Выбрать главу

— Знаю, што Ленінград немцы не ўзялі. А вось Смаленск яшчэ ў пачатку жніўня, гаварылі, здадзены. Значыць, немцам прамая дарога на Маскву.

— І што тады?

— Усё можа быць.

— Значыць, канец?

— Чаму раптам? — паціснуў плячамі настаўнік.— Нават калі немцы і Маскву возьмуць, вайна на гэтым не скончыцца. У крайнім выпадку, пяройдзе ў партызанскую. Не думаю, што бальшавікі дадуцца проста. Зноў пойдуць у падполле, зноў пачнуць усё нанава. Ці мала гісторыя ведае выпадкаў, калі захопнікаў выганялі нават пасля іхняй перамогі. Увесь народ нялёгка скарыць. Пад чужым ярмом ніхто доўга не захоча жыць. Асабліва цяпер. Да таго ж немцы самі распускаюць чуткі, што наступаць у нас збіраюцца толькі да Урала.

— А тады?

— З усходу прыйдуць японцы. У іх жа — кааліцыя.

— Дак якая розніца для нас — што немец, што японец?

— Для нас-то розніцы няма,— сказаў спакойна настаўнік.— Захопнікі — яны ўсе адным дзёгцем мазаны. Але немцы расказваюць, што за Уралам будзе замірэнне з бальшавікамі, нібыта яны нейкую тэрыторыю збіраюцца пакідаць за хрыбтом для бальшавікоў. А самі павернуць адтуль у Індыю, цераз Каўказ або Сярэднюю Азію. Кажуць, што ў іх са Сталінам дамоўленасць ужо такая ёсць.

— Плёткі! — абурыўся Зазыба.

— Канечне, прапаганда,— кіўнуў галавою настаўнік.— Моў, вы дарэмна, сяляне ды рабочыя, ваюеце з намі, мы толькі бальшавікоў ад вас прагонім, а тады пакінем усіх у спакоі!..

— Ага, і я чытаў пра гэта ў газеце,— пацвердзіў Зазыба.

— Ну, вось, аказваецца, і ў газетах ужо пішуць. Лухта, вядома. Але мяркуючы па тым, як разгортваюцца цяпер падзеі, як немцы паўсюды шалёна наступаюць, наўрад ці ўдасца нашым да зімы што-небудзь зрабіць ім.

— Зноў надзея на мароз? Але ж... мароз страшны больш для крапівы.

Мусіць, у Мурача Зазыбава заўвага выклікала нейкую сваю думку, бо той раптам зарагатаў. Але гэта нядобра ўкалола Зазыбу. Таму ён ажно зазлаваў:

— Што тут смяяцца?

— Ды не, гэта я так,— зніякавеўшы, перастаў у момант рагатаць настаўнік.

— Мяркуючы па вашым настроі,— адвярнуўся Зазыба,— то вы ўжо і сапраўды цалкам пакладаецеся на мароз, мусіць, лічыце, што самі адваяваліся?

— Выходзіць, так,— не стаў апраўдвацца настаўнік, але потым усё ж вінавата сказаў: —Раз аддаў зброю, значыць, ужо не ваяка.

— Ну, а калі раптам справа да таго дойдзе, што бальшавікі, як вы кажаце, пяройдуць на партызанскую вайну? Як тады?

— Ці мала што можна казаць! Урэшце, мы ж з вамі не ведаем, чым распалагаюць яны. Можа, цяпер якраз недзе войскі па ўсёй лініі збіраюць. Ды і Масква яшчэ стаіць. Так што, рана адпяваць, выходзіць!..

— Значыць, якраз час сядзець склаўшы рукі?

— Асабіста я не збіраюся складваць рукі,— неяк новым тонам, упарта сказаў на гэта настаўнік.— Справы заўсёды чалавеку знойдуцца. Даеду вось з вамі да Белай Гліны, пасля пешкі пайду ў Бялынкавічы. Мяне прызначылі туды настаўнікам, на ранейшае месца.

— Будзеце памагаць устанаўліваць новы парадак, як гаворыць камендант?

— Новы ці стары, аднак народ доўга ў цемнаце заставацца не павінен, а то некалі дойдзе да таго, што зусім ніхто не адрозніць новага парадку ад старога. Акрамя таго, усё роўна ж дзяцей трэба вучыць. Ды і не сам я да настаўніцтва свайго дадумаўся. Вы ж былі на нарадзе ў каменданта, значыць, чулі. Школы будуць дзейнічаць, як і раней. Праўда, сёлета вучоба пачынаецца пазней.

— Але чаму ў тых школах мусяць навучаць?

— Таксама ж, нябось, чулі... Урэшце, калі ўжо на тое!.. Калі мяне аднаго папракаеце!.. Вось вы самі едзеце ў Белую Гліну мост адбудоўваць, які знішчылі, адступаючы, чырвоныя. Гэта ж таксама дапамога немцам. Чаму тады вы не адмовіцеся?

— Ну, мост — адна справа,— памаўчаўшы трохі, цяжка разважыў Зазыба,— а вучыць дзяцей — зусім іншае. Мост сёння ёсць, а заўтра яго можа і не быць. А вось чалавек... Яго як навучыш аднойчы, так і думаць будзе ўвесь час, панясе тыя вашы веды з сабой скрозь усё жыццё.

— Таму немцы і збіраюцца адкрываць школы, каб...

— А вы памагаеце! — не даў дагаварыць настаўніку Зазыба.

Тады настаўнік крута павярнуўся, прыжмурыў вочы і сказаў, усё роўна як страціўшы цярпенне:

— Вось я размаўляю з вамі, хутка гадзіна ўжо, а яшчэ не зразумеў — што вы ад мяне хочаце, чаго дамагаецеся. І тое вам не так, і гэта. Урэшце, вы пытаецеся, я адказваю. Адказваю так, як разумею што ці хацеў бы разумець. Плёткі? Дык я і сам прызнаю, што найбольш гэта адны плёткі. Канечне, мог бы і памаўчаць. Але зноў жа — вы за язык цягнеце, таму і расказваю.— Нарэшце ён ажно засоп ад узбуджанасці.— Ну, а вы самі? Што вы ў такім разе разумнае ў адказ сказалі, калі я адно глупства гаварыў? Нічога. Вам не падабаецца, што збіраюся настаўнічаць? Але што вы параіце, каб я не рабіў гэтага? Ці, можа, вы што-небудзь такое ведаеце, што мне няўцям? Дык гаварыце! Навошта ў хованкі гуляць ды лавіць людзей на словах. Цяпер не тое сказаць хоць каму вельмі проста, абы толькі не сцяміў, з кім справу маеш. Адзін ад цябе аднаго чакае пачуць, другі — наадварот. Таго і глядзі!..