значным для Масея сёння было, што за гэтым штуршком да яго прыйшло новае адчуванне — раптам улавіў вакол сябе ў паветры пах іржышча, які не даваў спакою ад самае ночы ўсім у вёсцы, апрача яго. І вось ён нарэшце таксама адчуў яго, зразумеўшы тым часам і матчын клопат, які змушаў яе спяшацца ў Паддубішча. Другім разам ды каб у другім месцы Масей, мусіць, не даў бы веры сам, што так можа наогул здарыцца з чалавекам. Але нечаканая перамена адбылася з ім, значыць, не падлягала сумненню, хоць у гэтым — прымаць альбо адмаўляць яе — не было патрэбы зусім. У Масеевых вачах не было таго павярхоўнага позірку, які коўзае з канца ў канец далягляду, але не можа спыніцца на чымсьці пэўным, каб ад гэтага пэўнага захалынула раптам душу; скрозь па вёсцы ён бачыў зверху ўсё да драбніц, пазнаваў, і чыя дзе хата, і якія дрэвы абапал вуліцы, і шмат яшчэ якія рэчы і прадметы, з чым некалі шчыльна звязана было яго жыццё — у дачыненні да чалавека ўсё гэта называлася і называецца родным і знаёмым. Зноў адсюль, з грудка, стала відно буслінае гняздо на бярозе і адзінокая бусліха на ім, нібыта яна сапраўды зніякавела там назаўсёды. Між тым, з грудка было відаць не толькі блізкае, але зусім і далёкае адсюль — паўзверх лесу, які меў шырыню, бадай, не меней трох кіламетраў, вачам адкрываліся жоўтыя ўзлобкі палёў па той бок Бесядзі, па правы бераг яе. Яны бачыліся якраз на ўзроўні гэтага грудка, не ніжэй і не вышэй, а лес стаяў у глыбокай нізіне, якая была непрыкметнай толькі дзякуючы высокім і густым дрэвам.