Было відаць, як білася ад унутранай натугі ў Мурача ў адным месцы на патыліцы, туды бліжэй да вуха, жылка, акурат спрабавала прабіцца там дзюбачкай з-пад скуры маленькая жывая істота...
Ніхто Мурача не выпускаў з таго зёрнаўскага лагера, што побач з горадам Сярэдзіна-Буда. Ён сам уцёк. Але каму цяпер пахвалішся гэтым, бо можа адразу дайсці да немцаў, і тым нядоўга будзе арыштаваць яго, зноў пасадзіць за калючы дрот.
У палоне Мурач прабыў усяго дванаццаць дзён.
Новую калону, у якой быў і ён, немцы прыгналі на чыгуначную станцыю Зёрнава пад вечар. Але перад тым як пусціць палонных у лагер, наладзілі кіназдымкі. Спярша акупанты ўзмацнілі канвой — абапал калоны пасталі дужыя аўтаматчыкі, якія пасаскоквалі з двух крытых грузавікоў, што стаялі непадалёк ад варот лагера. На трэці грузавік, у кузаве якога блішчаў лінзамі на трынозе кінаапарат, залез, паставіўшы нагу на металічную прыступку, афіцэр.
— Зараз мы будзем раздаваць вам хлеб! — сказаў ён картава па-руску.
Два другія немцы, што сядзелі на бакавой лаўцы, ускочылі і пачалі прымервацца да кінаапарата, а трэці і сапраўды дастаў аднекуль з-пад ног у сябе буханку хлеба.
Прызнацца, палонныя на нейкі час паверылі ў гэта. Думалася, адна справа — у дарозе, там, калі б і хацеў нават, то ці накарміў столькі народу. А тут — лагер. Няйначай, пры ім працуе ўжо кухня. Можа, нават пякарня... Словам, галодным ды знясіленым дарогай палонным на момант здалося, што пакуты нарэшце скончыліся, прынамсі, хоць галадаць не давядзецца, раз апынуліся на месцы. На кінаапарат мала хто звярнуў увагу, бо ў кузаве мог стаяць проста які-небудзь прыбор, напрыклад, артылерыйская бусоль, а тым больш не падумаў, што гэтая раздача хлеба прыдумана немцамі знарок, каб зняць яе на плёнку і потым паказваць у якасці хронікі ў кінатэатрах рэйха.
Побач з Мурачам стаяў калгаснік з Сібіры, Пятро Самуцін. Некалі ён жыў у Беларусі, дзесьці ля Пухавіч, а ў дваццатым годзе, перад польскім наступленнем, падаўся з малодшым братам і маткай у Сібір, да дзядзькі, які пераехаў туды яшчэ задоўга да рэвалюцыі. Дык гэта сібірскі беларус усю дарогу чамусьці супакойваў Мурача. Здавалася, яго не бянтэжылі нават тыя здзекі, якія чынілі канваіры над палоннымі, а часам і проста выпадкі дзікай расправы — абы згаладалы палонны зрабіў забаронены крок ад дарогі, каб ухапіць на гародзе качан капусты ці бурак, як услед яму грымеў стрэл; адставаў хто-небудзь, знясілены, на недазволеныя некалькі крокаў ад калоны, зноў чуўся стрэл.
— Гэта ўсё таму,— тлумачыў перасяленец, якому чамусьці вельмі хацелася апраўдаць немцаў,— што яны наогул вельмі парадак любяць. Вось дойдзем да месца прызначэння, пабачыш, адразу ўсё іначай стане.
Можа, чалавек у гэтым апраўданні бачыў свой ратунак. Да таго ж у першую імперыялістычную яму ўжо даводзілася сустракацца з немцамі. Кайзераўскія артылерысты тады стаялі ў іхняй вёсцы амаль з год, да таго часу, пакуль у снежні васемнаццатага года ў Германіі не адбылася рэвалюцыя. То былі, як ён казаў, самыя звычайныя людзі. Размяшчаліся яны па сялянскіх хатах і нікому не рабілі нават звычайнай крыўды, не тое што гвалцілі ці рабавалі. Спалі ўпокат на падлозе, пасцяліўшы салому пад бок, і ніколі не патрабавалі, каб гаспадары аддавалі ім свае ложкі. Карміліся кайзераўскія салдаты таксама ледзь не за адным сталом з гаспадарамі, не шкадавалі пачаставаць дзяцей мармеладам, які атрымлівалі ў пасылках з Германіі. Самуцін бегаў тады з хлапчукамі да гармат, што стаялі на вясковым пляцы. Там заўсёды паходжваў вартавы, і дзеці, высунуўшы слюнявыя языкі, дражнілі яго: «Немец-перац, тухлая капуста, з’еў кабылу без хваста і сказаў, што скусна». Вартавы рабіў выгляд, што злуецца, здымаў вінтоўку з пляча, клацаў крывым затворам і пачынаў цэліцца, каб вясковыя падшывальцы разбягаліся ва ўсе бакі...
Але вось афіцэр узяў з рук салдата буханку і кінуў на мурог перад натоўпам палонных. Натоўп скалынуўся, і чалавек дзесяць палонных ірвануліся да буханкі, адпіхваючы, хто мацнейшы ды спрытнейшы, адзін аднаго. Самуцін таксама не стрымаўся. Неўзабаве па мурагу перад грузавіком пакаціўся жывы клубок, які нагадваў драпежную гайню, што шкуматала трапіўшую ёй ахвяру. Тым часам у кузаве, бліскаючы шкельцам, стракатаў кінаапарат. Але спектакля, на які разлічвалі фашысты, не атрымалася. Астатнія ваеннапалонныя не паддаліся спакусе. Усе ўжо зразумелі, што гэта звычайная правакацыя і што невядома, чым яна можа скончыцца. Нават тады, калі з кузава на мурог адна за адной паляцелі яшчэ буханкі хлеба, ніхто нават не зварухнуўся. Перад грузавіком валтузіліся ўсё тыя ж дзесяць чалавек. Афіцэр, які рабіў рэжысуру спектакля, падаў рукою знак спыніць здымку.