Калі да іх прыйшоў Брава-Жыватоўскі, каб змусіць гаспадара ехаць у Белую Гліну аднаўляць спалены мост, Куліна адразу накінулася на яго:
— Не дасцё чалавеку пахварэць нават!
Стоячы ў парозе, Брава-Жыватоўскі зняважліва сказаў:
— Ну от, спярша ў героі лезеце, а тады косці ў каленках лічыце! — Аднак, няйначай, быў таксама ўражаны Парфёнавым выглядам, бо тут жа павярнуўся і, лішне не грукаючы ботамі, заспяшаўся вонкі.
Пасля паліцая Куліна быццам дзеля прыліку, каб нямоглы Парфён не падумаў крыўдліва, паныкала колькі часу па хаце — уранні заўсёды хапае непарадку, то адно не так, як трэба, стаіць, то другое,— тады сабралася ў Паддубішча.
Застаўшыся адзін ў хаце, Парфён пачаў думаць. Уласна, ён не пераставаў думаць і раней, нягледзячы, што брала сваё стомленая адчужанасць, аднак да таго часу, пакуль не пайшла Куліна, адчуваў нейкае вонкавае абмежаванне, перашкоду, даволі было жонцы грукнуць чым-небудзь у чалесніку альбо зрабіць неўзнарок які іншы гук у сенцах ці ў хаце, як думка ў ягонай галаве абрывалася адразу, быццам адсечаная чымсьці вострым, і ён ужо не мог нанова выкіравацца на яе, каб раскруціць, бы тую цэўку, да канца; замест страчанай думкі ў галаву прыходзіла новая, запаўняла ўсё сабой, і пра старую неўзабаве ўжо нават не помнілася, але ўвесь час і старыя і новыя думкі былі звязаны не з ім самім, гэта значыць, думалася не пра сябе, не пра сваё асабістае жыццё, не пра свой лёс, а пра іншых людзей — альбо пра верамейкаўцаў, альбо пра даўно знаёмых з другіх навакольных вёсак; і якраз, можа, таму, што думкі гэтыя былі пра старонніх людзей, яны ўсе мелі спакойны лад, пра такія не скажаш, што адна нечакана апякла свядомасць, а другая ўстрывожыла душу; проста, думалася ўсё роўна як здалёку, у паўзабыцці бачылася; і толькі тады, калі ў памяці ўсплыла дачка, Парфён, здаецца, крануўся душой, зноў займеў жывую яснасць у галаве і падрабязна, дзень за днём прасачыў ва ўспамінах сваю паездку на Кубань, дзе жыла дачка, але хвалявацца дужа за даччын лёс не было вялікай патрэбы, бо не верылася, што вайна адсюль дакоціцца да тых далёкіх стэпаў,— неяк пражыве там, а можа, яшчэ і мужыку бронь далі, дык і зусім добра ў іх будзе, супакоіў ён адразу сябе, не даўшы часу бедаваць; ва ўсім іншым, што прыходзіла Парфёну ў галаву, не было той вастрыні, той нецярплівасці, якія звычайна вымагаюць асэнсавання, напружанай работы думкі.
Парфён не баяўся смерці. Ён не баяўся яе так, быццам упэўнены быў, што яна здарыцца не з ім, а з кімсьці іншым. Дзіўна, але адчуванне гэтае прыйшло да яго яшчэ ў першую раніцу, калі ён знарок, не верачы сваёй слабасці, прайшоўся па двары ад ганка да варот і назад. Тады ён, яўна суцяшаючы сябе, падумаў, што паміраць наогул не страшна, асабліва ў такі час, калі людзі вакол гінуць сотнямі, тысячамі, а можа, і мільёнамі, бо невядома, хто з усіх мае большае права жыць, раз ужо камусьці край трэба з прычыны склаўшыхся абставін развітацца з жыццём. Яму толькі дзіўна стала, як гэта здарылася, што раптам падступае чарга да яго, чалавека, які па ўсім павінен быў жыць — ён не хварэў і не ваяваў. У сувязі з гэтым смерць здавалася яму недарэчнай, ён нават сабраў рашучасці пажартаваць у думках: цяперашнім часам і ў рай можна простаму чалавеку не трапіць, бо вайна, мусіць, рабіла праведнікаў больш, чым здольны прыняць іх рай, нездарма кажуць, што загінуўшых у бітве архангелы прапускаюць туды без праверкі... Сваім нядаўнім учынкам, які, уласна, стаў прычынай усяму, Парфён не ганарыўся, але і не шкадаваў, што пайшоў на яго... Словам, Парфён быў поўны памяркоўнасці, добразычлівасці і цвярозага разумення. Аднак цяпер ён усё выразней пачынаў разумець адну акалічнасць, якая раней ніколі не займала яго. Уласна, і акалічнасці, як такой, не было. Проста была самая звычайная спроба паглядзець з усіх бакоў на чалавека, як на жывую істоту, якая нараджаецца на гэты свет, пабудзе ў ім, а тады абавязкова павінна знікнуць чамусьці, адысці ў нябыт. Паглядзець і зразумець, што да чаго тут. «Чалавек нараджаецца, каб памерці. І тут не мае ніякага значэння, колькі павінен пражыць — урэшце, днём даўжэй, днём карацей. Аднак няўжо чалавек сапраўды нараджаецца толькі дзеля таго, каб памерці? Відаць, прамежак ад нараджэння да смерці, які называецца жыццём, даецца чалавеку, каб не толькі жыць, але і штосьці рабіць — дабро, зло... Але чаму зло? Значыць?..» Запярэчыўшы сабе, Парфён адразу зрабіўся неспакойным, быццам паехаў па дрогкай дарозе, якая вытрасла з яго той, амаль урачысты, стан, які зусім нядаўна, хвіліны назад, выглядаў, як памяркоўнасць, добразычлівасць і гатоўнасць да ўсяго. «Канечне,— снавалася далей думка,— чалавек павінен рабіць толькі дабро. Зло тут ні пры чым. Яно — прыўнесена аднекуль, яно ўжо — вынік пазнейшы, калі з чалавекам пачало рабіцца штосьці ненармальнае. Цікава, а як пра гэта ўсё гаворыцца ў Евангеллі?» І тут жа Парфён пашкадаваў, што ніколі свядома не чытаў гэтай кніжкі, адно чуў, як чыталі з яе папы ў царкве. Таму нічога, што б пацвердзіла ягоныя думкі, ён не ўспомніў і адразу забыўся пра Евангелле. «Так, чалавек павінен рабіць дабро,— зноў падумаў Парфён,— і калі б ён рабіў толькі адно дабро, тады не хапіла б месца ў жыцці ўсяму недарэчнаму, у тым ліку і гэтай вайне. А вось жа людзям чамусьці няймецца, нібыта і праўда спакушае і падбівае іх д’ябал. Пра сябе, пра свой удзел у жыцці Парфён цяпер не думаў. Усю ўвагу яго пакуль займалі агульныя разважанні. Але настаў час, і Парфён нарэшце ад агульных разважанняў перакінуўся ў думках на сваю асобу: цікава было супаставіць, наколькі адпавядала гэтаму асноўнаму патрабаванню — рабіць дабро — яго асабістае жыццё. Дзіўная рэч, аднак вялікага суцяшэння такое супастаўленне яму не прынесла. Парфён цвёрда ўпэўнены быў у адным — зла ён нікому не зрабіў. Жыў сумленна, добра ставіўся да сумленных людзей. Але ж як гэта стасавалася з тым, што чалавек, жывучы, павінен рабіць дабро? Сумленнасць — яшчэ ж не дабро! Калі гаварыць шчыра, то жыць сумленна, гэта яшчэ не рабіць дабро! Выходзіла, што і ён, Парфён, жыццё сваё пражыў не так, як трэба!.. Значыць, дарэмна яму дасюль здавалася, што для жыцця хапае аднаго сумлення. Аказваецца, для чалавека мала працаваць, мала любіць блізкіх — гэтага ўсяго толькі і стае, каб пражыць самому. Ты любіш — цябе любяць. Ты працуеш... Але ж працуеш таму, што без працы не будзеш мець кавалка хлеба... Выходзіла, такім чынам, што Парфёну належала яшчэ жыць, каб апраўдаць сваё з’яўленне на гэты свет, жыць, а не думаць пра смерць, не супакойваць сябе і не шукаць у гэтым спакоі бясстрашша перад ёй.