Выбрать главу

Знадворку было чуваць, як бегала вакол хаткі неспакойнае ласяня. Але што мог сказаць яму Чубар?

Між тым, на парог неўзабаве зноў успоўз вуж і лёг там абаранкам, скруціўшыся ў колькі разоў. Блізкая прысутнасць сцішанага чалавека, які толькі і выдаваў сябе тым, што дыхаў, пэўна, зусім не трывожыла яго.

Цяпер Чубар выявіў паўзуна многа пасля, калі нечага глянуў з тапчана праз расчыненыя дзверы ў прыбудову. Але гэты раз ён паставіўся да яго з’яўлення спакойна, без гідлівай утрапёнасці, нават не падумаў, каб нейкім чынам пазбавіцца на ноч непрыемнага суседства.

У Верамейках таксама гэтым часам яшчэ ніхто не спаў, не раўнуючы, можа, дзяцей.

* * *

...Зазыба з Парфёнам Вяршковым паспелі адысціся ад крыніцы тады не лішне далёка, бо спяшацца ўжо не было куды пад канец дня: жытнёвы палетак на схіле верамейкаўскага кургана цяпер меў выгляд нядбайна пастрыжанай аўчыны; праўда, заставалася яшчэ перамераць на палосы і той клін, што паміж Мамонаўкай і Кулігаеўкай, але з жыхарамі абодвух пасёлкаў, якім дастаўся клін — Сідар Раўнягін усё-ткі дамогся свайго, адваяваў у верамейкаўцаў палетак, — была такая дамоўленасць, каб перанесці далейшы падзел на заўтра. Гэта што тычылася грамадскай справы. Але ж пра яе раптам неяк і забылася: тое, што немец нечакана высцебаў верамейкаўскага паліцая, а разам з ім і ягонага прыхвасценя, цяпер скрозь весяліла вяскоўцаў. Парфён Вяршкоў з Зазыбам таксама ўвесь час мелі на ўвеце гэты дзіўны выпадак і ўнутрана ажно свяціліся. Праўда, шкадавалі лася, якога застрэліў Рахім. Але часцей думкі чапляліся за адно.

— Дак, кажаш, свой свайго не пазнаў? — радасна плюскаючы вачамі, круціў галавой Парфён Вяршкоў.

— Як у тым старым жарце, — смяяўся Зазыба.

— Во-во!

— Але ж ці будзе Антон скардзіцца каменданту?

— Яшчэ чаго! Не такі ён дурны!

— Дак і я думаю, што не такі. Але ж цяпер яму хоць ты вочы заклей чым. Бо сечаны паліцай — усё роўна што сечаны пан.

— Але сапраўднае дзіва. Ад немца такога дак ужо ніхто і не чакаў. Бытта чорт лапаю накрыў.

— Нічога, тараватаму мужыку таксама навука патрэбна.

— Дак ета так, ета што чыя душа прымае.

— Словам, нездарма кажуць — век пражыў, а розуму не нажыў. Так гэта і Мікіта наш.

— Але ж гавораць і па-другому — вучыцца таксама не варта спяшацца.

— Ну але! Добра вучыць разумнага. Але ж гэты шаленец немец! Адкуль ён наскочыў сюды?

— Праўда, шаленец! Га-га-га! Ну да ладна. Няхай цяпер Брава-Жыватоўскі на свой хвост пабрэша.

— Няхай. Я не супраць. Я, Парфён, за тое, каб дурны з дурным заўсёды сварыўся, а разумны з разумным цешыўся.

— Хвала ўсявышняму, што з астатнімі ўсё абышлося. Здаецца, немцы паехалі далей. Мусіць, у Гутцы начаваць збіраюцца, калі іншага чаго ў галаве не маюць.

Але Парфён як сурочыў — раптам усе ўбачылі, што сярод немцаў на гуцянскай дарозе зрабілася неспакойна: спярша спынілася калона, а тады ва ўсе бакі паскакалі коннікі.

— Чаго гэта яны? — сцепануўся Зазыба.

— Няйначай, перадумалі, — цмокнуў языком Парфён Вяршкоў: у голасе было расчараванне.

А Зазыбу за адзін міг нібы ў гарачку кінула — штосьці здарылася!..

Тым часам мала хто звяртаў увагу на адзінокага каня з пустым сядлом, што трухаў уніз па гуцянскай дарозе.

Спацелы коннік падляцеў таксама па папары да Зазыбы з Вяршковым, разлучыў іх, адціснуўшы адзін ад аднаго буланым канём. Ён нешта залапатаў на сваёй мове, яўна пагражаючы, і стаў паказваць плёткай у бок гуцянскай дарогі, куды ўжо зганялі адусюль другіх верамейкаўцаў, якія за гэты час не паспелі далёка адысціся ад крыніцы.

— Што здарылася? — гукнуў уголас Зазыба, калі і яны з Парфёнам Вяршковым нарэшце апынуліся пад канвоем сярод натоўпу.

Яму не адказалі: ужо гурчаў блізка знаёмы «Хорх», і верамейкаўцы, палохаючыся, расступаліся на абочыны, вызваляючы дарогу.

Невядомасць тачыла ўсім сэрцы.

Дзіва, але Драніца таксама стаяў у натоўпе — ужо, няйначай, лічыў за лепшае трымацца ў баку ад Брава-Жыватоўскага. Ведаў, бэстыя, што б’юць іншы раз не толькі за тое, што перакруціў, але можа не менш, калі нават не больш, папасці і за тое, што недакруціў.