Нетаропка, нават вяла Шпакевіч пачаў расказваць, як апынуўся па той бок фронту і як пасля выходзіў разам з Халадзілавым і Чубарам сюды па адрэзанай немцамі тэрыторыі.
— І ўсё-такі я дзіўлюся, — перабіў яго старшы лейтэнант, — чаму вы дасюль радавы?
— Я ж казаў, не збіраўся доўга служыць.
— Ну, гэта ў мірны час. А цяпер?
— Дык, здаецца ж, не да званняў пакуль было. Ваюю ўвесь час.
— Ваюеш! — строга сказаў старшы лейтэнант. — А тут камандных кадраў не хапае. Каму як не табе ўзводам, нават ротай, камандаваць? Якая адукацыя?
— Сем класаў.
— Ну вось, а ў другіх добра калі царкоўнапрыхадская... Не, у дэзерцірах доўга хадзіць мы табе не дазволім.
— Які ж я дэзерцір?
Але асабіст усё роўна як не пачуў яго.
— Ну няхай на абавязковай, там яшчэ куды ні ішло. А цяпер... Сорамна, таварыш Шпакевіч, сорамна! Я вось зараз паперу напішу. Суправаджальную. — Ён выдраў з тоўстага блакнота аркуш, пачаў хутка накідваць літары. — Вось, — склаў ён аркуш, — пойдзеш у Аўчынец, гэта блізка адсюль, кіламетры паўтара, даложышся, як падабае. Туды нядаўна пайшла сфарміраваная намі рота... з такіх вось, як ты. Там якраз і спатрэбішся. Улічы, камандзір роты мой добры знаёмы. Так што пасылаю цябе амаль па яго просьбе. А ў далейшым, калі нічога не здарыцца, то май на ўвазе — у нас тут, у аддзеле, таксама работы хапае.
— Але ж мне трэба свой полк шукаць, — узмаліўся Шпакевіч. — Павінен далажыць, што заданне мы з Халадзілавым выканалі.
— Рабі так, як загадана! — не стаў слухаць старшы лейтэнант. — Дзе твой Халадзілаў?
— Чакае, каб зайсці сюды.
— Канечне, яго толькі тут і не хапала. Не, таварыш Шпакевіч, бяры свайго падначаленага і топай у роту да Зімавога. Урэшце, сам адказвай за свайго Халадзілава. А то і праўда, кубікі пахаваў у кішэнь і прытвараешся ўжо каторы год.
— Ды не хаваў я іх! Проста...
— Ясна, што проста.
Але не паспеў Шпакевіч апынуцца ля варот, як у небе над адрынай спікіраваў нямецкі самалёт. Дзіва, але да той хвіліны, пакуль не зароў ён над галовамі, ніхто не пачуў нават гуку, усё роўна як фашыст падкраўся знянацку. Самалёт не застрачыў з кулямёта, не стрэліў з гарматы. Ён толькі скінуў на адрыну бомбу. Адну-адзіную. Але яна не пацэліла ў адрыну. Разарвалася метраў за дваццаць ад яе, раскалоўшы напалам таўшчэзную сасну, якая адна стаяла на колішнім лядзе.
Здавалася, апрача расколатай сасны, скінутая бомба нікога больш не зачапіла, не знайшла сабе іншай ахвяры. Больш таго, было падобна, што яна не паспела напалохаць чырвонаармейцаў, якія яшчэ з начы стаялі і сядзелі вакол адрыны. Ва ўсякім разе так думаў Шпакевіч, калі пасля выбуху выскачыў за вароты. Але тое, што ён убачыў у наступны момант, прымусіла скалануцца. Халадзілаў, яго Халадзілаў, ляжаў ля варот на баку, і са скроні, прабітай асколкам, цякла кроў.
Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі!..
Невядома, лепшы чалавек з усіх добрых людзей быў Халадзілаў ці не, аднак смерць яго перажываў Шпакевіч моцна. Здаецца, большай страты нават і ўявіць нельга было ў жыцці.
Напаткаў Халадзілава Шпакевіч у пачатку ліпеня, калі 55-я стралковая дывізія пасля баёў у раёне Слуцка нарэшце спынілася на даўкамплектаванне. У лясным лагеры за шэсць кіламетраў ад Чачэрска палкі 55-й папаўняліся адразу і за кошт вайсковага рэзерву, і за кошт мабілізаваных праз мясцовыя ваенкаматы, і за кошт чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адбіліся ад сваіх часцей. Дзеля гэтага прадстаўнікі розных службаў дывізіі гойсалі па наваколлі, накіроўваючы ў лагер тых, хто трапляўся на шляху і каго можна было завярнуць з дарогі. Уласна, там, у Чачэрскім лесе, адбывалася амаль тое ж, што назіралася цяпер на гэтым абараняльным рубяжы, можа, толькі з той невялікай розніцай, што тады справу гэтую ад пачатку да канца рабілі вайсковыя штабы... У адзін такі мітуслівы дзень Шпакевіч вярнуўся ў лясны лагер к позняму абеду — яго браў з сабой у паездку ў якасці байца-ахоўніка афіцэр са штаба артылерыі, і яны дапялі на грузавой машыне ажно да Доўска. Шукалі згублены артдывізіён сваёй жа дывізіі. Дарога выйшла цяжкая, наогул, у франтавых умовах дарогі заўсёды нялёгкія, асабліва ў час адступлення. Артдывізіёна яны не знайшлі: можа, той адыходзіў на ўсход па якой іншай дарозе.