Выбрать главу

Можна ўявіць сабе, чым здалася яму размова разумных людзей? Вось ён і выклаў яе па свайму разуменню, няйначай палічыўшы сябе большым патрыётам, чым кожны з нас.

— Ну, а следства? Няўжо следства не магло разабрацца?

— Вось у тым жа і загадка часу! Я ж недарэмна кажу, што нібыта сляпы снежны ком з гары каціўся. Аказваецца, абы данос паступіў. А той ужо, як след, зачароўваў усіх.

Масей раптам пачаў кашляць, чамусьці ажно да гідлівасці ў жываце. Зазыба дакрануўся да яго рукой:

— Ты не хвалюйся, сын!

— Я ўжо даўно не хвалююся з гэтай прычыны, — нарэшце пракашляўся Масей. — Усярэдзіне ў мяне — горка і пуста.

— Але ж горыч таксама ачышчае чалавека.

— Чым?

— Сваёй гаркатой.

— Але ж яе замнога ў людзей. Толькі цяпер яна разбаўлена другімі якасцямі, урэшце, у час вайны іначай і быць не можа. Разбаўлена, але не знішчана.

— Нічога, усё мінецца, сын. Горыч — яна таксама абуджае ў чалавеку новае веданне жыцця. Вось толькі з вызваленнем тваім трохі не так выйшла. Таму я ўспомніў адразу пра армію — гэта якраз самы выхад з твайго становішча быў. Нездарма ж кажуць, — пераможцаў не судзяць.

— Думаеш, я сам не разумею, у які капкан трапіў? — сумна паглядзеў на бацьку Масей.

— Ага, у капкан наогул, хоць у які, няма зайздрасці трапляць, а ў гэтакі, дык і зусім ужо няварта было б.

— Ён усё роўна як забыты. Можа, ніхто ўжо не прыйдзе праверыць яго.

— Нічога, сын, неяк жа будзе!.. Абы за табой не было...

— А што за мной магло быць? — ускінуўся Масей. — Хіба ад цябе я хаваўся б? — Ён зноў пачаў кашляць, хоць і не так надрыўна, як мінулы раз.

Зазыба сказаў:

— Хадзем, сын, яшчэ раз на палок. Пагрэемся. А то і праўда — разлегліся тут. Даўно ў цябе гэты кашаль?

— Было неяк, а тады само прайшло.

— Можа, грудзі?

— Не-не, мусіць, не.

— То і добра. Хадзем. Больш парыць венікам не буду. Пагрэю так.

У лазні ўжо дыхалася вальней, гарачыня амаль не даймала, аднак Зазыба расчыніў на вуліцу і зашклёнае ніжняе акенца.

— Кладзіся зноў на палок, — сказаў ён. — Ды павярніся галавой да печкі. З правай рукі мне зручней будзе.

Пакуль Масей мулка ўкладваўся на асінавых дошках, асцерагаючыся нарабіць сінякоў, Зазыба ўправіўся прынесці з прылазніка вядро з варам, накрытае драўляным вечкам. Паставіўшы вядро на падлогу, ён падняў кінуты Масеем венік, агледзеў яго, каб не тырчалі голыя пруты, тады таплянуў у гарачую ваду.

— Вось аб чым я прасіць цябе мушу, сын, — сказаў раптам ён, кладучы на спіну Масею нанава распараны венік. — Не гавары ты з мужыкамі пра ўсё гэта ў вёсцы. Я разумею, ты цяпер пакрыўджаны. Табе і праўда не соладка. Але павер мне, свайму бацьку, што Савецкая ўлада ў тваёй бядзе не вінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж... не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недагледзелі.

— Дзіўныя ў мяне бацькі, — пацепваючыся скурай ад пякучага бярозавага лісця, горка ўсміхнуўся Масей. — Маці ўвесь час на госпада бога спадзяецца, а бацька — на вышэйшую ўладу!..

— Іначай мне нельга, сын, — тапляючы зноў венік у вядро, крактануў Зазыба. — Бо што я варты сам тады. А ў жыцці ці мала што здараецца. Тым больш калі гэтае жыццё нанава будуеш. Тут і памыліцца не цяжка, не тое што недагледзець. Сам разумееш.

— Вопыту няма — таму рабі што хочаш, набірайся вопыту. Памыляешся? Ну што ж, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Таму рабі памылкі, хутчэй навучышся. Папомніш мяне, бацька, пра гэта яшчэ скажуць, ой, скажуць!

— Я і сам разумею, што скажуць! — незалюбіўшы сынаву зласлівасць, павысіў голас Зазыба. — Бо не раз ужо гаварылі! У калектывізацыю наварочалі лішняга — паправілі, галавакружэнне ад поспеху выйшла. У трыццаць восьмым таксама паправілі. Яжова пакаралі. На пленуме парушэнні асудзілі. Так што...

— Святы чалавек ты ў мяне, бацька, — уздыхнуў Масей. — За гэта я і паважаю цябе. За тваю веру, якая не дае зразумець, дакладней, прызнаць нават самае жахлівае.

— І на тым дзякуй, сын. Другім разам, можа б, і не сказаў, а сёння — прымаю нават пахвалу. Прыемна. Асабліва калі сын хваліць, а ты добра ведаеш, за што ён хваліць.

Гэтыя словы прагучалі для Масея адным часам і як дакор, і як схаваная іронія. Таму ён, сумеўшыся, змоўк.

Бацька таксама не пачынаў нанава гаворкі.

Тапляючы раз-поразу венік у вар, ён патрэсваў яго над сынавай спіной, праносіў уздоўж хрыбціны і кожны раз на момант спыняўся ў якім-небудзь адным месцы, прыціскаў бярозавае вецце да цела. Масею моцна пякло ад гэтых дотыкаў, але ён пакорліва маўчаў, нават не варушыўся, толькі часам пацепваўся скурай.