Выбрать главу

І ўсё-ткі ён паспрабаваў апраўдаць гэтае сваё нежаданне.

— Разумееце, дзядзька Парфён, у жыцці ёсць рэчы, пра якія не заўсёды хочацца лішні раз успамінаць.— Праўда, гаворачы гэтак, Масей быў не зусім шчыры, прынамсі, успамінаў гэта ніяк не датычыла; затое цалкам ён стаў шчыры тады, як далей растлумачыў: — Бацька мой наогул кажа, што цяпер размовы пра ўсё, што са мной адбылося, акрамя шкоды, тут нічога не прынясуць. Так што...

Масей не спадзяваўся, але Парфён раптам павярнуўся і зусім без хоць якой нездаволенасці падтрымаў бацьку.

— Дзяніс, Масейка, абы-што гаварыць не стане. Раз кажа, значыць, так трэба. Ну, а я чаму спытаў? Дак таксама паняць можна. Заўсёды ж, калі новага чалавека сустрэнеш, то запытаеш — дзе быў, што бачыў? Ну, а раз ужо загаварылі пра твайго бацьку, Дзянісавіч, дак я таксама скажу, што думаю. Я, праўда, не ўмею гучных слоў вымаўляць, ета не па мне, асабліва калі й не трэба іх, аднак бацька твой сапраўды чалавек рэдкі, за ім заўсёды людзям пражыць можна. Ты думаеш, ён, радзячы табе маўчаць, думае пра аднаго цябе ці пра сябе. Не. Ён не такі чалавек. У етым усім другога сэнсу трэба шукаць. От каб кожнай вёсцы ў галаву такога чалавека, а тады кожнаму раёну, пасля вобласці, ну і так далей, во тады б сапраўды для ўсіх царства настала, тады б не страшна было ні стыхійнага бедства, як у газетах пішуць, ні навалачы. Спытай у нашых верамейкаўцаў, табе мала хто не скажа, што мы і пажылі тыя гады, што за тваім бацькам. Канечне, не за адным тваім бацькам, ета б ужо саўсім няпраўда была, тута галоўнае — улада, яна ўсяму прычына, але ж нават і савецкую ўладу можна альбо пад сябе падмяць, альбо... Словам, я хачу сказаць, што нават пры такой добрай уладзе можна не паўсюль аднолькава жыць. Вунь нашы суседнія вёскі. Яны і ў калгас свой па-рознаму ішлі, яны і ў голад, што настаў пасля, неаднолькава жылі, чаго ўжо тута граха таіць... А ў нас у Верамейках тым часам усё ладна, усё, здаецца, па-людску. А ўсё таму, што праз твайго бацьку — за ўсё ён у адказе, усё на сябе бярэ недзе, а ў вёсцы каб адзін што ўзяўся рашаць, дак таксама такога не было. Спярша ў людзей папытае, а тады ўжо справу пачынае. Так што... Я вось табе к слову раскажу. Ты ж адсюль даўно паехаў, а калі і прыязджаў, дак усё роўна не пра ўсё ведаеш. Дак я табе і раскажу, раз ужо мы пра ўсё загаварылі сянні. Бацька твой раней, як і мы ўсе, касы да сахі з рук не выпускаў, а тады ўжо стаў старшынёй у нас. Праўда, парцейны быў заўсёды. Ну, а тута якраз калгасы пачалі рабіць. І да нас у Верамейкі прыязджае ўпаўнаважаны з раёна. Як цяпера помню, Жабацінскім зваўся. І чалавека з сабой на старшыню прывёз. Склікалі, канечне, сход вясковы. Мужыкі, між тым, маўчаць: справа, вядома, новая, еты калгас, хто яго ведае, куды шыю сунеш, у які хамут. А тута ж пакуль усім няблага — і зямлі, дзякуй савецкай уладзе, хапае, і жыўнасць розная ёсць, абы толькі здароўе не падводзіла. Словам, жыць і без калгаса можна. А Жабацінскі падганяе. Нарэшце кажа — хто супраць калгаса, той супраць савецкай улады. Тута нашы мужыкі і зажурыліся. Хіба ж хто ў нас проці савецкай улады? Пачалі галасаваць — хто за калгас? Уладу савецкую шкадуюць усе, а рукі за калгас паднялі толькі твой бацька да яшчэ тры ці чатыры гаспадары з вёскі. Бачыць Жабацінскі, справа правальваецца. Ускіпеў і кажа: «Галасаванне адмяняю. Галасуйце так — хто супраць савецкай улады?» Ну, мужыкоў нашых і ўзарвала. Закрычалі, загаманілі — не хочуць паднімаць рукі. «Ну,— кажа тады Жабацінскі,— вельмі моцны яшчэ сярод вас класавы вораг. Трэба прыняць іншыя меры. Трэба правесці індывідуальную апрацоўку. Сход сёння распускаю, а заўтра выклічу да сябе самых злосных шкоднікаў. Паглядзім, што вы тады запяеце мне!» І што ты думаеш, сапраўды ўранні пачаў выклікаць да сябе некаторых мужыкоў нашых. Мяне таксама не абмінуў увагай сваёй. Кажа: «Я напэўна ведаю, што ў твайго бацькі ў адна тысяча восемсот дзевяностым годзе месяцамі працаваў падзённік, а сам ты ў адна тысяча дзевяцьсот дваццаць першым годзе аддаў у арэнду ўдаве Ігната Самуся адзін гектар зямлі. Цяпер мне ясна, чаму ты не хочаш уступаць у калгас. Ты з’яўляешся класавым ворагам, праціўнікам савецкай улады». Ну, што я аддаў некалі Самусёвай Парасцы кавалак зямлі, ета я ведаю. Аддаў і назад не ўзяў. Аддаў насаўсім,— бо яна сына тады жаніла, а ета, можа, ведаеш, радня маёй першай жонкі. І аддаў яшчэ таму насаўсім, што ў мяне лішняя аблога была. А вось што да бацькі... Дак тут я і сказаць нічога не маю яму. Ці ж я помню, быў у майго бацькі ў адна тысяча восемсот дзевяностым годзе падзённік альбо не быў? Я сам тады яшчэ пад стол без штаноў бегаў. А Жабацінскі ўсё мне пагражае. Ну, а я сабе тым часам думаю таксама — не, ты тута вярні на мяне хоць што, але прыпісаць класавага ворага не можаш, бо ніякі я не эксплутатар. Пра ета ўсе ведаюць у Верамейках. Чуем, і другіх мужыкоў упаўнаважаны рознымі выдумкамі палохае. Тады твой бацька ціха запрагае каня да ў раён хутчэй. Ну, і забралі ад нас пасля на другі дзень Жабацінскага, а старшынёй дазволілі выбраць бацьку твайго. Ён, праўда, стопрацантовай калектывізацыі не патрабаваў ад мужыкоў, аднак цераз паўтара гады ўжо ўсе мы самі ў калгасе былі. Нават раней. І грозьбы, аказваецца, не патрэбны ў етай справе і просьбы. Вось яно часам бывае як. Не, Дзянісавіч, бацька твой рабіць абы-што не будзе, ну, і гаварыць таксама. Раз ён гаворыць, дак ета ўжо, лічы, край. Я колькі тыдняў таму назад ажно млеў. Бачу, і нашы ўжо ледзь не ўсе адступілі адсюль, і немцы вось-вось прыйдуць у вёску, а яго ўсё няма. Як пагнаў калгасных кароў кудысьці ў Арлоўшчыну, дык і няма. Думаю, прападзем без яго. Так што, Дзянісавіч, зважай. Я сам быў не пазней як надоечы ўзбурчэўся — і тое было не так да вайны, кажу, і ета лепшага жадала. А ён мне: «Цяпера, Парфён, кожны злыдзень здатны савецкую ўладу ўшчыкнуць, бо цяжка ёй стала, не ўсюды паспявае адмахнуцца. Цяпера сумленныя людзі павінны клапаціцца, каб памагчы ёй, бо без яе нам усё роўна не будзе жыцця». Падумаў я пасля гарачкі: праўду кажа Дзяніс. Таму і цябе я зараз зразумець магу, Дзянісавіч. Але скажы мне і вось пра што, Масейка. Ай не ведаеш?