Выбрать главу

Тым часам афіцэры — і жандарскі, і той, кавалерыйскі, — скончылі перамову і тады абодва падышлі да юродзівага. Здавалася, яны загавораць з ім. Аднак жандар павярнуўся да натоўпу, спытаў на адлегласці:

— Хто ведае гэтага чалавека?

Але на верамейкаўцаў раптам таксама быццам замарачэнне найшло. Ніхто не адказаў, усё роўна як людзі не зразумелі, чаго цяпер ад іх хацеў гэты немец з голасам то ўкрадлівым, то строгім, нават грозным. Да таго ж, ніхто не верыў, што Ціма наогул здольны на забойства.

— Значыць, не ведаеце? — зларадна ўсміхнуўся жандар. — Тады я скажу. Гэта пераапрануты чырвонаармеец. І гэта ён забіў у вашай вёсцы нашага салдата. Па закону ваеннага часу вы таксама нясеце адказнасць за забойства, таму што адбылося яно ў тыле нашай арміі, у вашай вёсцы. Вы хавалі ў сябе гэтага чырвонаармейца!

Трываць далей ужо нельга было.

— Мы ведаем гэтага чалавека!

Амаль з сярэдзіны натоўпу выбіраўся на край Парфён Вяршкоў.

— Мы знаем яго! — загаманілі тады наперабой і другія мужыкі.

Але жандарскі афіцэр глядзеў ужо на аднаго Парфёна Вяршкова.

— Ніякі ён не чырвонаармеец, — ужо амаль злосна сказаў Парфён. — Ета Ціма з Прудкоў. Ён не ў сабе, разумееце, пан афіцэр?

— Што значыць — не ў сабе? — быццам зніякавеў ад Парфёнавай настойлівасці жандар.

— А тое, што ён хворы, — паглядзеў проста ў вочы фашысту Вяршкоў.

— Чым хворы?

— На галаву хворы!

— Ідыёт?

— Так, дурны.

Афіцэр кінуў няверлівы позірк на Брава-Жыватоўскага. Той здалёк пакруціў каля скроні пальцам.

Мусіць, жандар такога павароту ў справе зусім не чакаў. Раптам у яго задрыжаў падбародак — не, ён не засмяяўся, каб хоць гэтак выйсці з недарэчнага становішча; проста яму нарэшце ўсё-ткі здрадзіла яго паказная ўраўнаважанасць. І ён закрычаў на Парфёна Вяршкова ў шаленстве:

— Туды! Станавіся туды! Станавіся побач з гэтым вашым ідыётам!

Але жандара вывела з раўнавагі не толькі тое, што чалавек, якога злавілі салдаты ў нечым двары, аказаўся ўсяго звычайным вясковым ідыётам. Найбольш яго прывяло ў шаленства свядомае і спакойнае заступніцтва вось гэтага пажылога селяніна з упэўненым позіркам у вачах, дзе не было не толькі страху, а нават і знаку на малейшае падлашчванне.

Да таго ж, на жандары ляжала адказнасць высветліць галоўнае — куды падзеўся салдат вермахта? Не загасцяваў жа ён, урэшце, у кумы!

Між тым, станавілася відавочным таксама, што пошукі нічога не даюць, нягледзячы, што ў вёсцы ўжо мала што не перавернута дагары.

Парфён Вяршкоў не стаў чакаць, пакуль яго падштурхнуць карабінам к штакетніку, сам падышоў да Цімы і стаў па левае плячо.

Жандар таксама прымусіў сябе зрушыць з месца, зрабіць некалькі крокаў па пляцу. Патрэба ў гэтым была, каб супакоіцца. Ужо на чацвёртым ці цятым кроку ў разгарачаную галаву яго чамусьці прыйшла старая прымаўка: «Ман шлегт дэн закт, дэн эзель мейнт ман»3. Прымаўку гэтую часта паўтараў адзін яго таварыш, таксама недавучаны студэнт (іх прызвалі ў палявую жандармерыю з юрыдычнага факультэта), але сам ён, калі гаварыць шчыра, да канца не мог ахапіць яе розумам: адзін раз тлумачыў так, другі іначай. Затое цяпер здалося, што сэнс нарэшце дайшоў да яго, прынамсі, дастасоўна да гэтага выпадку.

Адчуўшы, што зноў здольны паводзіць сябе спакойна, жандар павярнуўся да асуджаных. Адзін з іх, той, што быў злоўлены ў вёсцы, сапраўды меў твар ідыёта, жандару нават дзіўна стала, як ён не зразумеў гэтага раней, з самага пачатку, ужо хоць бы па вачах, зусім адсутных, і па вялікай, занадта вялікай для нармальнага чалавека галаве. А вось другі!.. Гэты пры іншых акалічнасцях не мог бы не выклікаць захаплення нават у сапраўднага арыйца: зграбная пастава (нягледзячы на немалыя гады), сівая галава на жылаватай шыі, спакойныя рысы пачырванелага твару і гэтыя ледзь-ледзь прыўзнятыя бровы, з-пад якіх трохі скоса глядзелі глыбокія цёмныя вочы. Якраз вочы і выдавалі ў ім чалавека моцнага духам і багатага розумам. Аднак жандар не мог дазволіць сабе захапляцца!..

«Небст гефанген, небст геханген»4 — вырашыў ён.

Момант — і салдатам была аддадзена каманда стаць паміж натоўпам і асуджанымі.

Але сёння нібыта і праўда над верамейкаўцамі лунала літасць.

Раптам пачуўся конскі скач, і ўсе ўбачылі, як на пляцы каля жандара асадзіў буланага каня нямецкі кавалерыст. Нахіліўшыся з сядла, ён шапнуў нешта жандару. Той адразу ж павярнуў запытальны позірк да кавалерыйскага афіцэра, які ўвесь гэты час стаяў крокі за чатыры збоч, і, здавалася, безуважна да ўсяго. Прынамсі, ніякай актыўнасці ён пакуль не выяўляў.