Выбрать главу

Гэтыя два словы цяпер ён прамовіў з нейкай асаблівай ахвотай, усё роўна як добрае заклінанне, пасля якога чалавек знаходзіць і сілу, і ўпэўненасць, адкрываючы раптам для сябе суцяшэнне ў тым, што ён усяго толькі мае дачыненне і падзяляе тое, да чаго маюць дачыненні і што падзяляюць усе астатнія людзі.

З саду пахла яблыкамі і яшчэ нечым, што разам моцна заглушала іншыя пахі, якія, няйначай, маглі адчувацца на сялянскім падворку,— гэта быў знаёмы пах, які застаўся ад кісла-салодкага лета.

«Пайду-тка я ў сад»,— спакойна, з нейкаю радасцю ў душы падумаў Парфён і, прыслухоўваючыся да свайго ўнутранага адчування, адштурхнуўся ад луткі, паволі сышоў па сходках з ганка.

Сад быў, як кажуць, ва ўсім спелым харастве, якое настае ў канцы жніўня ды яшчэ працягваецца і ў верасні, пакуль на летніх дрэвах не пачынаецца масавы яблыкапад; на грушах і яблынях сучча гнулася ад чырвоных, жоўтых і светла-зялёных крамяных пладоў; на голай зямлі пад дрэвамі пераліваліся сонечныя ясвы; угары, паміж густога вецця, пырхалі, акурат па лясным малінніку, валлякаватыя птушкі, якіх ужо даўно ніхто не палохаў тут не толькі знарок, а і знячэўку. Сад быў Парфёнавым гонарам, справай ягоных рук, бо хоць Вяршковы — і дзед Парфёнаў, і бацька — лічыліся ў вёсцы гаспадарамі, у якіх ёсць сад, аднак толькі Парфён даў яму належны толк. Дзедаў і бацькаў сад (а Вяршковы ўсе спакон веку жылі на адной сядзібе) заўсёды стаяў запушчаны, здаралася, што па некалькі гадоў дрэвы, з’едзеныя паршой, не прыносілі пладоў, грушы і яблыні часта вымярзалі — абы зіма трохі палютавала маразамі. Парфён жа, як толькі падрос і займеў у доме вагу, здаецца, першае, што зрабіў, гэта выкарчаваў увосень дуплаватыя і малаплодныя дрэвы, а замест іх накупляў у Шкарняка і прывёз маладыя саджанцы. Праз дзесяць гадоў з тых Шкарняковых саджанцаў выбуялі тут цудоўныя «бэры», «сапяжанкі», «ільінкі», «антонаўкі», «пладавіткі», «пуцінкі» ды «баравінкі»... Ніводнае дрэва ў Парфёнавым садзе не паўтаралася, акрамя «антонавак». Іх было ў яго тры, і яны стаялі абапал грушы, унізаныя цяжкімі, быццам з жалеза адлітымі, яблыкамі звычайна да самага лістабою, калі па краях неба пачыналі грувасціцца адна на адну цёмныя хмары, з-пад якіх паволі высоўваліся ў сіняе прадонне адгор’і снегавых аблокаў. Уратаваў Парфён свой сад і ў нядаўнія маразы, пад час фінскай вайны.

Паўз крайнія дрэвы, якія гулка, акурат ратуючыся, каб не абламіцца ад цяжару, гублялі па адным яблыкі, Парфён абмінуў з сонечнага боку сад, няспешна накіраваўся да плота, што адгароджваў сядзібу ад загуменнай дарогі. Там ён прыпаў грудзьмі да верхняй жардзіны, перакінуў на той бок абедзве рукі, усё роўна як павіснуўшы на ёй падпахамі. Так стаяць было зручна і спакойна, не адчувалася нават цяжару на ногі.

Адразу за мурагом, што здавён пакідаўся тут неўзараным, шырылася поле, якое ішло правым краем уздоўж бальшака да пясчанага ўзлобка, нібыта ўторканага прысадзістымі, вырасшымі пад сонцам сасонкамі, а левым увесь час выгіналася паўз сіўцовыя лагі, пашыраючы светла-зялёны прасцяг, і закруглялася, падыходзячы да бальшака, на тым жа ўзлобку.

Доўга стаяў Парфён адзін ля плота, ажно пакуль не ўбачыў здалёку чалавека. Убачыў і ўзрадаваўся, хоць не пазнаў.

Чалавекам тым быў Зазыбаў Масей. Пасля настойлівых матчыных угавораў Масей усё-ткі рушыў з Паддубішча ўніз да сухадолу, напіўся там з крыніцы вады, з захапленнем сказаўшы ўсё роўна як абавязковае ў такім выпадку: «ех ipsa fonte libere» («напіцца з самой крыніцы» — лат.), затым зрабіў вялікі круг да былых наддаткаў і павярнуў к глінішчу.

У адрозненне ад Парфёна Вяршкова, які доўга не мог пазнаць Зазыбавага сына, Масей яшчэ зводдаль лёгка здагадаўся, хто гэта выйшаў на Вяршковым гародзе да плота.

Не зварочваючы да сябе ў завулак, ён прамінуў, шыбаючы па дарозе, выган, з якім межавала сядзіба Вяршковых, і яшчэ крокаў за колькі павітаўся: