...Надзеты ва ўсё новае, Масей неўзабаве ступіў на парог у прылазніку, глянуў паперад сябе ў шырокі прасцяг, дзе над гарбатым полем узыходзіла чырвонае сонца, і адчуў раптам, як моцна, нібыта перад самымі маразамі, патыхала палыном.
VI
Баі на абараняльным рубяжы, што перасякаў тульска-арлоўскі тракт, як пачаліся амаль нечакана, быццам знянацку, калі яшчэ не ўсе палкі 284-й дывізіі занялі траншэі перад вялікім супрацьтанкавым ровам, так і спыніліся, дакладней, не спыніліся, проста аціхлі на нейкі час. Уласна, зацятых абараняльных баёў, як гэта мела месца на ранейшых рубяжах, напрыклад, на Дняпры, пасля і на Сажы, тут пакуль наогул не завязалася. Немцы спачатку мелі намер разбурыць новую паласу «абароны рускіх» проста з паветра. Над супрацьтанкавым ровам, над траншэямі і акопамі, што зараней, яшчэ ці не ў канцы ліпеня, былі падрыхтаваны амаль уздоўж усяго абараняльнага рубяжа ў некалькі ліній, ад самага віднага віселі гарбатыя «юнкерсы», сыпалі ўніз, вывальваючы з чэрава бомбы. Бамбёжцы былі падвергнуты таксама ўсе блізкія вёскі, у тым ліку і Пёкліна, лясы і пералескі па левы бок ад супрацьтанкавага рова, на адлегласці трох-чатырох кіламетраў. Нямецкаму камандаванню здавалася, што пасля такой стараннай авіяапрацоўкі дастаткова будзе адразу пусціць танкі, каб прабіць новую, неўстаялую абарону яшчэ да падыходу асноўных, матарызаваных сіл. Але надзеі аказаліся дарэмныя. Задума немцаў была разгадана ў час, і на танканебяспечных напрамках артылерыя паспяхова адбіла варожыя атакі. Тады немцы супакоіліся, рашылі пачакаць свае асноўныя сілы, якія яшчэ рухаліся к фронту. Таму ўсё і аціхла вакол. Разам з тым кончыўся і паток акружэнцаў, што адступалі ад папярэдняга абараняльнага рубяжа. Такім чынам, Шпакевічу таксама нібыта не стала чаго рабіць. Апошняя група байцоў і камандзіраў на гэтым участку перайшла лінію фронту няўдала, якраз то была група, у якой адну ноч у лесе каля Шыраеўкі гасцінна правёў Чубар і вельмі хораша пагаварыў з палкавым камісарам. Але пра гэта Шпакевіч не ведаў. Ды яму і не належала надта пытацца ў акружэнцаў, нават калі б увесь час і рупіла. У перастрэлцы, якая раптам пачалася з абодвух бакоў, загінуў паранены палкавы камісар, якога чырвонаармейцы прынеслі на насілках у траншэю па ўзбалотку ўжо мёртвага... Вядома, сустракаць акружэнцаў, наладжваць праход цераз лінію фронту, было справай надзвычай турботлівай, шмат даводзілася напружвацца і мала спаць, таму Шпакевіч з ахвотай вярнуўся да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў у роце: з самага пачатку яго прызначылі памкамузвода.
Улічваючы, што абараняльны рубеж быў падрыхтаваны зараней, салдатам тут мала даводзілася капацца ў зямлі, адно паправіць калі траншэю пасля бамбёжкі. Ну, а раз не трэба кідаць рыдлёўкай на бруствер зямлю, значыць, і работы, лічы, сапраўднай салдату няма. Таму Шпакевіч дамовіўся з камандзірам узвода, што адлучыцца сёння на нейкі час у Пёклінскі лес, туды, дзе нядаўна размяшчаўся зборны пункт.
— Трэба на магілу адну схадзіць, — сказаў ён, каб і праўда не выглядала гэта звычайнай прагулкай.
Узводны не пярэчыў.
Шпакевіч паклікаў з сабой яшчэ і чырвонаармейца, уральца, які назваўся цесляром. Справа ў тым, што ўвесь гэты час, як знаходзіўся на перадавой, Шпакевічу рупіла дагледзець па-чалавечы магілу Халадзілава.
Хаваў забітага ён сам, але паспешліва, амаль як папала, бо пасля таго налёту было загадана не дэмаскіраваць зборны пункт і, наогул, не надта затрымлівацца каля адрыны, бо на пазіцыях чакаюць пустыя акопы. І вось цяпер Шпакевіча непакоіла, што ён таксама паддаўся спешцы і не зрабіў нават людскай магілы — ледзь паспеў выкапаць ямку, глыбінёй ці не ў звычайны салдацкі акоп для стральбы лежачы.
Пісьмо на радзіму Халадзілава Шпакевіч паслаў раней. Ён правільна разважыў — Халадзілаў быў тут нічыйны, яшчэ не прыпісаны ні да якой часці, таму і паведаміць пра яго смерць афіцыйна не было каму. Значыць, зрабіць гэта належала Шпакевічу. І не толькі па дружбе, але па абавязку, няхай не афіцыйнаму. Адрас Халадзілава ў Шпакевіча быў, ён дастаў яго разам з іншымі дакументамі, якія ляжалі ў кішэні гімнасцёркі. Але што напісаць, якімі словамі апавядаць бацькам пра гібель сына? Спярша яму хацелася расказаць пра ўсё, што наогул можна было прыгадаць з іх сумесных вандраванняў, з іх вайсковай службы — хоць, вядома, якая служба на вайне, на вайне проста салдаты ваююць, а не служаць! — але нават у думках ліст выходзіў доўгі, амаль бясконцы, на яго не хапіла б паперы, таму Шпакевіч пасля разваг напісаў самае простае: маўляў, дарагія бацька і маці (бацька ў Халадзілава з яго ж слоў быў чалавек не старога веку, але інвалід — на плытах некалі па Чусавой застудзіў нагу ды так і не вылечыўся), сёстры і браты, ваш сын і брат Халадзілаў Валянцін Тарасавіч загінуў геройскай смерцю ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за гонар сацыялістычнай айчыны і пахаваны ў лесе, што за паўтара кіламетра на паўночны ўсход ад вёскі Пёкліна... А раптам адтуль, з Уфы, калі і праўда здарыцца, што затрымаецца тут надоўга фронт, прыедуць на магілу?..