Выбрать главу

Зазыба сціснуў ад непраходзячай радасці галаву рукамі.

— А я чую, быццам нехта ўзышоў на двор з гарода. Дай, думаю, зірну. Адкуль жа ты, сынку?

— Потым, бацька, потым.

— Ну, то і праўда, пачакаем, — згадзіўся Зазыба, зразумеўшы, што сыну таксама нялёгка даецца сустрэча.

— А як вы тут?

— Сам пабачыш, раз ужо прыйшоў. Вайна от!..

— Так, вайна.

— Але што я цябе трымаю на ганку? Хадзем, сынку, у хату, хадзем да маці.

Зазыба адчуў нарэшце, што да яго паступова вяртаецца ранейшая здольнасць валодаць сабой. Разам з тым, ён зразумеў раптам і тое, што непрыкметна, але неадолена бярэ ў ім сваё старасць. Вядома, цяперашнюю слабасць сваю ён мог яшчэ растлумачыць, напрыклад, хваробай, якая пачалася па дарозе з Арлоўшчыны і потым выпетрала яго як мае быць. Аднак...

Зазыба паспрабаваў падняцца вышэй на прыступку, ды не адразу здолеў — пад каленкамі ногі паздрадніцку трымцелі, не хацелі выпроствацца, усё роўна як іх звяла сутарга і ўсё не адпускала. Тады Зазыба зноў на момант дакрануўся задам да ганка. Масей, мусіць, зразумеў бацькавы пакуты, сказаў амаль летуценна:

— Пасядзім, бацька, яшчэ трохі! Хораша ў вас тут!

— Маці ж чакае...

— А яна не спіць?

— Прачнулася, як выходзіў я.

— Тады пойдзем, тата.

— Ага, сынку...

Яны пабраліся за плечы і так, беражна падтрымліваючы адзін аднаго, пачалі ўзыходзіць па сходках на ганак.

Марфа адразу пачула, што вяртаецца гаспадар у хату не адзін. Але сынава раптоўнае з’яўленне яна перажыла куды спакайней, чым бацька. Яна толькі хваравіта войкнула, угадаўшы сынаў голас, а тады хуценька, акурат з горкі, каўзанула на тапчан і ўжо ў наступны момант была ў Масеевых абдымках — ён не даў ёй нават стаць нагамі на падлогу, перахапіў на краі тапчана. Калі Зазыба сабраўся ды запаліў святло ў лямпе, маці з сынам сядзелі абое на тапчане і не зводзілі адзін з другога шчаслівых вачэй.

«Чыста дзеці!» — таксама ў радасці параўнаў Зазыба.

Ён раптам убачыў, што ў іх аднолькавыя вочы — і ў маці, і ў сына, такія ж цёмныя, як вішнёвыя; і бровы мелі адзін і той жа злом над знешнімі куточкамі вачэй. Гэта адкрыццё нечага ажно здзівіла Зазыбу, бо дасюль ён лічыў, што Масей цалкам падобны на яго, бацьку, што ў ягоным абліччы нават і ў знаку не было нічога матчынага. Выходзіла ж наадварот. Цяпер Зазыба ў сынавым абліччы знаходзіў чамусьці больш матчынага, чым свайго, усё роўна як Масей увесь час рос і выхоўваўся далёка ад дому, і Зазыба не бачыў яго даўно, яшчэ з малых гадоў, таму прапусціў гэтую перамену ў падабенстве.

— А дзіця-я-ятка маё-ё, — як забедавала нарэшце Марфа. — Адку-у-уль жа ты ўзя-я-яўся? Як сне-е-ег на галаву звалі-і-і-ўся? А я ж цябе толькі што ў сне-е-е ба-а-ачыла!..

— Сціхні-тка на хвіліну, — папрасіў яе Зазыба і звярнуўся да Масея. — Ты вось што скажы мне, сынку, — будзем з тваім прыходам хараніцца ад людзей ці не? Можа, вокны трэба занавесіць? Можа, не кожны павінен ведаць, што ты вярнуўся?

— Што ўжо хавацца!.. — нават не адвярнуў галавы ад маці Масей. — Ды і дакуль хавацца? Усё роўна доўга не нахаваешся!

Здалося пры гэтым, што Масей адказваў залішне абыякава, нават у голасе чулася прыкрасць, быццам нездаволены быў бацькавым запытаннем.

— Ну, глядзі, сын!..

Пакуль сын з бацькам перамаўляліся, Марфа на гэты час акурат стаіла ў сабе дыханне, бо выгляд у яе сапраўды быў нейкі надзьмута-сцішаны. Але, як толькі Зазыба вымавіў апошнія словы, яна адразу ажыла, загаманіла зноў, па-ранейшаму звяртаючыся да аднаго сына. Было ў яе захапленні, у яе дарослай гамонцы штосьці зусім бездапаможнае, усё роўна як дзіцячае — хоць ты і праўда падумай, што гэта сустрэліся пасля доўгай разлукі не маці з сынам, а малодшая сястра з братам.

— Дак я бацьку во хацела расказаць пра сон, а цяпер й ты, — ласкава тузанула яна Масея. — Раскажу зараз табе. — Яна больш не расцягвала слоў, гаварыла звычайна, толькі часам збівалася, быццам усё яшчэ ад той радасці, якая была ў ёй. — Дак бачу я...

Зазыба паблажліва ўсміхнуўся, маўляў, вось прывязалася старая са сваім сном!.. А ў душы яго, між тым, крадком варухнулася штосьці падобнае на зайздрасць, быццам ён стаў раптам лішні ў хаце, быццам гэта ўжо была не агульная іхняя радасць, што вярнуўся сын, а толькі матчына...

— Матка наша цяпер самая адгадчыца сноў, — не мяняючыся ў твары, сказаў сыну Зазыба, але яўна дражнячы жонку. — Нават нікуды не ходзіць. Сама разгадвае. Адзін раз дык галаву была адурыла — крычала нейкая курыца пеўнем, дый годзе!..

— Дак то ж не сон быў, а павер’е, — не дала гаварыць яму далей Марфа. — І не к таму тады курыца пела. Я казала, што будзе... — Але схамянулася, не стала перадаваць даўнюю размову паміж імі, каб не сапсаваць сыну настрой. — А сон дак і напраўду выйшаў! Прыйшоў мой Масей. Значыць, сон правільны быў, раз усё спраўдзілася.