— Не возьмеш ты, возьмуць другія.
— Дак і Сілка ж таксама... Ён хоць, як ты кажаш, і не кілаваты, але ці саўладае з тваёй бяльгійскай руляй адной рукой?
— А ты за Сілку не турбуйся. У Сілкі свая галава. А наконт вінтоўкі? Калі бяльгійская цяжкая, дадуць лягчэйшую — альбо рускую, альбо сваю, нямецкую. Дакладны бой.
— Не-е-е,— заматаў галавой Іван Падзерын, якому, няйначай, падабалася ўжо такая гаворка, ён нават забыў, што ўстраваў у яе спярша толькі дзеля таго, каб развесці Брава-Жыватоўскага з Зазыбам.— Ні трохлінейкі, ні сваёй немцы нікому з нашых у рукі не дадуць. Яны нават табе во не далі, а сунулі бяльгійскую. Моў, не надта параскашуеш, стралок, калі ўсяго чатыры патроны маеш. Пяты ж ты недзе аддаў Мікіту сапсаваць. Я так думаю, Антон,— хоць ты сам, без вярбоўкі, служыш у іх, але яны табе не зусім давяраюць, бо патронаў мала даюць.
— Нічога, пастраляю гэтымі — яшчэ дадуць.
— Дадуць-то дадуць, але ж па іх трэба збегаць у Бабінавічы ды папрасіць тама. Нябось, яшчэ і пад адчот дадуць. Ета што было б, каб усе далёка так бегалі па патроны? Моў, ты пачакай, я вось збегаю зараз па патроны, а тады цябе застрэлю. Які б ета дурань цябе чакаў, каб ты яго застрэліў?
— Думаеш, міліцыянерам болей давалі? — павёў вачамі па ўсіх Брава-Жыватоўскі...
— Ета калі-і! Ета ў мірны час. Тады і страляць не было ў каго. А я так думаю — немцы не дурныя, моў, хоць вы і добраахвотнікі, але чорт вас ведае. Сёння такая ахвота ў вас, а заўтра, глядзіш, другая. Дай вам уволю патронаў, дак вы... А раптам вам ляйчына якая пад хвост трапіць? Словам, не давяраюць яны вам. І Сілку вось не дадуць таму лягчэйшай вінтоўкі, калі ён і праўда паддасца на твае ўгаворы. Бо да нашай трохлінейкі ці да іхняй з крывым затворам лягчэй патронаў раздабыць,— хто ўкрадзе, а хто і сілай возьме. Куляй тады сабе колькі ўлезе. Таму і ўзбройваюць яны вас бяльгійскімі. Здаецца, пры зброі, а раз, два стрэліш дый няма з чаго.
— Ну, ты контру мне тут не разводзь! Многа ты знаеш!
— А тута й знаць многа не трэба,— зусім не спалохаўся Іван Падзерын.— Тута й так усё ясна. А пужаць мяне няварта. Я пра немцаў тваіх нічога благога не сказаў. Сведкі во ёсць. Так што...
— Дык і няма чаго абы-што плявузгаць. Урэшце, цябе не прымушаю ў паліцыю паступаць. Я толькі сказаў, што трэба ўмець бараніць сваё. А то сёння жыта згарэла, а заўтра вёску хто-небудзь падпаліць. Падпаліць і не паглядзіць, што вы...
— Дак ты скажы Адольфу, каб яшчэ паліцэйскіх прыслаў. Уласць жа павінна абараняць людзей, калі яна людская. Ці аддай зусім вінтоўку Драніцы вось. Няхай ён бегае вакол вёскі.
— Ага, як тэй таго, ты будзеш спаць з бабай на пасцелі, а я бегаць, сцерагчы цябе,— не залюбіў Мікіта.— Разумнікі, як тэй таго, знайшліся!
— Чакай, Мікіта,— нецярпліва паморшчыўся Брава-Жыватоўскі.— Урэшце не абавязкова ў паліцыю ўсім ісці,— сказаў ён да астатніх мужыкоў.— Можна самаахову наладзіць.
— Як ета?
— Проста будзеце ахоўваць вёску без зброі, каб ніхто чужы не заходзіў. А то цяпер швэндаюцца ўсе, каму не лянота. Можа, й копы гэтыя падпаліў які валацуга. Спаў, а тады прамёрз, захацеў пагрэцца.
— Ага,— адразу ж не паверыў Іван Падзерын,— мала яму было пагрэцца на адной капе, дак цэлае поле падпаліў.
— Тым больш! — нібыта не зразумеў Івана Брава-Жыватоўскі.— Трэба тады вачэй зусім не спускаць. Я ж недарэмна кажу, самаахову пара ладзіць. Няхай кожны пячэцца за сваё.
Можа б, паліцай і яшчэ агітаваў, але раптам Кузьма Прыбыткоў, які таксама быў каля стайні, крактануў нечага, акурат толькі цяпер спахапіўся, што дарэмна маўчаў, тады ўставіўся доўгім няверлівым позіркам на Брава-Жыватоўскага і, торкнуўшы неразлучным цапком у неба, сказаў:
— Глядзіце, мужыкі, каб вам з етымі Антонавымі хоцькамі-няхоцькамі чорта лапаю не накрыць. Яно ж спярша цапу-лапу, а потым...
Цяпер Зазыба з усмешкай успомніў гэтае Кузьмова «цапу-лапу» і застаўся дужа давольны, быццам неспадзявана пашчасціла небараку — як кажуць, дасюль не было і блахі на аркане, а тут раптам цэлы табун скакуноў дарма аддавай.
Тое, што Брава-Жыватоўскі паспрабаваў выкарыстаць сённяшні пажар у Паддубішчы, каб узбурыць няведама супраць каго верамейкаўскіх мужыкоў, Зазыбу не вельмі здзівіла. Праўда, спярша ён злякнуўся быў, згадаўшы нядобрым словам Чубара, што ўзяў сабе ў галаву спаліць калгаснае, а дакладней — цяпер ужо сялянскае жыта, і гэтым даў Брава-Жыватоўскаму прычыну праводзіць сваю агітацыю. Аднак паслухаў, як адмахваліся мужыкі ад кожнай прапановы Брава-Жыватоўскага, прытоена ўсміхнуўся сабе: дарэмна чорт услед за начным пажарам спрабуе і балота падпаліць!