Выбрать главу

— Загадана ўзарваць мост, — далажыў ён памочніку начальніка штаба артылерыі.

— Калі? — адняў ад вуха тэлефонную трубку счарнелы камандзір.

— Як толькі наблізяцца танкі. Загадана не пусціць іх на той бок.

— Ну што ж, — нявесела ўсміхнуўся памочнік начальніка штаба, — дзейнічай. Раз мы сваімі сродкамі не можам стрымаць танкі, дзейнічай ты.

— Падпалкоўнік Тэр-Гаспаран загадаў...

Але побач выбухнуў снарад, і Шпакевіч, які ляжаў за кулямётам, не пачуў у яго грымоце далейшых слоў.

Тым часам сапёр перагаварыў пра ўсё з памочнікам начальніка штаба артылерыі і, сядаючы, прыхінуўся спіной да сцяны свірана, якраз наўскасок ад Шпакевіча.

— Глянь, знаёмы! — пазнаў Шпакевіч Халадзілава і неяк ажно ўзрадаваўся, мусіць, усцешаны тым, што чалавек не аціраўся па тылах за ракой, а таксама сунуўся ў пекла...

Халадзілаў у адказ адно змоўшчыцкі плюснуў вокам.

— Што гэта ў цябе, патэфон? — кінуў на скрыню ў брызентавым чахле Шпакевіч.

— Адгадаў — патэфон.

— Мусіць, у гарнізонным клубе прыхапіў?

— Таксама адгадаў.

— А чаму без зброі?

— Навошта яна мне? Я ўсё больш пад крылцам. Убачу, дзе кулямёт стаіць, туды і сігаю. А вось не прападу: ёсць каму і прыкрыць і засланіць.

— Многа ты разумееш! Ды толькі я стрэлю са свайго кулямёта, як тут жа снарады змяшаюць усё вакол. Кулямёт — гэта першая мішэнь для ворага. Артылерысты толькі і палююць за імі.

— Што ж, ты артылерыст — табе і відней, — махнуў рукою схільны да жартаўлівай размовы сапёр, у якой цяжка было адрозніць сур’ёзнае ад несур’ёзнага.

Зноў разарваўся паблізу снарад, ажно здалося, што пачала спаўзаць бокам страха са свірана.

Хоць Шпакевічу пакуль і не было занятку, бо ён меў загад усяго толькі ахоўваць назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі і адкрываць агонь з кулямёта тады, калі будзе пагражаць блізкая небяспека, але размову з Халадзілавым больш не аднаўляў.

К вечару таго дня назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі быў перанесены бліжэй да ракі, а к раніцы наступнага дня і зусім зрабіўся непатрэбны: Чэрыкаў занялі немцы.

Між тым, Шпакевіч нечакана стаў сапёрам. Прыняўшы ўдзел ва ўзрыве моста цераз Сож, ён так і пайшоў з Халадзілавым у сапёрную роту, бо нехта сказаў яму, што штабная батарэя лейтэнанта Макарава таксама перастала існаваць.

Разам з Халадзілавым у канцы ліпеня і ў пачатку жніўня Шпакевіч узрываў масты і на Сене, што недалёка ад Пільні, і на Лабжанцы ў Клімавіцкім раёне, каля Лазовіцы, і на Сураве, што з таго боку Забялышана. Апошні мост яны ліквідавалі на Дзяражні, адкуль і прыйшлі сюды па нямецкіх тылах, на гэты абараняльны рубеж...

Узрываючы масты на рэках і падоўгу застаючыся разам, яны паспелі шмат чаго перагаварыць. Шпакевіч усё ведаў пра Халадзілава, а Халадзілаў пра Шпакевіча. Хоць Шпакевіч гадамі і быў старэйшы, аднак гэтая розніца ва ўзросце не адчувалася...

«Эх, Халадзілаў, Халадзілаў!» — часта засмучаўся цяпер Шпакевіч, усё роўна як той вінаваты быў у сваёй смерці.

Дзіва, але Халадзілаў сам лічыў, што яму наканавана загінуць. І не таму, што напісана было на раду.

Нават у апошнюю ноч, якую яны правялі разам, ужо тут, у лесе каля адрыны, Халадзілаў таксама загаварыў пра гэта.

Як і многія іншыя чырвонаармейцы, што трапілі на зборны пункт, яны абначыліся пад яловымі шатамі, лёгшы проста на зямлю і накрыўшыся адным шынялём, бо Шпакевіч у Пёкліне аддаў свой Чубару. Хоць абодва і былі змораны дарогай, але сон да іх не ішоў доўга.

Зусім блізка, крокі за чатыры ад іх, хтосьці бубніў у цемнаце малітву «Ойча наш». Дзіўна чуць было яе тут, між людзей, якія за два месяцы адступлення пазабываліся нават, што побач з апраметнай бывае рай. Няйначай, то маліўся нейкі набожны селянін, якога вайна адарвала ад сям’і і дому. Ад малітвы раптам зрабілася чамусьці ажно вусцішна ў абодвух — і ў Шпакевіча, і ў Халадзілава — на душы. Але вось нарэшце чалавек вымавіў апошняе перад «амінам» «яка жэ твае есць царства і сіла і слава ва векі», і тады Халадзілаў неяк зларадна сказаў:

— От жа моліцца. Відаць, спадзяецца, што ўсявышні выбера з усіх яго, праявіць сваю літасць. — Паляжаў трохі, пасля яшчэ сказаў, але ўжо без жорсткасці ў голасе, раздумліва: — Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі. А я жыву яшчэ. Значыць, не лепшы!..

Шпакевіч усміхнуўся сабе ў цемнаце:

— Шкадуеш, што цэлы?

— Не, я гэта к слову. Але з гэтай вайны мала надзеі выйсці жывым. Ну, а меркаваць пра нас, мёртвых, будуць пасля тыя, хто ўцалее.