Выбрать главу

Усхваляваны, а дакладней — унутрана ўзбуджаны сваімі разважаннямі, Парфён адчуў раптам, што ляжаць вось так у хаце і думаць яму нельга больш, што трэба неяк скінуць з сябе цяжар гэтага здранцвелага спакою. Трэба знайсці ў сабе сілы рухацца, гаварыць!..

Асцерагаючыся рабіць рэзкіх рухаў, каб не закружылася галава ад слабасці, ён пасядзеў крыху ў ложку, усё роўна як яшчэ не ведаючы, што будзе рабіць потым, тады пачаў намацваць звешанымі нагамі абутак, звычайныя боты без халяваў, якія называюцца тут абрэзнямі і ў якіх зручна хадзіць, акурат у мяккіх чунях. Боты стаялі на падлозе якраз на ўзроўні ног, і яму без цяжкасці ўдалося сунуць у іх босыя ступні. Цяпер заставалася стаць на ногі. Але тая няўпэўненая хада, якая прымусіла яго пераканацца ў сваёй нечаканай слабасці, насцярожвала зрабіць гэта, і ён, даючы сабе часу на такую насцярогу, павёў вачамі па хаце, дзе ўсё начынне і рэчы здаліся яму чужымі, акурат гэта Парфён нейкім чынам трапіў не да сябе. Нават старадаўняя каляровая літаграфія, якая была куплена яшчэ бацькам у японскую вайну на кірмашы ў Сілічах і якая вось ужо многа гадоў вісела ў іх на сцяне на адным і тым жа месцы пад вышыванай шырынкай, дык гэтая літаграфія таксама здалася Парфёну незнаёмай, аднекуль прынесенай сюды, і ён спыніў на ёй новы позірк, у якім адбілася разам і недаўменне, і цікаўнасць. На літаграфіі на фоне маскоўскага Крамля быў намаляваны нейкі ружовашчокі вусаты асілак у жоўта-сінім кафтане і чырвоных ботах з загнутымі ўгору мысамі. Асілак трымаў аберуч расейскі сцяг. Унізе, пад нагамі асілка, былі два радкі слоў: «Доўга будуць дзеці нашы помніць славутыя справы...» Парфён з маленства ведаў усе тыя словы, ад пачатку да канца, іх чыталі ў гэтай хаце і тады, калі ніхто не ўмеў чытаць,— на памяць, пачуўшы аднойчы ад кагосьці пісьменнага, можа, таго чалавека, які прадаў на кірмашы літаграфію,— чыталі і тады, калі ўжо з’явіліся ў хаце Вяршковых свае грамацеі. Аднак цяпер Парфён быццам нанова пачаў унікаць у надпіс, што ў сваім працягу быў наступнага зместу: «...Як бацька іхні, воін славуты, пабіў ворагаў няверных і вярнуўся дамоў з пераможным сцягам».

Затрымкі гэтай з разглядваннем літаграфіі якраз хапіла Парфёну, каб забыцца пра нядаўнюю насцярогу. Ужо зусім не думаючы пра тое, што ад слабасці падкосяцца ногі ці закружыцца галава, Парфён абапёрся рукамі на край ложка, падштурхнуў сябе і зрабіў некалькі парывістых крокаў да парога. Надзейнасці ў нагах не было, але і страху, што яны не вытрымаюць, падвядуць, таксама не было. Затое было імкненне хутчэй выйсці з хаты, быццам яе пачало запаўняць атручанае паветра. Націснуўшы вялікім пальцам на пляскаты язычок клямкі, Парфён піхнуў — адразу рукой і нагой — ад сябе дзверы, зусім не клапоцячыся, што яны расчыняцца напята, грукнуцца другой клямкай аб сцяну, і хутка, ледзь не вобмацкам, ступіў на ганак. Бляск сонечнай раніцы, што падаў на загароджаны хлявамі двор проста з неба, адразу нібыта асляпіў яго, а паветра, якое захоўвала на двары яшчэ халаднаватую свежасць, бадзёрым хмелем патыхнула ва ўсё, чым прагна дыхаў ён. Усё гэта — і рэзкі бляск сонечнай раніцы, і хмелем б’ючае свежае паветра — у момант падзейнічала на аслабелы арганізм. І Парфён дакрануўся плячом да бакавой луткі. Зноў як і ў тую раніцу, калі выходзіў выпрабоўваць свае сілы, ён сказаў сабе, дакладней, падумаў: «Слаб чалавек!..»