Выбрать главу

Але ж Брава-Жыватоўскі!.. Зазыба дзівіўся той паслядоўнасці, з якой паліцай праводзіў сваю лінію ў Верамейках, імкнучыся не прапусціць ніводнага прыдатнага выпадку, каб умацаваць сваё становішча. Сёння гэта выявілася, бадай, мацней за ўсе разы, калі ён адкрыта рабіў захады стварыць у Верамейках паліцэйскі стан. Аднак сёння ж раптам для ўсіх стала зразумела і тое, што наўрад ці ўдасца яму гэтая задума — здаецца, ніхто з верамейкаўцаў, у тым ліку і Раман Сёмачкін, добраахвотна не збіраўся браць ад немцаў зброю. Нават бяскрыўдную на першы погляд прапанову — стварыць самаахову ў вёсцы — мужыкі і тую сустрэлі зусім без энтузіязму, не гледзячы што пажар у Паддубішчы мог прымусіць пайсці на такі крок.

Разважыўшы такім чынам, Зазыба ў думках вярнуўся да Чубара, зноў звязаў з ім сённяшні пажар у Паддубішчы. Але ў душы ўжо не было ранейшага абурэння гэтым Чубаравым учынкам, нават звычайнага асуджэння і то не ўзнікла. Чамусьці больш думалася пра тое, што Чубар цяпер сядзіць недзе пустэльнікам у Мамонаўцы і чакае яго, Зазыбу, калі ён злітуецца ды выбера часу з’ездзіць у Машавую. Хоць Зазыба тады наперад гаварыў, што спярша давядзецца ўсё-такі ехаць у Белую Гліну, бо такі загад, аднак тым не менш усярэдзіне было адчуванне вінаватасці. Дзіва, але яшчэ ўчора, шукаючы апраўданне свайму рашэнню, Зазыба нават і дапусціць не мог, што сёння адчуе гэтак сябе. Здаецца, нічога асаблівага не здарылася б, калі б Зазыба ўрэшце і адмовіўся ехаць у гэтую Белую Гліну, бо ці мала якую прычыну можна прыдумаць, напрыклад, хваробу. Вунь жа Парфён Вяршкоў... Але падумаўшы так, Зазыба раптам сарамліва спахапіўся, бо не простай хітрасцю тлумачылася сённяшняя Парфёнава адсутнасць. Вяршкоў сапраўды вельмі захварэў!..

«Трэба наведаць Парфёна, а то што ж атрымліваецца!..»

Не ведаў Зазыба, што Вяршкова ўжо не было на гэтым свеце...

Дзіва, але з гэтай хвіліны ўсё, што Зазыба думаў, і ўсё, што адчуваў, ужо не было такім значным, як ранейшае.

На вочы па дарозе трапляла ўсё, што мела неспакойныя абрысы альбо хоць якім чынам варушылася. За мелкім пагонам, дзе стаяла ўжо, няйначай, адна дажджавая вада, якую адразу змяшаў з гразёю абоз, праехаўшы ўздоўж па ім коламі і пратупаўшы капытамі, пачыналіся дымчатыя зараснікі чароту. Трохі далей, паміж лесам і Топкай гарой, дзе звычайна верамейкаўцы ставілі ў касавіцу стромыя стагі, каб пасля перавезці сена на санях у вёску зімняй дарогай, узвышаліся дубы. Іх было там усяго некалькі, можа, дзесятак ці меней, аднак стаялі яны блізка адзін ад другога, да таго ж, на фоне хвойнага лесу, таму за кіламетр ад іх здавалася воку, што там іх цэлая дуброва. Дубы ўсе былі зімнія, лічы, рэдкая з’ява для тутэйшай зямлі, і людзі іх ашчаджалі, нават не зачапілі тады, калі дзялілі тут былы панскі луг на тры вёскі. Адзяваліся гэтыя дрэвы ў лістоту ў май, недзе ў сярэдніх днях, і абляталі таксама ў май, у тых самых чыслах, толькі на працягу года мянялі колер — ад зялёнага да жоўклага і наадварот. Але дзіўна было, што яны не давалі патомства — як выраслі некалі вось гэткай купкай, так і засталіся адны, усім на пералік, быццам кожны год атрэсвалі з сябе толькі зачаўраныя альбо зусім бясплодныя жалуды. У кожным разе, цэлы век — а ім ужо не менш за сто грукнула кожнаму — пад іхнімі шатамі не вытыркнулася з-пад мурагу ніводнага парастка... Пад гэтымі дубамі здавён узялі сабе за звычай начаваць верамейкаўскія канюхі. Зазыба таксама ў маладыя гады вадзіў сюды бацькавых коней. Дарэчы, адсюль ён пайшоў у вёску і ў тую ноч, калі цыганы ўкралі жарэбку,— праз гэта пасля давялося Зазыбу падавацца да Шчорса.

О, як даўно гэта было!..

У атрадзе, які прыходзіў тады з Унечы ў забяседдзе, былі дзве кулямётныя тачанкі і адна гармата на драўляных, відаць, самаробных колах. Накіроўваючыся сюды, Шчорс меў на мэце ўсяго набраць у сваё войска добраахвотнікаў. Аднак для гарматы нечакана знайшлася баявая справа. Бабінавіцкія эсэры якраз стварылі ў воласці «рэспубліку», якая дзейнічала, як яны гаварылі, «на савецкай платформе», але была «самастойная і незалежная». Павятовай улады ў мястэчку не прызнавалі, а прадстаўнікоў рэўкома, якія прыязджалі з Чэрыкава, арыштоўвалі, трымаючы ў царкоўным сутарэнні. Шчорсаў атрад таксама паспрабавалі не пусціць за Бесядзь, паставілі баявыя заслоны на ўсіх дарогах, якія вялі ў Бабінавічы. Але дарэмна. Даволі было артылерыстам паставіць насупраць Прудка гармату і зрабіць некалькі стрэлаў з яе, як «рэспубліканская армія» разбеглася па дварах. І калі Шчорсаў атрад уступіў у мястэчка, там ужо не было не толькі «рэспублікі», але ніводнага эсэраўскага завадатара — кудысьці жвавенька збеглі ў Чарнігаўшчыну, можа, загадзя напытаўшы сабе прытулак. Сяляне з навакольных вёсак пасля доўга смяяліся з гэтай бабінавіцкай рэспублікі, а местачкоўцаў яшчэ і цяпер часам дражнілі на ўкраінскі манер — «самасційнікамі». Усё гэта Зазыба пабачыў на свае вочы, бо ўжо к таму часу запісаўся ў атрад к Шчорсу і, як былы кулямётчык, ездзіў па вёсках на тачанцы. Ён нават трохі пастрачыў тады з кулямёта, але не цэлячыся: загад быў ад Шчорса адно паўз галовы папалохаць абаронцаў «самастойнай рэспублікі»...