Выбрать главу

Ці то ад скрухі, якая агарнула душу, ці то проста ад бруду, што закарэў на целе, Масей, зусім не заўважаючы таго, зрабіў рукою звыклы рух пад адзенне і зацята стаў шкрабаць па рэбрах. Маці, якая насцярожліва, нават з болем у душы, чакала, калі нарэшце зноў загавораць у ранейшым радасным тоне яе мужчыны, убачыла гэта, сказала ўсцешліва:

— Нічога, сынок, зараз во дзень настане, тады вытапім лазню табе, папарышся...

— А навошта дня чакаць? — быццам прабудзіўся ў гэты момант Зазыба, няйначай, узрадаваны, што знаходзіўся занятак не ў хаце і што ўжо не трэба будзе пакутліва сядзець на ўслоне. — Цяпер от і займуся лазняй. Усё роўна ж не спім. Дзе гэта мае анучы, маці? Падай, абгарну ногі ды пайду. Сапраўды, навошта нам чакаць дня?

* * *

Хвілін праз колькі Зазыба ўжо стаяў пад дашкам на сваім высокім ганку, прыбудаваным да сенцаў з боку завулка, дыхаў начным водарам. З хаты сюды не даляталі галасы, і таму ён не чуў, як Марфа гаварыла сыну:

— Ты, сынок, бацьку таксама спагадай. Яму нялёгка цяпер, ой нялёгка! Здаецца, раней дак і не надта каб прыставала ўсё да яго. Але гэтыя гады, як не было цябе, — сама найгорш. Мы ж нават не ведалі, дзе ты і што з табой. Сказалі яму ў райвоне, што засудзілі цябе, ну, мы й паніклі адразу. Ета ж трэба, каб у такога заслужанага бацькі да такі сын вырас, ажно не кожнаму верылася, што мог ты што-небудзь супроць уласці зрабіць. Але скажу табе... Ну, як я сама думала, ета дзесятае дзела. У маткі заўсёды сваё ў галаве і ў душы. Яе ніхто не пераканае, раз яна не верыць сама. Дык я кажу, бацька твой... Ён таксама не паверыў, што б ты недзе там нешта якое супроць уласці.

— І правільна рабіў, што не верыў, — упэўнена, быццам з нейкім дакорам, сказаў на гэта Масей.

— Праўда, ён усё маўчаў, — кіўнула маці, — але ж ад мяне не схаваешся. Я па вачах убачу і то ўжо буду ведаць. Дак, бывала, прыйдзе ета дамоў ён, сядзе хоць дзе і думае. А тута неўзабаве яшчэ і са старшыні знялі. Таксама, гаварылі, праз цябе. Не, сынок, нялёгка яму было. Але цяпер, кажысь, дык і саўсім цяжэй стала. Вайна ета, скажу табе, таксама вялікім цяжарам легла на яго. Усё ён душой хварэе, бядуе ды хвалюецца. Іншы раз глядзіш на яго і падумаеш — ну ці ж ты вінаваты, што ўбіваешся? Ці ж ты вінаваты ў тым, што немец наступае?..

З тае хвіліны, як Зазыба ўбачыў на двары сына, мінула не дужа багата часу, але месяц паспеў схавацца, і вёска была ўжо атулена цемнатой. Праўда, на небе па-ранейшаму блішчалі зоркі. Іх нават цяпер быццам пабольшала, прынамсі, свяцілі яны ярчэй, здаецца, ужо не чужым, нерухомым святлом, якое адбівалася ад іх, а сваім, трапяткім і зыркім. Гэтае сваё святло перашкаджала і на зямлі зрабіцца цемнаце зусім густой, пра якую кажуць — хоць вока выкалі. У кожным разе Зазыба пэўна ўжо згледзеў бы ў цяперашняй цемнаце чалавека ў сваім завулку, каб той наўдаку стаяў дзе альбо заварушыўся.

Святло гарэла толькі ў Зазыбавай хаце. Выплёскваючыся вонкі праз два акны, яно коса, палосамі высвечвала шэрую дарогу і на тым баку яе, коўзаючыся і ламаючыся, дасягала абшаляваных будынкаў Прыбытковага двара.

Як фронт стаяў на Сажы, то амаль заўсёды чуваць было ягонае дыханне — раптам то сполахі на небе зайграюць, то кананада ўзбунтуе цішыню, а часам тое і другое разам. Цяпер фронту зусім не адчувалася: як адкаціўся далей, хоць на самой справе перадавая праходзіла ў міжрэччы Дзясны і Іпуці, кіламетраў за семдзесят ад Верамеек, проста забяседдзе трапіла ў так званую зону цішыні, калі нават самыя моцныя гукі цалкам губляюцца ў прасторы, бо гукавыя хвалі спярша коса ідуць угору, а потым вяртаюцца на зямлю ўжо далёка ад стрэлу ці выбуху. Аднак ніхто не бачыў сёння і бліскавіц, што паласавалі неба, напрыклад, яшчэ ўчора, акурат недзе там гуляў сухавей і дагрызаў у дубровах арэхі.

Сыходзячы з ганка, Зазыба нібыта міжволі кінуў позірк у крайняе акно сваёй хаты. Масей па-ранейшаму заставаўся за сталом, толькі не сутуліўся больш і не абапіраўся на локцях — сядзеў прытулены спіной да сцяны, а галава яго пахіснулася да левага пляча. Няйначай, Масей ужо спаў. Марфы Зазыба ў пярэдняй хаце не ўбачыў, можа, яна сапраўды збірала на другой палавіне сыну пасцель. Зазыба прыпыніў позірк на сцішаным, акурат распластаным, Масею, зноў падумаў, як і тады, хвілін колькі назад у хаце, што ім сапраўды будзе цяжка разам, здаецца, няхай бы ўжо і не вяртаўся Масей дамоў, раз незаконна.