Выбрать главу

Мусіць, Мурач ўсё ж знайшоў бы ў сабе духу прызнацца Зазыбу, што ніхто яго не адпускаў з лагера, што ён сам уцёк адтуль. Але на гэта быў патрэбны час, ну, хоць бы яшчэ некалькі доўгіх раздумлівых хвілін.

За Гончай дарога пайшла лёгкая, па палявой абочыне бальшака; адразу за канцавымі дварамі выгуляныя коні заварушыліся і самі пабеглі шпарка; зноў затарахцелі падводы, хоць ужо і не так моцна, як нядаўна ў забяседскім лесе. Па левы бок ад бальшака далёка распасціралася поле, на якім сям-там то купкамі, то па адной чорнай чалавечай постаці; бліжэй да вёскі рухаліся палявой дарогай бухматыя вазы, гружаныя не то сенам, не то снапамі — адсюль не пазнаць. Справа таксама ляжала поле, але зусім вузкае, яно ўвесь час горбілася і на краі, акурат абрываючыся, крута спадала к рацэ, за якой тануў у зыбкім марыве лес з яго асмужанай і непрагляднай далячыняй. Хоць Зазыба і сядзеў на гнушцы па гэты, правы бок калёс, адкуль адкрываўся краявід на асмужанае забяседдзе, аднак галаву ён часцей паварочваў наадварот, жадаючы ўбачыць тое, што рабілася цяпер вакол вёскі; Зазыба ўвачавідкі прымерваўся,— маўляў, чым гэтыя дні займаюцца людзі тут і ці так робіцца ўсё, як у Верамейках. Параўноўваючы такім чынам «чужое» са «сваім», ён нібыта шукаў для сябе заспакаення і апраўдання таму, што рабіў сам і што рознымі шляхамі прымушаў рабіць іншых.

Нарэшце Зазыбу стала зусім няёмка, што гэтак доўга вязе чужога чалавека і не гаворыць, няважна, што той сам тады не азваўся. Фармальна Зазыба ўсё яшчэ чакаў ад яго адказу. Таму спытаў так:

— А што, з лагера ўцячы нельга?

Настаўнік крута павярнуўся тварам да яго, загадкава ўсміхнуўся, але адказаў проста і, можа, нечакана для Зазыбы:

— Чаму ж нельга? Я ж вось уцёк! — Пры гэтым ён колькі часу нібы выпрабоўваў Зазыбу, не адводзіў вачэй ад яго, няйначай, жадаючы бачыць, як той паставіўся да гэтакага прызнання.

Зазыба таксама ўсміхнуўся.

— Я адразу падумаў,— сказаў ён,— наўрад ці так было на самай справе, як вы гаварылі спярша. Словам, я не надта паверыў, што немцы выпусцілі з лагера вас.

— Чаму ж?

— Ды так.

— А ўсё-ткі?

— Ну, не паверыў, і ўсё.

— Хіба што,— неяк невыразна паставіўся да Зазыбавай настойлівасці настаўнік.

Тады Зазыба яшчэ спытаў:

— Ну, а раз вы здолелі ўцячы, значыць, і другія могуць?

— У прынцыпе, так,— адказаў Мурач.— Але справа ў тым, што адны ўжо не могуць рашыцца на ўцёкі, проста не маюць фізічных сіл, а другія ўсё роўна як чаго чакаюць. Вось-вось, спадзяюцца, нешта пераменіцца. А я не стаў чакаць. Не стаў пасля таго, як зразумеў, што, няйначай, прападу. Не выжыву. Бо трэба ведаць, якія там, у лагеры, умовы. Я недарма кажу: сапраўднае пекла. Такога здзеку над чалавекам нават уявіць цяжка. Трэба пабыць там, каб ведаць. І вось гэты, увогуле-то вельмі невясёлы, вывад, як ні дзіўна, прыдаў мне сілы. Я рашыў — калі паміраць ужо, то неяк іначай, а не так, як паміраюць у лагеры — з голаду ці ад хваробы.

— Ну, а чаму раптам,— спытаў Зазыба,— у лагерах апынулася столькі народу?

— Звычайна. Дарэчы, вы самі ваявалі калі-небудзь?

— Ваяваў. І ў тую германскую, і на грамадзянскай быў.

— Значыць, павінны ведаць.

— Павінен-то павінен, але не зусім. У германскую я на румынскім фронце ваяваў. І асабліва не помню, каб нас вельмі бралі там у палон. Бывала, канечне, на вайне не без таго, але ж не параўнаеш... Не параўнаеш з тым, што робіцца цяпер.

— Ну, на румынскім фронце, дапусцім,— запярэчыў настаўнік,— румыны ды чэхі самі траплялі ў палон. А вось на другіх франтах... Дарэчы, каб ведалі,— у тую вайну нашых палонных было ў Германіі і Аўстра-Венгрыі ў агульным ліку каля трох мільёнаў.

— Але ж нямала іх было і ў нас, аўстрыйцаў ды немцаў,— раўніва сказаў Зазыба.

— Гэта таксама праўда.

— Ну, а ў грамадзянскую?

— Тады чырвонаармейцаў мала бралі белыя ў палон. Адразу шашкамі, калі што.

— У тым-то і справа. Помню, у дзевятнаццатым у Армавіры нашых тыфозных многа ляжала. А белыя якраз наступалі на горад, дак якая там паніка «была ў шпіталях — нават тыфозныя хворыя баяліся заставацца ў горадзе. Давялося ў горы перавозіць, ратаваць. Таму мне і цікава, як гэта цяпер выходзіць, што адно толькі і чуеш ад баб — і там лагер ваеннапалонных, і там...

— Цяпер немцы і самі раскідваюць лістоўкі, моў, здавайцеся ў палон, будзеце і накормлены, і жыццё ўратуеце.

— Гм,— прытоена ўсміхнуўся Зазыба,— чытаў я, будучы ў Бабінавічах, у іхняй газеце пра гэта. Дак там нават пропуск у палон надрукаваны. Па ўсёй форме. Толькі выраж ды прад’яві. Але я не пра тое. Вы ж адукаваны чалавек, дак ведаеце, белыя таксама не супраць былі, каб мы ўсе пакідалі зброю...