Выбрать главу

Тым часам Брава-Жыватоўскі хоць і пабіты, але быў без усялякае хітрасці сярод немцаў. Ды і службу паказваў шчыра — то наўздзіў скоранька, не зважаючы на сваю грузнасць, аббягаў верамейкаўцаў, нібыта баяўся, што тыя не захочуць стаяць на месцы, то спяшаўся зноў да немцаў, усё роўна як дзеля таго, каб папытацца ў іх, атрымаць новае даручэнне, а найбольш затрымліваўся ўсё каля аднаго, які, мусіць, і быў за камандзіра — немец гэты на свой малы рост выглядаў надта затоўстым для спрытнага конніка і меў шырокі твар з вялікім носам, што выступаў ледзь не з сярэдзіны лоба.

Не хацеў заставацца без справы ў гэтай сітуацыі і татарын Рахім. Мала разумеючы, што трэба рабіць, ён тым не менш рухамі сваімі, паводзінамі нагадваў здурнелага сабаку, які ганяў на полі, ад пячуркі да пячуркі, мышэй.

Зазыба чуў, як прыглушана гаманілі вакол верамейкаўцы, найбольш кабеты, бо дзецюкі, здаецца, стаялі ў натоўпе моўчкі, але па ўсіх — і па мужчынах, і па жанках — было відно, што ранейшага страху, ранейшай утрапёнасці, якія валодалі сялянамі яшчэ зусім нядаўна, на сухадоле, цяпер не адчувалася, прынамсі, нічога такога па тварах вяскоўцаў Зазыба не прыкмеціў, быццам пасля здарэння ля крыніцы тыя не верылі, што нешта наогул можа пагражаць ім.

Начадзіўшы, бронеаўтамабіль нарэшце праехаў праз расколаты на дзве часткі натоўп і, не спыняючыся тут, пакаціўся з горкі да расчыненых коўрат.

Аказваецца, конныя немцы толькі і чакалі гэтага. Адразу загопалі на сёдлах, замахалі плёткамі.

— Шыбчэй, шыбчэй! — пачаў падганяць верамейкаўцаў Брава-Жыватоўскі.

Ужо на падыходзе к коўратам да Зазыбы ў натоўп праціснуўся Драніца.

— Дзяніс, як тэй таго...

— Што?

— Дак... — Драніца выразна шукаў моманту злавіць Зазыбаў позірк.

— Што тут здарылася ў вас? — спытаўся Зазыба.

— Дак... Конь іхні, як тэй таго, прыбег адзін з вёскі.

— Ну і што?

— Як што? Можа, хто наш, як тэй таго, прыстукнуў...

— Глупства, — сказаў упэўнена Зазыба. — Нашы ўсе былі разам. Сам жа ведаеш.

— Дак, як тэй таго...

— А ў цябе, нябось, і жылкі трымцяць? Ай ужо не спадзяешся на сябрука?

— На Жыватоўшчыка, як тэй таго? Але ж вунь як стараецца!

— Ну што ж, — спакойна сказаў на гэта Зазыба, — не хацела сабачая лапка ляжаць на лаўцы, дык трапіць некалі пад лаўку.

— Ну да, як тэй таго, — акурат не паверыў у Зазыбаву алегорыю Драніца, — Антон заўсёды сухі з вады выйдзе. Для яго ўсё роўна — ці чорнае, ці белае.

— Як бы не так, — усміхнуўся Зазыба, праганяючы з твару зацятасць. — Ты ж сам некалі ў кампаніі любіў прыгаворваць: прыйдзе коза да воза, а мы ёй пужкі. Помніш?

— Дак, як тэй таго...

— От бачыш, тыц-мыц і няма чаго гаварыць. А ўсё таму, што навуку позна пазнаеш.

Драніца цыўкнуў вачамі, сказаў, быццам заплакаўшы:

— Дак без мукі ж, як тэй таго, няма і навукі. Але што з намі будзе? Куды нас вядуць?

— Сам жа бачыш, у вёску. А, урэшце, пацікаўся ў свайго сябрука, тады і мне дакладна скажаш.

— Дак...

Зазыба пашукаў у натоўпе Парфёна Вяршкова.

— Чуў, што гавораць? — спытаўся ён цераз голавы.

— Чуў, — адказаў Вяршкоў, прабіраючыся бліжэй.

— Але я нешта не веру. Пры чым тут конь? Мы ж усе былі разам!

— Дак і я прыкідваў ужо. Выходзіць, так.

— А там... Словам, трэба, Парфён, глядзець, каб не прымусілі нас кроіць дзіравыя порткі.

Сонца заходзіла за лес чыстае. Зачапіўшыся за макушы дрэў над возерам, яно ўжо роўна дагарала там.

Раптам на дарогу, амаль пад ногі верамейкаўцам, выскачыў з бульбовых разорын сабака. То была Хрупчыкава лайка, і яе ўсе пазналі — з закручаным у абаранак хвастом, з чырвоным языком, які заўсёды хадзіў у яе зяпе ходырам, нават у самы холад. Сабака Хрупчыкаў увогуле быў бяскрыўднай жывёлінай, ён мала калі заставаўся ў вёсцы, а то ўсё бегаў безгалосы вакол, ганяў кагосьці ўдоўж і ўпоперак па засеяных палях. Ва ўсякім выпадку ні звягі, ні агрэсіўнасці яго ў Верамейках ніхто не помніў. А тут ціхоня нечакана вякнуў, быццам з пераляку, на знаёмых людзей, адскочыў на абочыну і тут жа кінуўся да канвойнага, што ехаў па правы бок, цаляючы ўчапіцца зубамі за звешаную нагу ў стрэмі. Пры гэтым ён гучна гаўкаў, лёгка, проста мячыкам, падскокваў угору, ажно конь пад седаком захваляваўся не на жарты, пачаў касабочыць, спатыкацца ды падавацца назад.

— Сіланці, — устрывожыўся хтосьці ў натоўпе, — памані ты, далібог, сабаку свайго, а то...

Але Хрупчык у адказ і слова не паспеў вымавіць — канвойны амаль у адно імгненне сарваў з сябе карабін, што вісеў за спіной накрыж, і, нават не клацнуўшы затворам, стрэліў у раз’ятранага сабаку, які адразу тыцнуўся пысай у замуравелы прыдарожны дзірван, закалаціўся ў сутаргах, быццам хапянуў з хлебнай прынадай хуткадзеючай атруты.