— Чаму вы стаіце? — паціснуў ён плячамі.— Вы не захацелі есці?
Палонныя маўчалі.
— Значыць, не хочаце есці? — ужо з вісклівай злосцю крыкнуў афіцэр.
Зноў адказу не было.
Тады афіцэр паспакайнеў і з пагрозлівай усмешкай сказаў:
— Ну што ж, мы пачакаем другую калону. А вам яшчэ не адзін раз прысняцца гэтыя буханкі, бо ў вас быў добры выпадак пакаштаваць сапраўднага салдацкага хлеба.
Расчыніліся вароты лагера, і тыя ж дужыя аўтаматчыкі, што змянілі ранейшых канвойных, пачалі заганяць палонных усярэдзіну.
Афіцэр недарма злавесна ўсміхаўся — сапраўды, палонным сніліся пасля тыя буханкі!..
Зёрнаўскі лагер быў, як і належыць, абнесены калючым дротам, з кулямётнымі вышкамі па чатырох кутках. Уранку, калі палонныя прачыналіся ў норах, то нават не жахаліся, што шмат хто з сяброў і знаёмых застаўся ляжаць нерухома: голад рабіў сваю справу. За два тыдні мала хто ўцалеў з тых, што прыйшлі ў адной калоне. Але тут Мурач нечакана сустрэў Бутрыму і пазнаў яго, хоць той і быў вельмі змарнелы і зарослы. Яны прызываліся ў армію разам, з Кручкоўскага гаю, таксама і фарміраваліся ў адной дывізіі, але на фронт трапілі ў розных эшалонах. Мурач раптам ажыў душой — было каму даверыцца, бо думаў ужо ён уцячы з лагера.
Але Бутрыма, у якога хапала сілы ў нагах толькі прайсці з канца ў канец лагер, адмовіўся прыняць удзел ва ўцёках.
Сказаў:
— Бяжы, Сцяпан Канстанцінавіч, адзін. Сам бачыш, які з мяне ўцякач. Ходзяць чуткі, што неўзабаве пачнуць вадзіць нас адсюль на палявыя работы. Тады, можа, неяк ад’ямося — дзе бульбінку патраплю, дзе проста цавінку. Словам, надзею пакуль на жыццё не губляю. А здарыцца, што і праўда вырвешся адсюль, перакажы там жонцы маёй ці сам у Верамейкі наведайся. Скажы, моў, так і так, тут, у Зёрнаве, няхай прыйдзе. І, калі ласка, пашукай другога, раз адзін не рашаешся.
Здаецца, простая справа, але Мурач не стаў шукаць напарніка сабе для ўцёкаў — як кажуць, хоць бяда і адна на ўсіх, аднак усё роўна чужая душа — пацёмкі. Яго ўразіў адзін выпадак, які адбыўся ў лагеры дзён колькі назад. Удзень палонныя звычайна трымаліся бліжэй да агароджы, бо з таго боку часам падыходзілі хлапчукі з чыгуначнай станцыі і навакольных вёсак і ўпотай ад лагернай аховы перакідвалі цераз дрот то акраец хлеба, то вараную бульбіну, то яшчэ якую-небудзь ежу, што мела цвёрдасць і магла ляцець. Уласна, надзеі вялікай, што якраз табе, а не каму іншаму пашанцуе схапіць на ляту хоць маленькі кавалачак, не было, але на тое яна і надзея, каб на нешта спадзявацца. Мурач таксама выйшаў у той дзень на паляванне да агароджы. Там ён і стаў сведкам, як да варот лагера, дзе знутры стаялі вартавыя, нейкі палонны вёў за каўнер другога палоннага.
— Пан,— сказаў вартавому,— гэта камісар!
За каўнер ён трымаў спалоханага чалавека з усходнім абліччам. Ахоўнік замахнуўся цяжкім дубцом, які трымаў у руцэ (такія дубцы ўнутраная ахова насіла пры сабе), і выцяў раптам па карку камісара, а тады бліснуў у паветры дубцом другі раз і зноў выцяў камісара. Можна сабе ўявіць, ці пашкадаваў бы вось такі чалавек, каб хоць няўзнак даведаўся, што нехта збіраецца ўцячы з лагера. Таму Мурач і не стаў шукаць сярод незнаёмых людзей сабе напарніка. Уцякаў адзін, у дажджлівую ноч, калі нават пражэктары, якія ўключаліся на вышках, не маглі асвятляць усю тэрыторыю лагера: дапоўз да агароджы, разгроб рукамі пад калючым дротам зямлю і праціснуўся ў шчыліну. Няйначай, дождж да раніцы змыў сляды і зраўняў тую яму. Ва ўсякім разе, пагоні за сабой на другі дзень Мурач не адчуў. Так і дайшоў, туляючыся, да Бабінавіч. А ў мястэчку сказаў валасному начальству, што яго адпусцілі з лагера самі немцы: паверылі ў валасным упраўленні ці не, а да ведама прынялі. Дык ці мог ён сказаць цяпер іначай і Зазыбу? Тым часам, калі ўжо на тое, яму дужа нялёгка зрабілася ад Зазыбавага запытання — сапраўды, чаму тады не адпусцілі немцы і Бутрыму, чаму аднаму гэтакая прывілея? Разам з тым ён верыў у Зазыбаву прыстойнасць. Няважна, што яны не сустракаліся вось так раней, у савецкі час, але Мурач яшчэ з таго, як настаўнічаў у Бабінавічах, помніў гэтае прозвішча, асабліва па сыну, які да арышту часта друкаваўся ў газетах. На нядаўняй нарадзе ў каменданта, куды ён таксама быў пакліканы, як прадстаўнік мясцовай інтэлігенцыі, Мурач адразу падумаў — няйначай, гэта бацька таго верамейкаўскага паэта. А цяпер вось выпадак звёў іх зноў, і яны нават на адных калёсах едуць.