Выбрать главу

Зазыба не даў бы веры іншым разам, што можна страчваць раптам адчуванне самога сябе, сваёй фізічнай важкасці, а тут нібыта ўзяў хто ды выняў з яго ўсё жывое нутро, якім ён дагэтуль адчуваў навакольны свет. Нават скура, асабліва на твары, зрабілася акурат струпянелай альбо змерзлай. Адзін мозг разумеў усё і здольны быў рэагаваць. І гэтым мозгам Зазыба нарэшце вельмі выразна зразумеў, што дамоў вярнуўся сын, адзін іхні з Марфай сын, якога зусім і не марыў дачакацца, нягледзячы нават на вайну, на ваенны час, які звычайна суправаджаецца невытлумачанымі акалічнасцямі, незвычайнымі выпадкамі і самымі, як кажуць, вялікімі нечаканасцямі. Масей таксама пазнаў бацьку, пачаў уставаць. І тады Зазыба ўнутранай сілаю, якая невядома адкуль вярнулася да яго, выбавіў сябе з поўнай здранцвеласці, кінуўся, не, хутчэй паваліўся, нібыта з перабітымі нагамі, адным перадам на Масея, абдымаючы рукамі за шыю. Сын стаяў у той жа нязручнай паставе, напаўабарота і трохі падаўшыся наперад, і Зазыба неўзабаве схамянуўся, што той можа не ўтрымацца на нагах ад гэтай нязручнасці, але не знаходзіў сілы разамкнуць рукі на сынавай шыі, адарвацца ад яго і хоць бы самому трывала стаць на ганку. Твары іх былі прыціснуты шчака аб шчаку. Яны не цалаваліся і не абменьваліся ні шэптам, ні голасам, толькі моўчкі пагойдваліся, быццам у адчаі, з боку на бок, адчуваючы вуснамі, як з вачэй цякуць у абодвух салёныя слёзы. О, гэтыя салёныя мужчынскія слёзы!.. Нарэшце Зазыба сабраўся з сіламі і адпусціў сына, паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі ў арбітах свае заплюшчаныя, мокрыя вочы, мусіць, спрабуючы гэтым спыніць слёзы, тады ступіў на ніжнюю прыступку ганка.

— Сядай, сын, — хрыпла сказаў ён, зусім забываючы, што таго найперш трэба весці ў хату.

Масей паслухмяна ўкленчыў побач.

— Чаму ж дасюль не пастукаўся?

— Баяўся будзіць вас. Як мама?

— Нічога. Жывая. Во і не ведае яшчэ, што гэта ты.