Выбрать главу

Зазыба паціснуў плячамі:

— Мяркуючы па вашым расказе, нямнога.

— Дарэ-э-эмна,— павесялеў настаўнік.— Папрацавалі, як кажуць, мы там няблага. І на тым, і на гэтым беразе Нярусы засталося стаяць нерухома ажно дваццаць танкаў. У часе бою гэта неяк не заўважалася, а пасля, праз некалькі дзён, калі глянулі вакол, дык ажно самі дзіву даліся — аказваецца, і саракапяткі, пакуль іх не патрушчылі танкі, сваю справу зрабілі, і мы, стралкі.

— А штаб дывізіі выйшаў з акружэння? — спытаў Зазыба.

— Не ведаю. Ва ўсякім разе, сярод палонных, здаецца, не было нікога са штаба.