З гэтага свайго наведвання Зазыба добра помніў, як ужо на другі дзень пасля прыезду ў Верамейкі падаўся са сваім мандатам у Бялынкавічы, да вайсковага камісара таварыша Алейнікава. Браў ён туды і малога Масея...
Але зноў Масей!..
Акурат схапіўшыся, Зазыба ўтапіў у шайку, поўную гарачай вады, бярозавы венік, і ўзяўся заліваць карцом вуголле ў печы. У твар адразу патыхнула гарачынёй і попелам, адно Зазыба засланіўся сагнутай у локці свабоднай рукой. Нарэшце Зазыба адставіў ад сябе карэц, пасядзеў трохі на дыбачках перад печкай, чакаючы, што недзе ў сярэдзіне яе блісне незаліты вугельчык. Але дарэмна. Тады Зазыба другі раз сёння падмёў у лазні падлогу, агледзеўся — здаецца, можна было ісці клікаць сына.
Быў досвітак.
Хоць Зазыба наперад і не разлічваў, аднак лазню падрыхтаваў акурат, быццам па сталай дамоўленасці, адно прачынайся пасля начы ды ідзі мыйся.
Зазыба ўвайшоў у сваю хату, апусціўся стомлена на ўслон. Ад яго ціхага шуму зварухнулася, як закапашылася, на тапчане Марфа, — яна ўсё-ткі прыкархнула пад самае ранне, бо не вытрымала глухой цішыні, якая ўсталявалася ў хаце, злашча, боязна было разбудзіць няўрокам сына. Бадай, вось гэтае, апошняе меркаванне і прывяло да яе насцярожаны сон.
— Ты б цішэй хоць, а то... — занепакоілася яна.
— Нічога, — гучна, зусім не сцішваючы голасу, адмахнуўся ад яе папярэджання Зазыба. — Лазня ж гатова!
— А яму цяпер, можа, і не патрэбна наша лазня, — зноў шэптам сказала Марфа.
— Ну, трэба — не трэба, а я кажу, што гатова, — здаецца, яшчэ гучней сказаў Зазыба, усё роўна як прыйшоў з далёкай дарогі і заспеў дома непарадак.
Цяпер ужо не мог не расплюшчыць вачэй і Масей, як бы ён моцна ні спаў. Аднак прачнуўся спакойна, гэтак людзі звычайна прачынаюцца альбо на кароткі час, маўляў, вось гляну толькі вакол, а тады зноў засну, альбо тыя, хто прывучаны да ўнутранай насцярожанасці, калі трэба ўвесь час заставацца пільным і не лішне выдаваць сваю прысутнасць.
Зазыба ўбачыў, што Масей прачнуўся, нават узрадаваўся, што не трэба будзе тармасіць за плечы ды шкадаваць.
— Кажу, лазня гатова, сын! — паведаміў і яму Зазыба.
— Ужо? — нібыта здзівіўся Масей.
— Дак ранне ж, — лагодна сказала з тапчана маці.
— А можа, ты перадумаў, — спытаўся Зазыба, — можа, дарэмна тапілі?
— Наадварот!
— Тады будзем збірацца. Давай-тка нам, маці, чыстую бялізну.
Масей лёгка, рыўком адхінуўся ад сцяны і так жа лёгка адвёў назад сагнутыя ў локцях рукі.
— Дарэмна праспаў, — пашкадаваў ён. — Трэба было спаліць там, у лазні, усё гэта. — І паказаў на куртку, таксама на штаны, пашытыя ці то з таннага сукна, ці з пафарбаванай зрэбніны.
Зазыба ў адказ усміхнуўся, сказаў:
— Агонь можна будзе развесці зноў. Спаліш, раз ужо табе хочацца зрабіць так. Тым больш што касцюм твой у нас захаваўся.
— Дак ляжыць твой касцюм! — узрадавана сказала і Марфа. — Збераглі!