Выбрать главу

Маці ўжо спускалася з грудка к дарозе, там ад коўрат ішлі ў Паддубішча верамейкаўскія бабы. Тыя таксама ўбачылі Марфу з сынам — у вёсцы ўжо ведалі, што вярнуўся дамоў Зазыбаў Мацей,— прыпыніліся. Яшчэ падыходзячы к дарозе, Масей пазнаў жанчын у твар, толькі адна, абапал якой стаялі два хлопчыкі, здавалася незнаёмай. Але хутка і яе ён адгадаў — Карпілаву Ганну. Тады, як жыў у Верамейках, Ганна была маладзенькая і без дзяцей.

— Здрастуй, Дзянісавіч, здрастуй,— адказалі на Масеева прывітанне жанкі, зусім без сарамлівасці разглядаючы яго; пасля загаварылі да Марфы: — Што ж ета выходзіць, Давыдаўна, мужыкі пазапрагалі коні, каб ехаць чортведама куды, а тута... Што ета рабіць нам?

— А хто яго ведае,— шчыра прызналася Марфа, акурат давольная, што да яе звярталіся бабы з агульнай для вёскі трывогай.

— Ну, а Зазыба?

— Дак што цяпера для вас Зазыба! — быццам ужо ў злосці паціснула яна плячамі.— Такі, як і ўсе.

Масея жанкі, між тым, усё роўна як не заўважалі цяпер. І толькі дзеці Ганны Карпілавай зіркалі вачанятамі на яго, а тады паварочвалі непадобныя тварыкі адзін да аднаго і ўсміхаліся нечага.

— То пойдзем ужо, бабы? — паклікала жанок старая Цітчыха, якая таксама стаяла ў гурце.

Спярша Масей ішоў трохі зводдаль ад кабет, але неўзабаве з гурту, акурат неўзнарок, выбілася са сваімі хлопчыкамі Ганна Карпілава і, даўшы Масею дагнаць сябе, загаварыла, увесь час рэзка паварочваючы да яго ўсмешлівыя вочы.

— Вы мяне, мусіць, не пазналі, Дзянісавіч? — сказала яна найперш.

— Чаму ж, пазнаў.

— А я думала, не пазнаеце.

— Гэта абодва твае?

— Ма-а-е-е, растуць во, бязбацькавічы,— весела адказала яна амаль нараспеў.

— Па колькі ж ім?

— Большаму...— хацела дакладна адказаць Ганна, але быццам спахапілася чагосьці і не стала гаварыць.— Малыя яшчэ, бачыце?

— Сама як жывеш?

— Жы-ыву,— уздыхнула Ганна.— Але якое цяпера жыццё? Самі разумееце. Як кажуць, было-было, дый пагоршала.

— Замужам была? — спытаўся нечакана Масей, усё роўна як не дапускаў у сваім запытанні звычайнай непрыстойнасці.

Але дарэмна — Ганна нават ценю на твар не пусціла.

— Не была і ўжо, мусіць, не буду,— сказала яна.— Якое цяпера замужжа? Толькі і ўцеха адна, што з другімі зраўнялася, цяпера мы ўсе тута аднолькавыя — і саломенныя ўдовы, і праўдашнія, і тыя, што замужам, і тыя, каму не павязло з етым. Як у той песні пяецца — нам учора праява была, а сягоння другая. Ну, а як вы, Дзянісавіч?

— Ды от, вярнуўся дамоў.

— А я ўсё, бывала, вершы вашы чытала.

— Якія ж? — усміхнуўся Масей.

Ганна трохі памулілася, быццам разгубілася, што пахвалілася, а на памяць нічога не прыйдзе, тады сказала: