— Я цябе папару сам, — сказаў, зайшоўшы ў апарню, бацька. Ён змачыў з карца ўвесь асінавы палок, пасунуў бліжэй к сцяне драўлянае вядро з халоднай вадой. — Кладзіся! — загадаў сыну.
Памагаючы сабе рукамі, Масей забраўся на палок і лёг трохі наўскасок, галавой у самы кут. Але бацьку не спадабалася гэта. Камлём веніка той адразу даў адчуць сыну, каб павярнуўся больш на сярэдзіну, выставіў падэшвамі к печцы ногі. Масей прыўзняўся на руках, перанёс цела на другое месца. Тады бацька зусім зухавата, акурат напаказ, узмахнуў пад самай столлю венікам і, дробна-дробна патрэсваючы, пачаў апускаць яго над распластаным сынавым целам, потным, але яшчэ не чырвоным.
Чым ніжэй апускаўся венік, тым мацней Масей адчуваў спіной апякаючую гарачыню яго. Здавалася, яна дыхала, асядаючы са столі. Лежачы на жываце, Масей чакаў, што бацька пачне секчы венікам адразу, аднак той не спяшаўся рабіць гэтага, ён яшчэ пранёс — і таксама дробна патрэсваючы — венік уздоўж цела, ад самых пятак да патыліцы, і толькі затым хваснуў з працягам па правай лапатцы. Наогул Масей дарэмна напружваўся: у бацькавых ударах нічога балючага не было, добра распаранае бярозавае вецце мякка сцёбала па спіне, па ягадзіцах, па лытках, пры гэтым нават тушыла сухую гарачыню.
Шлёп-шлёп-шлёп... Плясь-плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
І чым мацней бацька аходжваў яго венікам, тым болей сыну хацелася, каб ён рабіў гэта: ва ўсім няўходжаным, брудным целе вырастаў нейкі нясцерпны сверб, а пад скурай варушыўся халадок.
— Ну як, сын? — перахопліваючы левай рукой венік, гарэзліва спытаў Зазыба.
— Цярплю-ю-ю, — амаль філасофскі выгукнуў з-пад сябе Масей.
Тады бацька здаволена кіўнуў галавой і па-ранейшаму гарэзліва сказаў:
— Гэта яшчэ што? Гэта яшчэ так сабе! А вось зараз як паддамо трохі, тады і праўда давядзецца табе пацярпець!
Ён намацаў побач з вядром карэц, зачэрпнуў вады ім і апрастаў увесь на печку. Цяпер каменне не трашчала і не разрывалася, аднак пара адтуль адразу як выбухнула ўгору, пругка ўдарыла ў столь, распаўсюджваючыся пякучымі хвалямі над палком.
— У-у-уф-ф! — звыкла выдыхнуў Зазыба і зноў, усё роўна як нанава пачынаючы ўсё, стаў дробна патрэсваць венікам.
Шлёп-шлёп, шлёп-шлёп... Плясь-плясь, плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
— А спераду я сам, — раптам нібыта ўзмаліўся Масей.
— Што ж, паспрабуй, — лёгка згадзіўся Зазыба, але перад тым як выпусціць з рук венік, паклаў яго яшчэ пад каленкі сыну, па самае сухажылле.
— Ну, от, — нарэшце ўсклікнуў бацька, кінуў на край палка венік і, згінаючыся ў плячах, вываліўся ў прылазнік.
Масей крутануўся на мокрых асінавых дошках, якія хоць знізу ратавалі яго ад гарачыні, звесіў уніз ногі. Але доўга парыцца самастойна не здолеў. І не таму, што зрабілася зусім горача сядзець на палку. І, вядома, не таму, што вельмі часта даводзілася апускаць руку, у якой трымаў венік, у халодную ваду, каб не дазволіць апёкаў. Справа ў тым, што праходзіла ўжо тая зацятасць, ад якой, здавалася, не будзе спакою ні душы, ні целу. Наперакор сабе, Масей пратрымаўся без бацькі на палку хвілін колькі, тады адкінуў убок, быццам непатрэбную рэч, венік і рынуўся ў прылазнік, гатовы выбіць галавой дзверы.
— У-у-уф-ф! — пераймаючы бацьку, выдыхнуў ён за парогам: з сіняга цела зрабілася малінава-чырвоным.
Зазыба таксама з падкрэсленай цікавасцю каўзануўся вачмі па ім, спытаў з добрай усмешкай, у якой усё-ткі адчулася трохі і паблажлівасці, — не быў бы ён бацька!
— Ну, як яно?
— Уф!
— Абмый во твар, вада ў шайцы, — прапанаваў бацька, — ды кладзіся на падлогу, аддыхацца трэба. — І, убачыўшы, што сын нібыта асцерагаецца, пачаў супакойваць: — Не бойся, не забрудзішся і не застудзішся. Маснічыны тут шчытна падагнаны. Я нават летась яшчэ раз клінам падціскаў кожную. І загавальня добра абкопана. Так што не прадзьме сыспаду. Кладзіся. А хочаш, дык я цябе і вадой абдам. Праўда, доктар Каласоўскі казаў, што гэта шкодна, нібыта скура нанава закрываецца ад халоднай вады і не дыхае. Але дзед твой не страшыўся. Заўсёды пасля парыльні тут вось, у прылазніку, абліваўся халоднай вадой. А зімой — дык і зусім у снег цаляў. Бывала, ужо нямоглага выведзеш з лазні, а ён так і наравіць з парога нырнуць у сумёт. Знарок шчыт ставілі з шалёвак, каб сумёт паўза сцяну надзімала. Ну дык як, абліць?
Масей адмоўна пахітаў галавой.
— Дзед! — амаль летуценна сказаў ён. — Што дзеду?
— Тады кладзіся проста, — пацягнуў яго за руку Зазыба.
Спярша Масей укленчыў на падлозе побач з бацькам, а ўжо затым дапаў грудзьмі да маснічын.