Выбрать главу

— Дапусціць, вядома, можна, — зноў тымі ж дакорлівымі вачамі зірнуў на Шпакевіча цясляр. — Ну, канцлагер, канечне, ясна, турма. А што яму рабіць там, у Германіі, у падполлі?

— На заводзе бомбы псаваць, кулі...

— Дзе ж тады яны, тыя псаваныя бомбы? Здаецца, увесь час усе разрываюцца. Як каторая падае на зямлю, то і разрываецца. Ды і кулі сапраўдныя!

— Фронт жа не толькі тут! — усё роўна як абражаны, запярэчыў Шпакевіч. — Фронт жа вялікі! Дык чаму трэба лічыць, што там?..

— Ат, бачу, не варта было пачынаць мне пра гэта? — ужо выразна шкадуючы, паморшчыўся ад прыкрасці пажылы чырвонаармеец. — Думаў бы сабе і думаў, як раней, а так...

— Чаму не варта? — ускінуўся Шпакевіч, а сам у гэты час прыгадаў, як нядаўна вось тут, у адрыне, дапытвалі збітага над абараняльным рубяжом нямецкага лётчыка, які з двухкрылага самалёта раскідваў лістоўкі. «Я — рабочы!» — чамусьці ўсё паўтараў той, быццам меў за гэтым нейкі асаблівы сэнс, быццам шукаў нейкай еднасці з тымі, хто дапытваў яго. Але калі ў яго спытаў цераз перакладчыка старшы лейтэнант з асобага аддзела, чаму ён, рабочы альбо сын рабочага, ды ваюе з рабочымі, палонны адказаў: «Бо вайна!» Тады яму адразу ж другое пытанне паставілі: «А чаму вашы фюрэры наогул пачалі вайну супраць Савецкага Саюза?» Адказ быў блытаны, пэўна, што не зусім прыдуманы, хоць адчувалася, што завучаны, зводзіўся ён да наступнага: маўляў, мы б не прыйшлі сюды, каб вы самі адмянілі савецка-марксісцкі камуністычны лад, прагналі камуністычны інтэрнацыянал за межы краіны; словам, ён разумеў задачу так, што ім, немцам, нічога не заставалася, як толькі з рабочай салідарнасці ўмяшацца ў справы Расіі...

Шпакевіч цяпер разумеў, што з пажылым чалавекам неабходна было пагаварыць абдумана, растлумачыць яму, што тут да чаго, яго памылку, хоць разумеў ён і тое, што не надта проста зрабіць будзе гэта, бо вайна сапраўды моцна парушыла шмат якія ўяўленні, асабліва тыя, што лічыліся дасюль як бы непахіснымі ўжо, аднак прадоўжыць гаворку не далі ім. Раптам на паляну, дзе яны размаўлялі, седзячы адзін супраць аднаго на спілаваных пнях, прыбег запыханы пасыльны, чырвонаармеец з іхняга ўзвода, і яшчэ крокаў за колькі крыкнуў Шпакевічу:

— Узводны загадаў прыбыць вам у размяшчэнне роты!

— Калі?

— Неадкладна.

— А чаму?

— Не ведаю.

— Аднаму ці з ім? — Шпакевіч кіўнуў галавой на пажылога чырвонаармейца, які паспешліва надзяваў пілотку, топчучы яе зверху рукой.

— На гэты конт нічога не сказана!

Шпакевіч з неахвотаю падняўся з пня, пашкроб пальцамі за вухам, усё роўна як расцягваў гэтым час, тады сказаў цесляру:

— Вы вось што... Дарэчы, як вас завуць?

— Тарасам. Тарас Якаўлевіч.

— Яго бацька таксама Тарас, — сказаў Шпакевіч, маючы на ўвазе Халадзілава. — Так што сынам мог быць.

— А малады? — павярнуўся цясляр у той бок, дзе трохі гарбацілася на магіле зямля.

— Студэнт. Таксама любіў пагаварыць. Я нават падумаў — сысціся б вам раней, вось нагаварыліся б адны, можа б, і мне тлумачыць пасля не трэба было. Самі б разабраліся, што да чаго на гэтым узбураным свеце. Але, як кажуць, не лёс. Я вось аб чым папрашу вас, Тарас Якаўлевіч, вы тут ужо не кідайце пачатае справы. Яму я амаль што выкапаў. Засталося толькі падчысціць дно. Ну, а...

— Ладна, камандзір, — узяўся за тапарышча цясляр, — ідзіце ўжо, раз завуць. Нешта ж не так сабе, можа, што здарылася. А без вас не могуць абысціся. Не турбуйцеся. Зраблю тут усё акурат. Я такі, я падвесці хоць каго не магу. Раз трэба, дык трэба!

— А то, можа, пакінуць і яго! — паказаў на пасыльнага Шпакевіч.

— Не, я адзін спраўлюся. Вы скажыце толькі... Прозвішча таварыша свайго забітага скажыце...

— Ах, так. Ледзь не забыў. Халадзілаў. Валянцін Тарасавіч Халадзілаў.

— Запомніў.

— Так і напішыце: «Чырвонаармеец Халадзілаў Валянцін Тарасавіч, загінуў...»

— Кажаце, напісаць? Не, аловак першы ж дождж размые. І знаку ніякага не застанецца. Шкада, што стамескі няма. Ну, ды ладна. Ножыкам паспрабую. Словам, не турбуйцеся, усё зраблю акурат.

Быццам прадчуваючы наперад, што гаворыць з чалавекам апошні раз, а можа, ад звычайнай удзячнасці, якую хацелася паказаць хоць бы чым, Шпакевіч моцна паціснуў чырвонаармейцу руку і хуценька пашыбаваў услед за пасыльным, якому не стаялася на месцы.

Камандзір узвода чакаў яго, таму адразу пачаў ледзь не з парога, хоць ніякай віны за Шпакевічам не бачыў.

— Прыходзіў Зімавы, загадаў расшукаць цябе, нават калі пад зямлёй. Добра, хоць яшчэ не папала.

— А навошта я спатрэбіўся яму? — спытаўся Шпакевіч.

— Каб жа яму! А то некаму ў штабе дывізіі!

Шпакевіч падумаў — зноў кліча старшы лейтэнант з асобага аддзела.