— Тады і ў нашым курганні,— паказаў Вяршкоў направа ад бальшака,— можна знайсці такую стаянку?
— Можа, і можна,— адказаў сур’ёзна Масей.
Вяршкоў пасля гэтага колькі часу маўчаў, яўна ўзважваў пачутае, тады спытаў:
— Ну, а радзімічы, куды падзеліся яны?
— А нікуды. Проста змяшаліся з другімі плямёнамі. З суседзямі — дрыгавічамі, крывічамі, вяцічамі, севяранамі.
— Значыць, яны ўсё-ткі засталіся тута?
— Бадай, так.
— А потым, што потым было?
— Княствы былі. Спярша — Мсціслаўскае. Пасля — Літоўскае. Чуў, нябось — Вялікае княства Літоўскае? Затым тутэйшыя землі разам з Літоўскім княствам падпалі пад Карону. Але заўсёды яны называліся рускімі. Нават у Рэчы Паспалітай і то не страцілі сваёй назвы — так і пісаліся: рускія землі.
— А калі ета Вашчыла бунтаваў? Яшчэ і цяпера крычаўскіх баб вашчылкамі завуць? Нават калі і наш хто, здараецца, бярэ адтуль сабе дзеўку, дак вашчылкай яе за вочы дражняць.
— Вашчыла бунтаваў пры паляках. Якраз хутка будзе дзвесце гадоў таму паўстанню.
— Ага, помню, пра ета яшчэ і цяпера розныя гісторыі расказваюць. Асабліва ў Мурын Боры. Значыць, і раней неспакойная наша надбесядская зямля была, Дзянісавіч? Не давалася?
— Выходзіць, што так, дзядзька Парфён,— здаволена згадзіўся Масей.
— Дак хадзем, Дзянісавіч, цяпера мо ў сад? Яшчэ я ў цябе маю намер што спытаць. Да і яблыкі з грушамі сёлета, бачыш, якія нараслі? Хадзем, пакаштуеш!
Ён нават не стаў чакаць, пакуль Масей скажа пра сваю згоду, усё роўна як быў упэўнены ў гэтым, таму адпіхнуўся рукамі ад плота, крута павярнуўся і зрабіў некалькі цвёрдых крокаў па сцежцы. Але дарэмна — раптам страпянуўся, адкідваючыся галавой назад і падаючы дагары. Уражаны гэтым, Масей, амаль не чуючы свайго цела, пераскочыў цераз плот, кінуўся да Вяршкова. Нават не нахіляючыся над ім і не слухаючы сэрца, можна было без памылкі вызначыць — Парфён ляжаў на мяжы мёртвы!.. Бадай, гэта быў першы чалавек, які з часу вайны сканаў у забяседдзі сваёй смерцю. Падаючы на зямлю, ён нават вочы паспеў заплюшчыць, акурат не хацеў, каб потым убачылі ў іх пустату.
XIV
Верамейкаўцы выбраліся ў Белую Гліну, бадай, ужо апошнія з усіх, каму было загадана з’явіцца туды на падводах.
Ехалі хто на чым — на драбінах, на калёсах, а хто і проста на кранджолах, паклаўшы дошку ўпоперак: запрагалі коней каля стайні таксама абы ў што трапілася.
Зазыба заняў месца ў абозе адразу за Сілкам Хрупчыкам. Пасля яго ехаў ужо Мікіта Драніца.
Мікіта сёння чамусьці стоена, ажно загадкава маўчаў, адно круціў, як той пугач, сваёй вялікай галавой, зіркаючы па баках, быццам яму штосьці дужа рупіла ці здавалася, і ён спрабаваў згледзець тое абапал сябе. Тым часам у Зазыбы было на прыкмеце перадаць Мікіту Чубараў наказ з’явіцца ў Мамонаўку.
Там, ля стайні ў Верамейках, ён не рашыўся падступіцца з гэтым да Драніцы, бо гаворка ва ўсіх была тады пра пажар, і Зазыба проста асцерагаўся, што Драніца спалохаецца, плявузгне пры ўсіх, і адразу стане вядома пра Чубара і пра тое, што начны пажар у Паддубішчы мог быць справай яго рук.
Ад самых Верамеек абапал карэністай дарогі ішоў лес — спярша старыя, ужо даўно выбракаваныя, але непаваленыя ды нявывезеныя к руму сосны, тады малады хвойны падлесак, сярод якога на галых мясцінах адзінока пракідаліся беластволыя бярозкі, пасля зноў пачыналіся вялікія дрэвы з сёлетняй падсочкай. Колы пустых вазоў гучна ляскалі па карэнні, якое выпіналася вонкі, і ад гэтага на ўвесь лес, здавалася, ішоў несціханы грукат і гул, праз які чалавечы слых ужо няздольны быў ні да чога дапасці. Ехаць па такой няроўнай дарозе было дрогка і нават ласкотна, таму сёй-той, прывязаўшы зашмаргам вяроўчатыя лейцы да бакавой гнушкі, адбягаў акурат кумільгом побач, каб высмагнуць на ўзлеску ахапак кучомістага, светла-бурага верасу пад зад сабе; паклаўшы, кожны пазіраў на астатніх з выклікам, быццам толькі што зрабіў нешта зусім заліхвацкае ці ўжо, няйначай, такое, што няўзнак іншым. Трымаючы лейцы ў руках, Зазыба амаль не паганяў каня, ды і патрэбы, здаецца, не было ў гэтым, бо яго мышасты захапіўся агульным рытмам скорай язды, стараўся сам паспяваць за пярэдняй падводай. Зазыбу толькі і клопату заставалася, што ўсяго час ад часу кідаць вокам на сякеру, уторкнутую ў шчыліну паміж бакавушак, каб тая не згубілася па дарозе.
Перад тым як ад’ехаць ад стайні, паміж верамейкаўскіх мужыкоў адбылася размова. Пачаў яе Брава-Жыватоўскі. Нездарма кажуць, што на пажары, акрамя ўсяго іншага, можна пагрэць таксама рукі. Брава-Жыватоўскі якраз і скеміў скарыстаць момант, балазе верамейкаўцы ўранку па-сапраўднаму былі ўзбураны падпалам, нават тыя, што звычайна адмоўчваліся пры розных акалічнасцях, і то сёння гневаліся ў душы, гатовыя на ўсё.