Выбрать главу

Дарогі ад перадавой у той Пёклінскі лес было не багата. І Шпакевіч з цесляром хутка ўзяліся за справу: з узаемнай згоды рашылі не пашкадаваць якую гадзіну-другую ды перазахаваць Халадзілава.

Адмераўшы крокаў дзесяць ад першай магілы, Шпакевіч пачаў капаць рыдлёўкай другую, глыбокую і не цесную, тым больш што зямля была пясчаная і дазваляла гэта. Чырвонаармеец тым часам стаў вычэсваць з расколатай сасны надмагільны абеліск, каб пасля выразаць на ім і прозвішча загінуўшага: ён быў з нядаўна мабілізаваных, трапіў сюды, на гэты абараняльны рубеж, з дывізіяй, якая яшчэ не ўдзельнічала ў баях, і таму не бачыў, як хавалі салдат дасюль — абы паспець ды зямлёй прысыпаць, яму хацелася зрабіць усё па-сапраўднаму, зусім без сакрэтнасці, як трэба; Шпакевічу толькі і ўдалося пераканаць яго, што Халадзілаву нельга ставіць крыжа, чырвонаармейцу на магіле належыць мець звужаны кверху гранёны слупок, які завецца абеліскам.

Рабіць справу ім ніхто не замінаў: у адрыне нікога не было, з учарашняга дня яна наогул стаяла пустая, бо і старшы лейтэнант з асобага аддзела, і тыя вайсковыя службы, што займаліся тут пасля так званага «прапускніка» фарміраваннем новых баявых падраздзяленняў, перабраліся непасрэдна ў штабы, дзе ім і належала быць.

Пакідаўшы з паўгадзіны зямлю з ямы, Шпакевіч выпрастаўся — было па грудзі ўжо, абапёрся далонямі на берагі і выкінуў на паверхню ногі, каб перадыхнуць.

Чырвонаармеец убачыў гэта, таксама перастаў ляпаць сякерай.

— Я, канечне, не ведаю, — сказаў ён, сядаючы на пень, — але часта думаю і хачу ўсё спытаць. Займае маю галаву і цярэбіць адна думка. Ад самага пачатку вайны.

— Што ж гэта за думка такая, што вы ўсё не можаце спытаць? — прыязна азваўся Шпакевіч, які ўжо тым часам таксама паспеў сесці сабе на пень, якраз насупраць.

— А вось якая, — салдат зняў з галавы пілотку, паклаў блінам на правае калена; мусіць, яго і праўда даўно цікавіла штосьці, бо ён і цяпер не спяшаўся гаварыць пра тое, быццам узважваў ці прыглядаўся да чалавека, якому збіраўся даверыцца. — Помню, у дзевятнаццатым годзе збіралі для немцаў сухары. Самім есці не было чаго, а немцам збіралі.

— Я малы тады быў, не ведаю, — сказаў на гэта Шпакевіч, усё роўна як паспрабаваў адмежавацца.

— А я помню, хоць таксама не ў вялікіх гадах быў...

— Цікава, колькі вам цяпер? — спытаў Шпакевіч.

— Дык няўжо не відаць?

— Ну... — няпэўна вымавіў Шпакевіч.

— А ўжо багата, — сказаў, каб не рабіць лішняй затрымкі, цясляр. — Як па-нармальнаму, дык у запечку павінен сядзець ці на чаране грэцца. Ну, а па цяперашняй вайне... Але я не пра гэта. Праўда, збіралі для немцаў тады сухары. Гэта я помню. А самім тым часам не было чаго есці. Добра, калі па паўвасьмушцы на дарослага чалавека ў Маскве і Петраградзе прыпадала. Ды і ў іншых гарадах не смачней было. У саміх людзі паміралі з голаду, а чужым сушылі сухары. Казалі, нямецкім рабочым, іхнім дзецям падмога трэба. Моў, пралетарыят не забудзе пасля. Таксама салідарнасць праявіць, калі спатрэбіцца.

— Што ж, правільна, — пацвердзіў Шпакевіч.

— Але гэта яшчэ як паглядзець, — нібыта з дакорам зірнуў на яго чырвонаармеец. — У мяне тады браценнік у Піцеры з голаду памёр. Малы, сапляк яшчэ быў. Але сірата. Ну, і паехаў к дзядзьку, на завод уладкавацца ці так у горадзе прыжыцца. Прыехаў, а дзядзькі няма. Дзядзька недзе ваюе. Я ўжо не помню, з кім тады ў дзевятнаццатым вайна ішла. Але пэўна, што не з немцамі. У іх тады, пісалі, рэспубліка была. Баварская.

— З Юдзенічам, — падказаў Шпакевіч.

— Дык вось я і гавару... браценнік мой... Пабадзяўся бяздомны ды галодны па Петраграду і здырдзіўся недзе на вакзале. Ну, а каб наадварот было, каб не немчык якісьці тыя сухары з’еў, а мой браценнік? А іх з’еў немчык. І, няйначай, цяпер па нас страляе.

— А чаму раптам страляе той, што еў сухары? — паціснуў плячамі Шпакевіч, які нарэшце зразумеў, куды прыйшла гаворка.

— Не абавязкова, канечне, аднак...

— Справа якраз у гэтым вось «аднак»! А чаму не дапусціць, і гэта будзе хутчэй за ўсё так, што немчык той сядзіць цяпер у гітлераўскім канцлагеры? А можа, у падполлі з фашыстамі змагаецца?